«Quod non fecerunt barbari, fecerunt Barberini» — «што ня здужалі барбары, давершаць Барбэрыні», — змрочна жартавалі жыхары Рыму ў сярэдзіне XVII ст. Барбэрыні — багатая рымская сям’я, зь якой паходзіў тагачасны Папа Урбан VIII. У гэты час Каталіцкая царква ўжо збольшага акрыяла ад шоку, выкліканага выбухам пратэстантызму. Контррэфармацыя, прынамсі, у раманскіх краінах, набірала тэмп. Ватыкану трэба было наноў сьцьвердзіцца, паказаць сьвету сваю адноўленую моц. Дзеля гэтага Папа Урбан VIII вырашыў радыкальна зьмяніць твар Вечнага Гораду. Безьліч старых дамоў пайшлі пад знос. Замест старога Рыму, які памятаў яшчэ часы імпэрыі, дойліды Бэрніні ды Бараміні збудавалі новы горад у стылі барока. Прычым шчыравалі яны, няйначай як канкурэнты ды амаль асабістыя ворагі, намагаючыся як далей пераплюнуць адзін аднаго ў грандыёзнасьці ды вычурнасьці новых гмахаў. І, дарэчы, ніхто нават не зьбіраўся пытацца ў паспалітых рымлянаў, ці даспадобы ім гэтае архітэктурнае спаборніцтва.

З аднаго боку, Папа Урбан VIII паўстае цынічным разбуральнікам старасьвеччыны. Зь іншага боку, гэта не замінае сёньня мільёнам турыстаў з захапленьнем імкнуцца ў Рым, дзе амаль кожны будынак (за выняткам хіба самых старажытных накшталт Калізэю) так ці іначай закрануты хвалямі барочнага цунамі. Дык, можа, няма прынцыповай розьніцы паміж тым, што тварылі рымскія ўлады ў XVII ст., і тым, што твораць беларускія ўлады ў XXI ст., руйнуючы ды адбудоўваючы старыя гарадзкія цэнтры?

Але розьніца ёсьць — кардынальная. Рым перабудоўвалі з пачуцьцём стылю. Менск, Горадню ды іншыя беларускія гарады руйнуюць безгустоўна, пахабна, хаатычна і ў той самы час пасьпешліва, нібыта баязьліва ўцягнуўшы галаву ў плечы: «Хутчэй, хутчэй, абы пранесла». Папа Урбан VIII перакройваў Рым так, нібыта зьбіраўся вечна кіраваць Вечным горадам, а беларускія мэры перабудоўваюць гарады так, нібыта яны зьбіраюцца праз год-другі даць лататы ў эміграцыю. Папа Урбан VIII мусіў мець тонкі мастацкі густ, каб заўважыць у Бэрніні ды Бараміні геніяльных архітэктараў і загрузіць іх замовамі. Іх дзейнасьць перакрочыла межы і зьмяніла аблічча Эўропы — каб не яны, хто ведае, ці паўстала б Віленскае барока. А хто там у нас у Мінкульце ці Мінархітэктуры адказвае за «аблічча рэспублікі»? Яўна не Бэрніні з Бараміні. Ці пакінуць які сьлед у гісторыі ўсе гэтыя паркінгі ды шопінгі? Урбан VIII зьмяніў архітэктурны ансамбль Рыму. У нас гарадзкія архітэктурныя ансамблі папросту зьнішчаюць.

«Але Горадня — ня Рым», — скажа нехта. Ну, гэта яшчэ як паглядзець. У любым выпадку, мэр Горадні Антоненка — дакладна ня Папа Урбан.

Эўропа з эўрарамонтам

Можа скласьціся ўражаньне, нібыта тое, што адбываецца ў Беларусі, ня мае аналягаў у цывілізаванай Эўропе. Але падабенстваў хапае, прычым ня толькі ў мінуўшчыне, а ў сьвежай сучаснасьці — Эўропа і сёньня падае нямала прыкладаў бязглуздых руйнаваньняў ды дрэннага архітэктурнага густу.

Возьмем, напрыклад, Брусэль. З малавядомай сталіцы маленькай краіны ён ператварыўся ў галоўны горад аб’яднанай Эўропы. За гэты падарунак лёсу, аднак, давялося дорага заплаціць. Падчас пабудовы Эўрапейскага кварталу ў Брусэлі руйнавалі цэлыя вуліцы, прымусова адсяляючы жыхароў, забудоўваючы прастору аднастайнымі бэтонна-шклянымі скрынямі. У выніку на плошчы 4 кв. км у цэнтры места паўстала гета для чыноўнікаў, якое пасьля 18.00 ператвараецца ў мёртвы горад. Вуліцы навокал штаб-кватэры Эўракамісіі ўвогуле выглядаюць пэйзажам іншай, непрыдатнай для чалавечага жыцьця, плянэты: бэтон, сталь, люстраное шкло ды дзе-нідзе каржакаватыя дрэўцы-мутанты. Дайшло да таго, што некалькі архітэктараў з розных краінаў стварылі нефармальную групу, якая распрацоўвае альтэрнатыўны плян для Брусэлю, які прадугледжвае знос «каробак» і ператварэньне Эўрапейскага кварталу ў асяродзьдзе, прыязнае да чалавека.

Падобна як і ў Беларусі, на Захадзе ў справу горадабудаўніцтва ўмешваецца бізнэс, які жыве сёньняшнім днём і спадзяваньнем на максымальныя дывідэнты мінімальным коштам. Гэтак, пасьля таго як у Лёндане паўсталі хмарачосы, вельмі многія лёнданцы заўважылі, што гарадзкая лінія далягляду была непапраўна папсаваная. З новага — у Дрэздэне на мінулым тыдні ў багемным раёне Нойштадт (адзіным, які збольшага захаваўся пасьля Другой усясьветнай вайны) моладзь бунтавала супраць разбурэньня старога будынку ды пабудовы на ягоным месцы супэрмаркету. Ды што там Нойштадт — бізнэсоўцы дабраліся і да старой часткі Дрэздэну. Дашчэнту спляжаная бамбардаваньнямі Другой усясьветнай ды ГДРаўскімі ўладамі, яна дагэтуль адбудоўваецца. На свае вочы пару дзён таму бачыў там раскапаныя парэшткі старажытнага фундамэнту. На пытаньне, што тут будзе, прагучаў адказ: офіс кампутарнай фірмы. Мне распавялі, што навабуд ня будзе мець нічога агульнага са старым горадам. Хіба што вокны яго сваёй формай будуць нагадваць вокны Цьвінгеру, шыкоўнага палацавага ансамблю, разьмешчанага па суседзтву.

За прыкладамі сучаснай эўрапейскай архітэктурнай дурасьці далёка хадзіць ня трэба: дастаткова завітаць на кіеўскі Майдан Незалежнасьці, помнік часоў разьвітага «кучмізму». Безгустоўны падземны горад з каскадам шклопакетаў, у цэнтры пляцу — нягеглая клясычная калёна на барочным пастамэнце — карацей, архітэктурны суржык. Неяк давялося пашпацыраваць па ўкраінскай сталіцы з журналістам украінскай «Свабоды» Віталем Панамаровым, знаўцам кіеўскай гісторыі. Ён паскардзіўся: «У Кіеве заўжды былі багатыя людзі. Але чаму раней ім хаця б хапала глузду набываць сабе добрых архітэктараў?» І сапраўды, сваімі густамі нашыя сучасныя мэры ды інвэстары нагадваюць дырэктара калгасу, які прымерваецца, як бы яму танна ды хутка збудаваць для гаспадаркі новы хлеў.

Традыцыі плюс сучаснасьць

«Старыны ня рушыць». Гэты прынцып — найлепшая гарантыя ад памылак у горадабудаўніцтве. Не руйнаваць таго, што ёсьць. А калі ўжо і трэба нешта паднавіць, то зрабіць гэта з выдумкай ды густам. Вось, спляжылі паравы млын у Горадні. Маўляў, каму трэба тая прамысловая развалюха (якая, аднак, выглядала надта трывалай). Між тым, паводле апошняй эўрапейскай моды, старыя прамысловыя будынкі не руйнуюць, а перарабляюць — ці то пад стылёвыя офісы, ці то пад культурныя цэнтры.

У Лёндане звышпапулярны музэй сучаснага мастацтва Tate Modern месьціцца ў будынку былой ЦЭЦ. У Брусэлі агромністыя дэпо былога грузавога вакзалу Gare de Tour et Taxis ператварылі ў выставачныя залі. У Гамбургу інвэстары ажно б’юцца за права скупіць манумэнтальныя склады старога порту, каб перарабіць іх на офісы ды элітныя апартамэнты. Горад пакуль не дае «дабро» гэтым плянам, бо хоча захаваць адмысловы партовы дух. Аднак у раёне докаў ужо будуецца ўльтрасучасная філярмонія, якая мае давершыць ансамбль партовых складоў. У Бэрліне варта завітаць у Kulturbreuerei (раней — бровар), цудоўны культурніцкі комплекс, шалёна папулярны, поўны кавярняў, клюбаў, выставаў ды канцэртаў. Калі ня верыце, спытайцеся ў Лявона Вольскага ды Андрэя Хадановіча — яны там выступалі. У заходненямецкім мястэчку Бохум былая вуглявая шахта Zeche Zollverein ператвораная ў сапраўдны культурны мэгаполіс. На 2010 г. Рурскую вобласьць (у тым ліку Бохум) абралі культурнай сталіцай Эўропы — менавіта дзякуючы таму, што старыя індустрыйныя будынкі былі крэатыўна пераробленыя ў культурніцкія ўстановы.

Каб беларускія гораданачальнікі былі здольныя, як кажуць немцы, паглядзець цераз край уласнай талеркі, дык зразумелі б, якія магчымасьці яны губляюць, пляжачы свае гарады. Па?першае, плошчы ў аўтэнтычных будынках больш прэстыжныя, чым у навабудах (у Эўропе гэта даўно так, мы да гэтага таксама неўзабаве прыйдзем). Ці возьмем, напрыклад, тую ж эўразьвязаўскую праграму «Культурная сталіца Эўропы». Паводле задумы гэтай праграмы, любы горад можа стварыць канцэпцыю сябе як агульнаэўрапейскай культурнай сталіцы і такім чынам патрапіць на штогадовы конкурс. У выпадку перамогі ён атрымлівае вялікія інвэстыцыі, якія дапамагаюць гэтую праграму зьдзейсьніць. Акрамя гэтага, горад атрымлівае агульнаэўрапейскую «рэклямную» раскрутку як культурная сталіца. Што да гэтага нам, ізаляваным беларусам? Справа ў тым, што ўдзел у праграме (на спэцыяльных умовах) прадугледжаны нават для эўрапейскіх гарадоў па-за межамі ЭЗ. То бок тая ж Горадня пры жаданьні магла б прэтэндаваць на частку з тых мільённых інвэстыцыяў. Дарэчы, летась Кіеў амаль атрымаў тое фінансаваньне, але прайграў у фінале Стамбулу, які зробіцца эўрапейскай культурнай сталіцай у 2010 г. разам з Рурскай вобласьцю і вугорскім мястэчкам Пэч. Уcё праз тое, што Кіеў падкрэсьліваў адно сваю гісторыю, а Стамбул здолеў сумясьціць традыцыі і сучаснасьць.

Што замінала мэру Горадні аддаць гэты няшчасны паравы млын Лёніку Тарасэвічу ці іншым мастакам для творчых экспэрымэнтаў? Паў-Польшчы б у Горадні паперабывала, а то й паў-Эўропы. А мо й на тытул культурнай сталіцы калісьці замахнуліся б...

Усе гэтыя прыклады паказваюць, што мае сэнс (у тым ліку камэрцыйны) зь любоўю выкарыстоўваць тое, што маем. Часьцей за ўсё гэта нашмат прасьцей і эфэктыўней, чым будаваць нешта наноў. «А як быць з панэльнымі хрушчоўкамі?» — спытаецеся вы. Дзіва, але нават тут бываюць выключэньні. Возьмем маленечкае мястэчка Вітэнбэрг ва ўсходняй Нямеччыне. Вучні адной з тамтэйшлых школаў, разьмешчаных у стандартным панэльным ГДРаўскім будынку, неяк напісалі ліст аўстрыйскаму архітэктару-авангардысту Фрыдэнсрайху Гундэртвасэру з просьбай зрабіць іх школу больш арыгінальнай. Зацікаўлены праектам, ён бясплатна ператварыў школу ў казачны сюррэалістычны палац, адзін з найбольш значных помнікаў сучаснай архітэктуры ў Нямеччыне. Вось вам і бэтонныя дамы! Усё залежыць ад таго, зь якога боку падысьці.

Эстэтыка як палітыка

Разьмешчаны на сайце nn.by фотарэпартаж Юлі Дарашкевіч з гарадзенскіх вуліц, якія пойдуць пад знос, выклікаў безьліч камэнтароў. Сярод абураных допісаў выбіваецца наступны (пераклад з расейскай): «А па-мойму, дамкі страшнаватыя, і няўжо так трэба чапляцца за мінулае, можа, хрушчоўкі таксама знасіць ня варта? Шкада, я ніколі ня быў у Горадні, можа, проста на фатаграфіях дамы атрымаліся дрэнна? Але, па-мойму, сьмецьце часам трэба прыбіраць, старое добрае правіла: чым не карыстаесься два гады, тое — сьмецьце». Так думаюць вельмі і вельмі многія. А можа, тут няма правых ды вінаватых? Што калі тут проста розьніца ў густах? Магчыма, мы пакепліваем з Нацыянальнай бібліятэкі так сама, як некалі французы — з Эйфэлевай вежы? Можа, і сапраўды беларускія гарады не руйнуюцца, а «прыгажэюць з кожным днём»?

Думаецца, рацыя ўсё-такі на нашым баку, а не на баку «прагматыкаў». Уладзе можна дараваць памылкі ды экстравагантныя паводзіны тады, калі яна робіць іх, ствараючы якасны культурны кантэкст. Але калі ўлада стварае кантэкст, які спрэс складаецца з памылак, гэтаму трэба супраціўляцца. Звонку «пірамідзішча», якую зьбіраюцца будаваць у старым цэнтры Віцебску, нечым нагадвае шкляную піраміду ў парыскім Люўры. Адчуваецца, што беларускія архітэктары ўважліва вывучаюць замежныя паштоўкі. Праўда, не пашкодзіла б насамрэч завітаць у Люўр, тады архітэктары маглі б заўважыць, чаму Франсуа Мітэран дазволіў сабе гэтую маленькую архітэктурную вольнасьць, якая, дарэчы, выклікала ў свой час даволі шмат крытыкі ў Францыі. Шкляная піраміда, якую на замову Франсуа Мітэрана стварыў арітэктар Мінг Пэй, зрабілася фінальнай кропкай у амбітным праекце — ператварэньні Люўру ў самы вялікі музэй сьвету (ягоная плошча была пашыраная ў два разы, з 30 тыс. да 60 тыс. кв. м). Дасягнуўшы гэтага, Франсуа Мітэран выканаў мару Людовіка XIV, і таму заслужыў, каб ягонае імя было зьвязанае зь Люўрам. Фігуральна кажучы, калі вы будуеце шкляную піраміду, то пабудуйце і Люўр. Ці, прынамсі, адбудуйце Мікалаеўскі сабор. Недарэчнасьці робяцца цікавымі акцэнтамі, калі яны дапаўняюць бясспрэчныя шэдэўры, а не тады, калі яны застаюцца «недарэчнасьцю ў сабе». Радзімка на твары Мэрылін Манро робіць яго непаўторным. Радзімка бяз твару Мэрылін Манро — недарэчнасьць. Замест таго каб ствараць твар краіны, беларускія ўлады прапануюць нам у якасьці горадабудаўнічай палітыкі гідкі камяк, які складаецца з такіх вось радзімак.

Нехта лічыць, што гарадзенскія камяніцы непаўторныя, іншы — што яны непрыгожыя. Кожны мае права на свой уласны густ. Але, падабаюцца каму ці не, яны складаюць непаўторную архітэктурную палітру, як той Парыж, дзе «дамы звыродлівыя, але іх ансамбль цудоўны». Руйнуючы старыя дамкі, улады разбураюць характар, душу нашых гарадоў.

Нават асобны будынак ці фрагмэнт банальнай вуліцы можа захоўваць дух цэлай краіны. Гадоў дзесяць таму ў Філядэльфіі, адным з найстарэйшых амэрыканскіх гарадоў, мне, нібы найкаштоўнейшы дыямэнт, паказалі караценькую вулку. Навокал хмарачосы, а тут — малюпасенькія дамкі, адзіныя, якія захаваліся з тых часоў, калі яшчэ ня высах атрамант на Дэклярацыі незалежнасьці ЗША. Так сама ашчадна захоўваюцца і старыя будынкі на высьпе Эліс, у Нью-Ёрку, празь якую праходзілі ўсе эмігранты, якія хацелі трапіць у Новы Сьвет. Менавіта тут, а не сярод хмарачосаў, адчуваеш сапраўдны дух гэтай краіны.

Калі ў спрэчках з прагматыкамі не спрацоўваюць эстэтычныя аргумэнты, застаецца зьвярнуцца да апошняга, які, бадай, насамрэч зьяўляецца самым важным — руйнуючы гарады, улада пагарджае намі, людзьмі. Можна бясконца спрачацца, чый Менск больш прыўкрасны ды густоўны — Сяргея Харэўскага ці мэра Паўлава. Але бясспрэчна тое, што галоўнае слова тут павінна быць за Сяргеем Харэўскім (то бок за кожным паспалітым менчуком і, увогуле, за кожным беларусам), а не за мэрам, ці нейкім бястварым інвэстарам, ці архітэктарам-пражэкцёрам. Улада ня мае права вырашаць за нас, якімі быць нашым гарадам. Вырашаць павінны людзі, найперш праз магчымасьць самім выбіраць мэра, мясцовую ды цэнтральную ўладу і рэальна ўплываць на іх учынкі.

Раз-пораз даводзіцца чуць думку, што змаганьне за нашы гарады — тое, што можа аб’яднаць людзей, ня ўцягваючы іх у палітыку. Не пагаджуся. Змаганьне за гарады — гэта і ёсьць жывая палітыка, змаганьне за права людзьмі звацца, спроба прымусіць уладу слухаць і слухацца нас. Цалкам пераводзячы змаганьне за гарады ў эстэтычную плоскасьць, мы рызыкуем застацца ў меншасьці. Гэта — не праблема густаў. Гэта — праблема дачыненьняў улады і народу: хто для каго?

Алесь Кудрыцкі

Піраміда каля Люўру

«Іншаплянэтны» пэйзаж каля штаб-кватэры Эўракамісіі, разьмешчаны на месцы кварталаў ХІХ стагодзьдзя

Музэй Tate Modern месьціцца ў будынку былой ЦЭЦ

Лёнданскія навабуды

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0