10 чэрвеня беларуская грамадзкасьць ЗША сабралася ў грамадзкай залі Саўт‑Рывэру, каб ушанаваць 80‑я ўгодкі доктара Вітаўта Кіпеля.

Больш за 100 гасьцей імяньнініка мелі магчымасьць азнаёміцца з працамі В. Кіпеля й сьв. Зоры Кіпель, іншымі друкамі БІНІМу, багатай калекцыяй здымкаў сям’і Кіпеляў‑Савёнкаў.

Урачыстую вечарыну распачаў і вёў найстарэйшы сябра сп‑ра Кіпеля доктар Янка Запруднік, які зачытаў прывітаньні ад шматлікіх арганізацый Беларусі й замежжа. За ягоным прывітальным словам і першым падарункам — караваем з васількамі — выступалі Антон Шукелойць, Міхась Сенька, Лявон Юрэвіч, Зянон Пазьняк, Вячка Станкевіч, Сяржук Сокалаў‑Воюш, Ала Орса‑Рамана, Валянціна Якімовіч, Івонка Сурвіла, госьць зь Беларусі мастак Мікола Купава ды іншыя.

Пазьняк назваў В.Кіпеля «чалавекам неба» і зазначыў, што любы вораг перш‑наперш імкнецца зьнішчыць кнігу; Воюш прачытаў прысьвечаныя Кіпелю вершы і, агледзіўшы залю, спытаў у прысутных, ці пэўныя яны, што на свае ўласныя ўгодкі зьбяруць столькі людзей й што яшчэ ня позна пачаць працаваць над гэтым.

Кожны з выступоўцаў згадваў уласныя кантакты з імяніньнікам: Шукелойць, пажадаўшы ня меншага плёну на наступныя 80 гадоў, — акупацыйны Менск і першае грамадзкае даручэньне, дадзенае В.Кіпелю айцом Мікалаем Лапіцкім; Вячка Станкевіч — пра лягеры ДП і размову па‑мужчынску зь мясцовымі русафіламі. Але ляйтматывам гучала думка, што Вітаўт Кіпель з сваёю жонкаю (як сказала Ала Рамана, для яе гэта як бы адное імя: Зоравітаўт) уяўляюць сабою аналяг легендарнага Інбелкульту й што зь іхняга плёну будуць карыстаць нашчадкі і праз 100, і праз 200 гадоў.

Напрыканцы выступіў Вітаўт Кіпель. Ён падзякаваў прысутным за добрыя словы й падзяліўся успамінамі з уласнага жыцьця — якія, па ягоных словах, вызначылі яго як беларуса.

    Прысутны

На здымку: Лявон Юрэвіч, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель

    Фатаздымкі Віктара Камінскага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0