Зь міліцыі паступілі, а пазьней былі абвергнутыя зьвесткі пра затрыманьне групы супрацоўнікаў КДБ, якіх падазраюць у карупцыі. Чым тлумачыцца такая непасьлядоўнасьць? Ці ня сьведчыць гэта пра новы этап «ведамаснай вайны» паміж КДБ і міліцыяй?

11 чэрвеня пра затрыманьне групы супрацоўнікаў КДБ паведаміў карэспандэнту агенцтва Інтэрфакс першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Аляксандар Шчурко.

«Яны затрыманыя як падазраваныя у карупцыі?» —удакладніў журналіст і атрымаў ад Аляксандра Шчурко адказ: «Так», — перадаў Інтэрфакс.

Паведамлялася таксама пра тое, што справу вядзе генэральная пракуратура Беларусі. Пры гэтым, паводле агенцтва, у пракуратуры зьвесткі пра затрыманьне «чэкістаў» не пацьвердзілі й не абверглі.

Супярэчлівая інфармацыя наконт затрыманьняў паступала і сёньня, 12 чэрвеня. Кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Валер Надтачаеў адмовіўся камэнтаваць зьвесткі. Гэта было апоўдні:

«А вы чыталі, што гэтая інфармацыя зьнятая зь Інтэрфаксу? Дык пачытайце. Такім чынам, няма чаго мне камэнтаваць», — заявіў Надтачаеў.

Адзін з кіраўнікоў беларускай філіі агенцтва пацьвердзіў мне, што ад сваёй інфармацыі там не адмовіліся.

У прыёмным пакоі першага намесьніка міністра ўнутраных справаў Аляксандра Шчурко злучыць зь ім адмовіліся. Кіраўніца прэсавай службы міністэрства Кацярына Самусенкава‑Шэлегава адказала за начальніка:

«Ён гэтага не казаў. Афіцыйнай заявы не было, яшчэ раз паўтараю».

Незалежныя інтэрнэт‑мэдыі яшчэ на мінулым тыдні пісалі пра «новы віток вайны» паміж міліцыяй і КДБ.

Паводле гэтых крыніцаў, затрыманьне супрацоўнікаў КДБ міліцыяй стала яе адказам на леташні арышт палкоўніка міліцыі Івана Клімянкова, якога асудзілі за карупцыю. У інтэрнэце называлі прозьвішчы супрацоўнікаў КДБ Мяцеліцы і Міхалапа, якія нібыта цяпер затрыманыя міліцыяй за карупцыю.

Аднак пацьверджаньня з афіцыйных крыніц няма. Кіраўнік прэс‑цэнтру генэральнай пракуратуры Міхал Вавула сёньня паўтарыў: «Зьвестак Аляксандра Шчурко не камэнтуем».

Журналіст інтэрнэт‑выданьня ад камэнтару таксама адмовіўся: «Нас ужо папярэдзілі, каб не краналі гэтай тэмы».

Ці рэальна, каб сілавыя ведамствы зводзілі рахункі? Былы супрацоўнік КДБ Беларусі Валер Костка згадаў, як за часы старшыні КДБ СССР Юрыя Андропава міліцыянты забілі маёра КДБ:

«Рэакцыя КДБ тады была вельмі моцная на гэты выпадак. Спэцслужба заўсёды змагаецца за свае кадры, незалежна ад таго, хто дзе знаходзіцца. Яны вядуць такую калектыўную абарону».

Пры гэтым Валер Костка не выключае, што ў шэрагі супрацоўнікаў КДБ прабраліся карупцыянэры:

«Фільтры там заўсёды стаялі больш моцныя. Але, відаць, цяпер стала ўсё прасьцей і туды таксама прасочваюцца розныя людзі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?