7 чэрвеня на «Беларусьфільме» адбылася прэзэнтацыя новых стужак. Прэсе былі паказаныя дакумэнтальны фільм «Вяртаньне Атары» сталага рэжысэра Ўладзімера Цесьлюка і дэбютная ігравая карціна Марыі Мажар «Ворагі».

Вяртаньне Атары (Возвращение Отари)

Беларусь, 2007, каляровы, 20 хв.

Рэжысэр-апэратар: Уладзімер Цесьлюк

Жанр: Дакумэнтальны партрэт

Адзнака: 4 (з 10)

Пяць гадоў таму Атары, былы чэмпіён СССР па вольнай барацьбе, прадаў кватэры ў Тбілісі й пераехаў у Беларусь, на радзіму жонкі. Цяпер ён жыве ў Барысаве – і трэніруе дзяўчатак, каб тыя сталіся чэмпіёнкамі…

Хаця доўгія сынхроны, характэрныя для тэлевізіі, занудліва архаічныя – сам герой выразны. А сцэна спартовага спаборніцтва – з эмоцыямі, тлумам, крыкам і потам – зьнятая надзіва хораша. Гэта сапраўдная харэаграфія бою, адлюстраванага праз рэакцыю самога Атары. У асобных кавалках – стужка моцная, але для 20-хвіліннай карціне іх замала.

Ворагі (Враги)

Расея – Беларусь, 2007, каляровы, 78 хв.

Рэжысэрка: Марыя Мажар

Ролі выконваюць: Юлія Ауг, Аксэль Шрык, Алена Яцко, Генадзь Гарбук, Алеся Пухавая, Зінаіда Зубкова, Віктар Васільеў.

Жанр: Псыхалягічная вайсковая драма

Адзнака: 4,5 (з 10)

1942 год. У беларускай вёсцы кватаруюць нямецкія жаўнеры. Баі ідуць дзесьці далёка і пакуль не чапляюць вёсачку, толькі зрэдку па шашы едуць танкі. Ціхі побыт: жанчыны маюць бялізну й гатуюць ежу, а жаўнеры чытаюць забароненага Гайнэ. Крохкае й насьцярожлівае жыцьцё, калі ідэалёгія губляе сваю сілу – і застаюцца проста звычайныя людзі, якія існуюць разам. Але ў вайны свая лёгіка – і неўзабаве кожны зробіць свой выбар: застацца чалавекам, ці пайсьці ў служкі Молаху…

Беларуска Марыя Мажар, якая вучылася ў нашым Інстытуце культуры, склала сцэнар, шчэ калі паступала ва ВГИК. Сцэнар, які напачатку называўся «Аддзяліць агонь ад полымя», выклікаў зацікаўленасьць у Расеі і атрымаў «Срэбнага Віцязя».

Курсавая стужка Мажар «…За імя маё» ўзнагароджаная ВГИКам, а дыплёмная карціна «Сабака» заслужыла прыз глядацкіх сымпатый.

Марыя Мажар заплянавала трылёгію пра вайну.

У Беларусі да прапаноў Мажар паставіліся зь вялікаю насьцярогай, але, калі фінансаваць дэбютную стужку ўзяўся расейскі рэжысэр Аляксей Учыцель, пагадзіліся на сумесную працу.

На прэс-канфэрэнцыі Генадзь Гарбук і Зінаіда Зубкова (у фільме – сялянка) вельмі эмацыйна гаварылі пра стужку – і дзяліліся сваімі вайсковымі ўспамінамі. «Гэта ўсё праўда!»

Фільм беларускі Марыі Мажар розьніцца ад сучаснай беларусьфільмаўскай прадукцыі.

Карціна адмаўляецца ад састарэлых вайсковых штампаў – і прапануе экзыстэнцыйна-лірычны падыход да звыклае тэмы. Усе героі стужкі – не ідэалягічныя схемы, а людзі.

Закадравы расповед вядзецца ад імя дзіцяці, якога мы так і не ўбачым... бо яно загінула.

Адчуваецца й уплыў Камю: афіцэр прапануе жанчыне замяніць свайго сына, якога мусяць павесіць, на любое іншае дзіця.

“Агульначалавечы” падыход кардынальна супярэчыць фальшываму “сталінскаму” патасу (“Вам заданьне”, “Глыбокая плынь”). Няма нічога агульнага і з эротыка-шынэльнаю бесканфліктнасьцю мэлядрамы “Яшчэ пра вайну”. Мастацкія сродкі па-рэжысэрку стрыманыя – і не вытыркаюцца непатрэбным экспэрымэнтаваньнем (“Страх”).

Першая вялікая роля беларускай актрыс Алесі Пухавой (зьнялася ў эпізодзе “Колеру каханьня”) – выйшла пераканаўчай і валявой. Генадзь Гарбук, які пасьля “Знаку бяды”, стаўся ўсебеларускім Петраком, у гэнай карціне герой з хітрынкай: прадае немцам аплёванае сала й цішком падпілоўвае масткі. Але Генадзь Гарбук, Зінаіда Зубкова і Алеся Пухавая – другаплянавыя пэрсанажы карціны.

Найболей стужка Мажар нагадвае расейскі фільм “Франц і Паліна”, а мова беларускіх герояў пераважна расейская (патрабаваньне пракатчыкаў).

Беларуская вайсковая тэма становіцца адной з ключавых тэмаў расейскага кіно.

Але, у адрозьненьні ад “Франца і Паліны”, стужка Мажар пазбаўлена глямурнай цукернасьці: гэта жыцьцё, гэта побыт – гэта… нізкі бюджэт.

І хаця сцэнар стужкі не дасканалы, у фільме не праяўлены “хічкокаўскія” падтэксты, а сама экзыстэнцыйная прапанова па замене дзіцяці зусім не выглядае пераканаўчай – карціне нельга адмовіць у адным. Гэта чалавечы позірк Асобы.

Гэта мудрасьць сэрца – да якой дарастае далёка ня кожны рэжысэр. Гэта спачуваньне й неварожасьць да чалавека.

Бракуе досьведу, бракуе глыбінных слаёў, створаных выключна рэжысэрскаю плястыкай, бракуе трапных жэстаў; бракуе… дый, хто сказаў, што не бракуе грошай?

Але з пэўнасьцю можна сказаць: Беларусі пашанцавала яшчэ з адным рэжысэрам.

Калі, канешне, Марыя Мажар будзе здымаць у Беларусі.

Калі знойдуцца грошы і мясцовае асяродзьдзе будзе да яе прыхільным.

Шырокі пракат карціны распачнецца ў верасьні, а на 3 ліпеня заплянаваная прэм’ера.

Фатаграфіі прадстаўлены рэклямным аддзелам "Беларусьфільму".

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?