Наталля Лукасік, паводле інфармацыйнага цэнтра «Евангельская Беларусь», звярнула ўвагу вышэйстаячай інстанцыі на тое, што рашэнне Мядзельскага РАЎС ад 8 траўня 2007 года аб ануляцыі віда на жыхарства Яраслава Лукасіка грунтуецца на «аператыўнай інфармацыі з КДБ, якая нібыта сведчыць, што ейны муж нанёс шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». У звароце ставіцца пытанне, наколькі правамерна лічыць чалавека вінаватым у такім сур’ёзным злачынстве да рашэння суда.
У адказе Упраўлення па грамадзянству і міграцыі УУС Мінаблвыканкама за подпісам кіраўніка ўпраўлення Зелянкевіча гаворыцца, што «дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі анулюецца, калі ёсць звесткі, што іншаземец мае дачыненне да дзейнасці, скіраванай на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі», а таксама тое, што «падставаў не давяраць інфармацыі Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці няма». Таму рашэнне наконт Яраслава Лукасіка «з’яўляецца законным, абгрунтаваным і адмене не падлягае».
15 чэрвеня ў 11.00 у Мядзельскім раённым судзе адбудуцца слуханні з нагоды абскарджання рашэння Мядзельскага РАУС пра ануляванне віда на жыхарства Яраслава Лукасіка.
Нагадаем, пратэстанцкага пастара, грамадзяніна Польшчы Яраслава Лукасіка дэпартавалі з Беларусі 6 чэрвеня.
30 траўня начальнік УУС Цэнтральнага раёна Мінска Віталь Сінякоў аштрафаваў Лукасіка на адну базавую велічыню (31 тыс. рублёў) і аб’явіў аб яго дэпартацыі і забароне на ўезд у Беларусь на працягу пяці гадоў. 27 траўня пастар быў затрыманы пасля набажэнства, якое праводзілася ў прыватным доме пастара адной з пратэстанцкіх цэркваў сталіцы.





