Сёньня — першы дзень IX Нацыянальнага фэстывалю беларускай песні і паэзіі, які традыцыйна ладзіцца ў Маладэчне.

Мясцовыя ўлады рыхтаваліся да фэстывалю: па‑пацёмкінску абноўленыя дамы, па‑савецку адрамантаваныя дарогі (вопыт ранейшых фэстываляў з дакладнасьцю дазваляе адзначыць, што новага асфальту хопіць на месяц‑другі, ня болей). Сцэна аздоблена вялізным постэрам «За Беларусь», на самым высокім будынку побач са сцэнай — на гасьцініцы — вывешаны велізарны чырвона‑зялёны сьцяг.

Аднак моладзевыя актывісты дэмакратычнага руху Маладэчна вырашылі сустрэць гасьцёў крыху іначай.

На ўезьдзе ў горад, на дрэвах уздоўж аўтамабільнага мосту, па абодва бакі дарогі былі вывешаны бел‑чырвона‑белыя сьцягі. Гэтае месца адно з самых прыгожых пры пад’езьдзе да Маладэчна: старыя дрэвы ўтвараюць алею, якая разрываецца мостам па‑над чыгункай. Нацыянальныя сьцягі ўтварылі нібыта арку на самым ускрайку старадаўняга горада.

Раніцою на дарожным указальніку населенага пункта «Маладзечна» з боку Менскага кірунку была замацаваная расьцяжка «За Свабоду».

Сваёй акцыяй моладзевыя актывісты Маладачаншчаны хацелі выказаць паважныя адносіны многіх жыхароў горада да нацыянальных сымбаляў, а таксама прывітаць гасьцёў фэстывалю, які сёлета прысьвечаны 125‑годзьдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Юрась Бусел, Маладэчна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0