Аб’яднаньне «Белая Русь» створанае і ў Лагойску.

Сход заснавальнiкаў Лагойскага раённага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якi ўчора адбыўся ва ўтульнай зале мясцовага Цэнтра культуры, прайшоў у спакойным дзелавым рытме (як i належыць любой сур’ёзнай справе), але з невялiкiм... лiрычным адступленнем. Яно тым не менш было вельмi да месца i цалкам адпавядала ўсяму таму, што гаварылася падчас сходу выступоўцамi, проста было ў думках кожнага з прысутных у зале.

Дырэктар Лагойскага райгаза Яўген Ганчарэнка, абраны крыху пазней старшынёй раённага грамадскага аб’яднання, прачытаў са сваёй кнiгi, якая нядаўна ўбачыла свет верш «Мая Радзiма — Белая Русь». I нагадаў, што, згодна з адным з варыянтаў, слова (а потым i словазлучэнне) Белая Русь паходзiць ад слова чыстая. «Гэты верш прагучаў з маёй душы. Але, думаю, i ў вас, прысутных, такое ж стаўленне да Белай Русi, Беларусi, беларусаў». Гаворачы далей пра добраўпарадкаванне (i ў цэлым, у шырокiм сэнсе гэтага слова, i ў дачыненнi канкрэтна да Лагойшчыны), Яўген Савельевiч зазначыў, што чалавек павiнен працаваць не пад прымусам, а калi такая ўсвядомленая патрэба зыходзiць з яго душы. Калi ў яго чыстыя думкi, чыстыя памкненнi.

— Некалi, калi я быў у групе падтрымкi, збiраў подпiсы за прэзiдэнта, памятаю, ужо тады людзi прасiлi, гаварылi пра неабходнасць стварэння такой арганiзацыi, якая дазволiла б адстойваць iм свае перакананнi, процiстаяць усiм гэтым нападкам на краiну, — сказаў Яўген Ганчарэнка. — I, як вы ведаеце, у нашай дзяржаве сярод насельнiцтва прагучала прапанова па стварэнню грамадскай арганiзацыi, якая б падтрымлiвала зараз палiтыку па ўмацаванню нашай краiны, па стварэнню i паляпшэнню ўмоў жыцця насельнiцтва. Створанае ў лiпенi 2004 года Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» за прайшоўшы час iстотна ўмацавалася — i арганiзацыйна, i якасна. У яго складзе больш за 12 тысяч членаў, 780 пярвiчных арганiзацый, яно знайшло падтрымку i аўтарытэт сярод насельнiцтва. I нашы калегi звярнулiся з прапановай ствараць у сваiх абласцях, раёнах аналагiчныя аб’яднаннi, што дазволiць стварыць рэспублiканскае грамадскае аб’яднанне...

Дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Алена Скрыпко падкрэслiла, што гэты заклiк быў пачуты i актыўна падхоплены сярод iншых рэгiёнаў i Мiншчынай. Неабыякавыя, нераўнадушныя людзi ўжо кансалiдавалiся ў Барысаўскiм, Крупскiм, Слуцкiм раёнах... Гэта справа ганаровая, так павiнна быць, бо сам час, жыццё вымушае стварыць такое грамадскае аб’яднанне. «Я кажу вам аднадумцы, бо ўпэўнена, што калi ў гэтай зале сабралiся людзi, значыць, у iх аднолькавыя думкi. Грамадскае аб’яднанне дапаможа аб’яднаць усе слаi насельнiцтва — ад моладзi да людзей старэйшага ўзросту, розных сацыяльных узроўняў, i падставiць плячо нашай дзяржаве. Гэта неабходна, бо апазiцыя выходзiць на вулiцы i дае ў прэсу негатыўную iнфармацыю аб краiне. На сёння выканаўчая ўлада, урад, Прэзiдэнт робяць усё магчымае, каб забяспечыць выкананне законаў i Праграмы развiцця краiны стратэгiчна: умовы, працу, здароўе. Але ў некаторых момантах такая абарона патрэбна, таму сёння i зараз у Лагойскiм раёне ствараецца грамадскае аб’яднанне, каб выконваць гэтую функцыю менавiта тут».

...Нельга жыць у грамадстве i быць вольным ад яго. Гэтыя словы, сказаныя начальнiкам аддзела культуры Лагойскага райвыканкама Нiнай Пятроўскай, у крыху змененым па форме, але не па сэнсу выглядзе, гучалi з вуснаў практычна ўсiх выступоўцаў: людзей розных прафесiй, узросту, але аднолькава неабыякавых, гатовых на справе аказаць дзяржаве пасiльную дапамогу. Канешне, у раёне яшчэ трэба будзе шмат чаго зрабiць, каб новастворанае грамадскае аб’яднанне распачало нейкiя канкрэтныя справы. Маю на ўвазе арганiзацыйныя моманты, паколькi iншых перашкод не заўважыў. Тое ж мне пацвердзiла i намеснiк старшынi Лагойскага райвыканкама Галiна Драгунова напярэдаднi сходу.

— Тое, што сёння 15 працоўных калектываў будуць з’яўляцца заснавальнiкамi ў раёне грамадскага аб’яднання «Белая Русь» — вельмi добра. Бо гэта калектывы, гэта iх аўтарытэтныя кiраўнiкi, якiх у нас вельмi добра ведаюць. Па сутнасцi, яны вяршаць эканамiчную праграму Лагойшчыны. Мы спадзяёмся i верым у тое, што грамадскае аб’яднанне дапаможа мясцовай уладзе вырашаць многiя пытаннi грамадскага, эканамiчнага, палiтычнага характару, працаваць больш актыўна на карысць Лагойшчыны, а ў больш шырокiм сэнсе — на карысць моцнай i квiтнеючай Беларусi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?