У Рэчыцы аддзяленне «Беларусбанка» патаемна зняла 539 тысяч рублёў з рахунку 11‑гадовай Ліды Шабетнік. Дапамогу ад дзяржавы дзяўчынка атрымлівала з прычыны страты роднай маці.

Штраф за бацьку

Бацька 11‑гадовай Ліды, старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамады) Алег Шабетнік з Рэчыцы, расказвае:

— Ніхто з банкаўскіх работнікаў 323‑га аддзялення не мог патлумачыць, на якой падставе спісаны грошы з рахунка дачкі. Сказалі толькі, што яны пайшлі на мой шраф.

Гісторыя штрафа

Напрыканцы лютага па пошце Алегу Шабетніку прыйшла пастанова суддзі Цэнтральнага раёна Гомеля Марыны Дамненкі аб прызнанні яго вінаватым ў незаконным перамяшчэнні праз мяжу друкаваных выданняў. Партыйны актывіст пакараны штрафам у памеры 1 мільён 550 тысяч рублёў — прыкладна 720 долараў ЗША. Суддзя Дамненка аштрафавала Шабетніка завочна на падставе адміністрацыйнага пратакола Гомельскай мытні.

Невядома паводле якіх крытэрыяў яна зрабіла выснову, што «інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў канфіскаваных друкаваных выданнях у Шабетніка А.В., можа нанесці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца забароненай да перамяшчэння праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь». Адзначым: размова ішла пра матэрыялы ўстаноўчай канферэнцыі Саюзу левых партый, а таксама пяць асобнікаў брашуры «Аб кульце асобы Лукашэнкі».

Суд з пратаколам пагадзіўся і аштрафаваў партыйнага актывіста.

Алег Шабетнік: — Я не адмаўляўся плаціць штраф. Кожны месяц пералічваў па 200 тысяч рублёў. Больш не дазваляюць фінансавыя магчымасці. Але ж навошта адбіраць дапамогу ў дзяцей? Няўжо дзяржава збяднее, калі атрымае ад мяне ўсю суму штрафу на два‑тры месяцы пазней?

Дарэчы, менавіта ў чэрвені 1934 года ў СССР было ўведзенае ў практыку пакараньне членаў сям’і за іншадумства некага з бацькоў. Што — гісторыя паўтараецца? Ліда Шабетнік аштрафаваная, бо яна — «член сям’і ворага народа»?

Даведка

Як сцвярджаюць юрысты, артыкул 525 ГПК забараняе спаганяць з даўжнікоў «дзяржаўныя дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Іван Жаўнярэвіч, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0