- У неба сёньня дэпрэсія —
Пярэстая,
Як галубы на весьніцах,
На лесьвіцах,
У падстрэшшы
Старым і дзюравым.
Неба ходзіць па бэльках
Сусьветнага даху,
Застылага, засыпанага
Жоўтымі фатаздымкамі
Жоўклага лісьця
Яшчэ з восені. Ды зрэшты
Ужо якую вясну
Не даходзяць (ці не падымаюцца)
Рукі прыбраць
Прыцярушаны лісьцем
Колішніх восеняў дах.
У неба дэпрэсія —
Зрэбная
Кашуля, заношаная
Процьмаю прошлых
І будучых гаспадароў.
Яе выкідаюць на сьметнік,
Рвуць з трэскам у рызьзё,
А яна вяртаецца, пошасьць,
Напамінкам колішняга або
Да болю знаёмымі
Лахманамі на чыіхсьці апушчаных
Плячах.
- У неба дэпрэсія —
Веснавая, як закаханая
Жанчына, што весьціць
Аб сваім каханьні
Сьлязамі і сонечнымі
Промнямі, халадэчай
І воблакам квецені на вішні.
- У неба дэпрэсія —
Нябеская,
Ды што тут скажаш,
Чалавеча.
- травень 2007





