"Я ня бачу нізкага старту беларускіх прадпрыемстваў, як пра гэта гаворыцца ў беларускім урадзе". Так выказаўся сёньня на прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Расеі Сурыкаў, разважаючы пра пэрспэктывы прыходу да нас капіталу зь ягонай краіны.

Гэтую тыраду разьнесьлі недзяржаўныя мэдыі. БЕЛТА ж зрабіла акцэнт на пасажы пра тое, што пэўныя пытаньні двухбаковых стасункаў можа вырашыць толькі сустрэча двух прэзыдэнтаў. Гэта вядомы рэфрэн афіцыйнага Менску. Але, можа, менавіта "нізкі старт", то бок згода на экспансію расейскага капіталу, і ёсьць перадумовай дыялёгу? Ва ўсякім разе, тон Сурыкава выдае, што Масква не задаволеная тым, як ідзе, кажучы словамі нашага эканаміста Леаніда Заікі, “перадпродажная падрыхтоўка Беларусі”.

Сурыкаў завастрыў увагу і на яшчэ адным пікантным моманце. Як вядома, Беларусь за пастаўкі газу цалкам не разьлічваецца, і запазычанасьць расьце (ужо набегла 400 мільёнаў даляраў). Дык вось, амбасадар выдаў страшную таямніцу :-) Зь ягоных слоў, тутэйшыя прадпрыемствы плацяць за газ па поўнай праграме, "то бок, база для пагашэньня доўгу ёсьць, найхутчэй што гэтыя сродкі акумулююцца на рахунках Мінфіну".

Цяжка сказаць, якая стратэгія ў нашых "скупых рыцараў". Ва ўсякім разе, вядомы ўкраінскі аналітык Алег Соскін ня раіць прадаваць "фамільнае срэбра" расейцам. У прыватнасьці, ён лічыць, што у Беларусі з Украінай унікальнае супадзеньне транзытных інтарэсаў. Захаваўшы ва ўласнасьці трубаправоды, можна будзе ў пэрспэктыве браць з заходнікаў па шэсьць эўра за тысячу кубоў на сто кілямэтраў прапампоўкі (нагадаю: зараз Расея плаціць нам $1,65).

Са слоў прафэсара Соскіна, для Ўкраіны не аддаваць "трубу" расейцам ёсьць аксыёмай. Але ж у нас працэс пайшоў. І Масква прысьпешвае зь "нізкім стартам"…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?