Беларускія ваенныя ўхіляюцца ад камэнтароў наконт пэрспэктыў увядзеньня у краіне альтэрнатыўнай службы.

«Калі гэтая служба супрацьлеглая ваеннай, дык навошта яна нам патрэба, ваенным. Я гэтае пытанне наогул не абмяркоўваю. Яно не для ваенных», — заявіў на прэс‑канферэнцыі 12 чэрвеня начальнік арганізацыйна‑мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл генерал‑маёр Ігар Глод.

Паводле яго слоў, «тая служба, якая патрэбна для арганізацыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, вызначана законамі і Канстытуцыяй». «Ваенная служба, яе формы і метады — тэрміновая, па кантракце, служба ў рэзерве. Вось тры віды службы. У іншых ведамстваў ёсць яшчэ спецыяльныя віды службы. А што такое альтэрнатыўная, я нават не разумею», — сказаў намеснік начальніка Генштаба.

І.Глод лічыць, што ў сітуацыі з арганізацыяй альтэрнатыўнай службы паказальным з’яўляецца прыклад Расіі. «Дэкларацыі былі велізарныя — яна прынясе шмат поспеху, дывідэнды і плюсы. Але захлынулася. Ці яна ёсць, ці яе няма — нічога не бачна і нічога не чутно».

Ігар Глод скептычна ставіцца і да ідэі ўкраінскага міністра абароны Анатоля Грыцэнкі, сутнасць якой — «не хочаш служыць — плаці грошай столькі, каб на іх можна было ўтрымліваць кантрактніка».

«Я думаю, у дзяржавы дастаткова грошай для таго, каб забяспечыць кантрактную службу ва Узброеных сілах. У нас зараз праходзіць службу каля сямі тысяч кантрактнікаў. Нам гэтага дастаткова. Гэта элемент прафесіяналізацыі арміі. Нам дастаткова таго працэнта, які ёсць», — зазначыў намеснік начальніка Генштаба.

«Ганаровы абавязак, які вызначаны Канстытуцыяй, наогул не можа быць прадметам торгу ў нармальнай краіне, — дадаў начальнік прэс‑службы Міністэрства абароны палкоўнік Вячаслаў Раменчык, які браў удзел у прэс‑канферэнцыі. — Служба ва ўзброеных сілах — гэта перш за ўсё магчымасць, якую стварыў народ для таго, каб навучыцца сябе абараняць. Тут торг не да месца».

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0