«Студэнты павінны самі клапаціцца аб забеспячэнні ўласнай жыццядзейнасці» — такі тэзіс утрымліваецца ў адказе старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова‑тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Здановіча выканаўчаму дырэктару грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Таццяне Гацуры на ліст наконт адмены льготаў гэтай катэгорыі грамадзян.

«Пазіцыя кіраўніка дзяржавы і дэпутатаў парламента адносна льготаў наступная: мы павінны паступова выключыць нават сам тэрмін «ільготы». А калі хтосьці апынуўся ў цяжкіх умовах з‑за хваробы або іншых абставінаў, дык без дапамогі ён не павінен застацца. У ВНУ і ССНУ працуюць дзве буйныя грамадскія арганізацыі: БРСМ і прафсаюзы. Поруч з заахвочваннем сваіх актывістаў ім неабходна выяўляць тых, хто мае патрэбу, і аказваць адрасную матэрыяльную дапамогу, у тым ліку для куплі праязных дакументаў», — заявіў У.Здановіч.

«Студэнты таксама павінны клапаціцца аб забеспячэнні ўласнай жыццядзейнасці шляхам частковай працоўнай занятасці ў выхадныя і святочныя дні, падчас зімовых і летніх канікулаў, не перакладаючы ўсе свае праблемы на бацькоў і іншых грамадзян. Трэба дакладна ўразумець, што грошы на льготы не бяруцца з паветра. Яны вымаюцца з кашалькоў іншых працаўнікоў, якія льготамі не карыстаюцца», — гаворыцца ў адказе У.Здановіча.

«У 2006 годзе затраты на забеспячэнне льгот па праездзе ў гарадскім (прыгарадным) і міжгароднім транспарце для ўсіх студэнтаў і навучэнцаў ПТВ склалі 47,8 млрд. бел. руб., ці прыблізна 6 тыс. бел. руб. у месяц на чалавека. Сума нязначная для студэнта і адчувальная ў маштабах краіны. З улікам іншых катэгорый ільготнікаў пасажырскі транспарт становіцца стратным, а для пагашэння страт рэгулярна павышаецца кошт праезду для асоб, якія не адносяцца да катэгорыі льготнікаў», — зазначыў У.Здановіч.

«Гэта поўны цынізм. Зарплаты дэпутатаў непараўнальныя са студэнцкімі стыпендыямі. Тым не менш дэпутаты пакінулі сабе бясплатны праезд, а студэнтаў — пазбавілі. І пры гэтым яшчэ спрабуюць прымусіць студэнтаў працаваць у выхадныя і святочныя дні. Калі студэнты будуць рыхтавацца да экзаменаў?» — пракаментавала пазіцыю парламентарыя Т.Гацура.

Паводле яе слоў, у найбліжэйшы час плануецца падрыхтаваць шэраг мерапрыемстваў, якія, магчыма, паўплываюць на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у пытанні адмены льготаў студэнтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?