Былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі заклікаў Эўрапейскі зьвяз выпрацаваць «асобную і больш канкрэтную палітыку» у дачыненьні да сваіх усходніх суседзяў, беручы пад увагу сытуацыю ў Беларусі. У часе канфэрэнцыі «Эўразьвяз і праблемы блізкага суседзтва», якую арганізавала фундацыя Аляксандра Квасьнеўскага «Сябры Эўропы», былы прэзыдэнт Польшчы заявіў, што аб’яднаная Эўропа патрабуе «эфэктыўнай палітыкі» у дачыненьні да сваіх суседзяў.

«Я хацеў бы, каб Эўразьвяз спрыяў дыялёгу ў Беларусі, які прывёў бы да дэмакратычных пераменаў у гэтай краіне. Цяпер мы маем сытуацыю, калі Беларусь усё мацней ізалюе сябе ў Эўропе, у той час, як кантынэнт наадварот — інтэгруецца», — адзначыў Квасьнеўскі.

Паводле ягоных словаў, адсутнасьць такой супольнай палітыкі ў дачыненьні да дзяржаваў Усходняй Эўропы «можа прывесьці да нэгатыўных наступстваў і запавольваньня рэформаў».

Квасьнеўскі падкрэсьліў, што ён «занепакоены апошнімі падзеямі ва Ўкраіне», а палітыка Расеі ў дачыненьні да краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы «выклікае сур’ёзную занепакоенасьць, ёсьць памылковай і небясьпечнай», бо нагадвае «старыя часы — сфэры ўплыву і моцны націск на партнэраў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?