У Мінску плануецца пабудаваць шэраг вышынных гатэляў, паведаміў на прэс‑канферэнцыі 13 чэрвеня старшыня камітэта архітэктуры і будаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Нікіцін.

Адзін з іх плануецца пабудаваць каля будынка музея Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы.

Таксама плануецца пабудаваць гатэль да 30 паверхаў насупраць 15‑га корпуса БНТУ ва Уруччы. Пляцоўка пад яго будаўніцтва выстаўлена на аўкцыён.

Прапрацоўваецца магчымасць будаўніцтва 22‑павярховага гатэля ў раёне стадыёна «Дынама». «Ёсць жаданне ў патэнцыяльных інвестараў, і мы іх прапановы разглядаем», — зазначыў В.Нікіцін.

Сярод цікавых інвестыцыйных праектаў ён адзначыў праект зносу інтэрната БДУ на праспекце Незалежнасці і будаўніцтва на гэтым месцы буйнога гандлёва‑адміністрацыйнага цэнтра. Вышынны будынак будзе пабудаваны на месцы кафэ «Рэчанька» на праспекце Незалежнасці. Таксама прадугледжваецца пабудаваць два вышынныя адміністрацыйна‑гандлёвыя будынкі — у 40 і 45 паверхаў — на вуліцы Максіма Танка ў раёне Юбілейнай плошчы. Праектаванне ўжо вядзецца.

В.Нікіцін таксама паведаміў, што 1 ліпеня завяршаюцца будаўнічыя работы ў гатэлі «Еўропа», сёлета будзе адкрыты гатэль «Вікторыя» і, магчыма, да канца года — «Прынцэс гатэль» (былы гатэль «Свіслач»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?