Хрысьціяне ўсіх эвангельскіх цэркваў Беларусі зьедуцца ў сталіцу, каб прасіць зьмякчэньня закону пра свабоду сумленьня.

Пратэстанты, якія ў мінулую нядзелю сабралі каля пяці тысячаў чалавек на супольную малітву ў абарону свабоды сумленьня, не зьбіраюцца спыняцца. Празь дзесяць дзён адбудзецца новае маленьне. На гэты раз яно мае быць яшчэ больш маштабным. На яго зьедуцца вернікі з цэркваў усяе краіны.

Паводле словаў Аляксея Шэіна, актывіста супольнасьці Яна Прадвесьніка, пратэстанты зьбяруцца каля царквы «Ласка Божая», што на Гурскага, 48, у нядзелю, 17 чэрвеня, а 18.00.

Нагадаем, што 3 чэрвеня каля царквы «Божая Ласка» сабраліся каля 5000 эвангельскіх хрысьціянаў. Малітоўны сход быў адказам на ціск уладаў на суполку «Ян Прадвесьнік».

Супольнасьць Яна Хрысьціцеля ня першай папала пад ціск. У царквы «Новае Жыцьцё» адбіраюць будынак.

27 траўня падчас сьвяточнага служэньня быў затрыманы пастар Антон Бокун, абвінавачаны ў правядзеньні несанкцыянаванага служэньня. Пазьней судзьдзя Леанід Ясіновіч аштрафаваў пастара на 20 базавых адзінак (620 тыс. рублеў). 3 чэрвеня Антон Бокун быў затрыманы ізноў і асуджаны на 3 сутак арышту.

6 чэрвеня зь Беларусі быў дэпартаваны пратэстанцкі сьвятар Яраслаў Лукасік. Цягам пяці наступных гадоў яму забаронены ўзед у Беларусь. У Беларусі застаецца яго жонка і трое дзяцей.

Ад 22 красавіка распачаўся збор подпісаў за адмену закону аб свабодзе сумленьня. Вернікі патрабуюць зьмякчэньня рэгістрацыйных нормаў і палёгак для прапаведаваньня. У кампаніі бяруць удзел пратэстанты, а таксама зьвязаныя зь незалежным грамадзтвам каталікі і праваслаўныя. Па стане на пачатак месяца пад пэтыцыяй падпісалася больш за 16 тысячаў чалавек. Подпісы маюць быць перададзеныя ў Канстытуцыйны суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?