У Падзевiчах сёння жыве 70 чалавек, але колькасць насельнiцтва тут з кожным годам памяншаецца. Людзi старэюць, у iх нестае сiл апрацоўваць зямлю. Што ж рабiць з безгаспадарнымi палеткамi?

У СВК «Саўгас «Падзевiчы» вырашылi пасадзiць на гэтай кiнутай зямлi сад. Iдэя належыць кiраўнiку гаспадаркi Анатолю Драздову. Рабочыя саўгаса накапалi ў лесе «дзiчак» — яблынь i груш. I на ўчастку памерам больш за гектар пасадзiлi некалькi соцень дрэў.

А ў вёсцы Заполле жыве мясцовы «мiчурынец» Сяргей Мiнчук. Гэты малады вясковец яшчэ некалькi гадоў таму звярнуўся ў гаспадарку з просьбай аддаць яму зямлю, якая пуставала, непадалёк ад яго дома. I там на дзiва ўсёй вёсцы пасадзiў сад з тых жа самых «дзiчак», а потым паспяхова прывiў iх культурнымi гатункамi. Сяргей здымае ўраджай бананавых яблыкаў i аддае яго ў школу i дзiцячы садок на харчаванне дзяцей. Садавод‑аматар узяўся таксама зрабiць прышчэпкi i ў новым падзевiцкiм садзе.

Падзевiчы — гэта старое паселiшча, вядомае ў акрузе сваiм каменем‑помнікам.

У сельвыканкаме абяцаюць, што падзевiцкi сад — першы, але не апошнi ў акрузе. У вёсцы Дручаны таксама ёсць участкi зямлi, ад якiх з розных прычын адмовiлiся гаспадары. I каб вёска не зарастала пустазеллем, ёсць толькi два шляхi — засадзiць зямлю альбо лесам, альбо садам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?