Мінгарвыканкам прыняў рашэнне не будаваць хуткасную аўтадарогу праз Севастопальскі парк. Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі 13 чэрвеня ў сталіцы старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Віктар Нікіцін. «Мы ўлічылі негатыўнае стаўленне да гэтага будаўніцтва жыхароў раёна», — зазначыў ён.

Нагадаем, жыхары мікрараёна Усход‑2 выступілі супраць будаўніцтва хуткаснай шматпалоснай аўтадарогі праз Севастопальскі парк. Згодна з планам уладаў горада, шасціпалосная магістраль павінна была прайсці ад перасячэння вуліц Філімонава і Кядышкі праз Севастопальскі парк па вуліцы Олешава да Даўгінаўскага тракту або па вуліцы Каліноўскага.

Адна з жыхарак мікрараёна Валянціна Шалейнікава заявіла, што ўлады горада прымушаюць жыхароў з 1996 года пастаянна весці барацьбу за захаванасць Севастопальскага парку. Згодна з генпланам, парк адносіцца да ландшафтна‑рэкрэацыйнай зоны і водаахоўнай зоны Сляпянскай воднай сістэмы, дзе размяшчаюцца восем свідравін водазабора «Зеляноўка». Жыхары раёна ўжо адстаялі свае інтарэсы, і пракуратура Беларусі адмяніла рашэнне аб будаўніцтве элітных дамоў у парку. У Севастопальскім парку размешчаны Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей‑інвалідаў і школа‑інтэрнат для дзяцей са слабым слыхам. Дарога, што планавалася, прайшла б у непасрэднай блізкасці ад гэтых устаноў і пагоршыла экалагічнае становішча.

«Мы яшчэ раз перагледзелі транспартную схему і прынялі рашэнне будаваць дарогу ад Лагойскага тракту да Навінак. Мы зразумелі, што да 2020 года вострай неабходнасці ў будаўніцтве гэтага ўчастка трэцяга транспартнага кальца няма», — зазначыў В.Нікіцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?