Музыканты беларускага гурту «Drum Ecstasy» заявілі, што больш не збіраюцца выпускаць альбомы на кампакт‑дысках, а маюць намер выкладваць свае новыя кампазіцыі ў інтэрнеце. Пра гэта БелаПАН паведаміў менеджэр каталога «West Records» Мікалай Сапуноў.

«Мы вырашылі карэнным чынам змяніць наш падыход да распаўсюджвання сваёй музыкі, — патлумачыў лідэр гурту Філіп Чмыр. — Мы прыйшлі да высновы, што для нас не мае сэнсу запіс поўнафарматных пласцінак». Паводле яго слоў, «гэта забірае вельмі шмат часу і грошай», апрача таго дыскі «ў некаторым сэнсе забіраюць частку аўдыторыі, якая магла б хадзіць на «жывыя» канцэрты».

Удзельнікі калектыву лічаць, што раз у тры месяцы яны будуць выкладваць на сваім сайце адзін новы твор. «Мы вырашылі больш не несці стратаў пры запісе дыскаў, а рабіць больш канцэртаў і рэкламаваць сябе праз інтэрнет пры дапамозе бясплатных mp3‑трэкаў», — паведаміў Ф.Чмыр.

У сувязі з такімі пераменамі было вырашана абнавіць афіцыйную старонку «Drum Ecstasy» у інтэрнеце. Цяпер прыхільнікі творчасці гурту змогуць атрымаць на сайце поўную інфармацыю аб усіх альбомах, праектах (як музычных, гэтак і дызайнерскіх), сумесных праектах, а ў будучыні і аб усіх удзельніках калектыву, якія працавалі ў ім у розны час..

Нагадаем, гісторыя гурту «Drum Ecstasy» налічвае ўжо больш за 15 гадоў. Калектыў іграе цяжкую танцавальную музыку з выкарыстаннем бас‑гітары і барабанаў. Гурт вядомы як аўтар саундтрэкаў да расійскіх фільмаў «Начны дазор», «Дзённы дазор» і да серыяла «Мужчыны не плачуць».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0