Малая Канстытуцыя — гэта дакумэнт, які дзейнічае ў пераходныя пэрыяды. Напрыклад, у часе пераходу краіны ад дыктатуры да цывілізаванага грамадзкага ладу. У Польшчы было аж тры такія Канстытуцыі, паводле Малой Канстытуцыі жыве зараз Ізраіль. Для Беларусі гэткую «Канстытуцыю на вырост» прыняў 26—27 траўня Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Распрацавала яе група экспэртаў у галіне канстытуцыйнага права. Сярод іх быў і былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, пад чыёй рэдакцыяй прымалася першая Канстуцыя Рэспублікі Беларусі 1994 г.

«Малой» Канстытуцыя завецца, бо няпоўная. Там няма разьдзелаў «вялікай» Канстытуцыі, якія, на думку распрацоўшчыкаў, адпавядаюць нормам міжнароднага права. Зьмены закранулі выбарчае заканадаўства, разьмежаваньне функцыяў між галінамі улады. Чым яшчэ Малая Канстытуцыя розьніцца ад дзейнай? Адказваюць складальнікі.

Парлямэнт: Рада замест Савету; адна палата; 50% па партыйных сьпісах; цяжэй «адставіць»

Мечыслаў Грыб, былы сьпікер Вярхоўнага савету (1994—96): «У параўнаньні зь сёньняшняй Канстытуцыяй унесены істотныя зьмены ў пытаньні дзяржаўнага будаўніцтва. Павялічваюцца правы ўраду і парлямэнту. Парлямэнт будзе называцца Вярхоўная Рада, як ва ўкраінцаў. Разглядаўся варыянт наконт Вышэйшага сойму, аднак быў адкінуты.

Таксама мы заклалі ў Малую Канстытуцыю новы падыход да фармаваньня парлямэнту. Цяпер выбары будуць праходзіць па мажарытарна‑прапарцыйнай сыстэме. 50% дэпутатаў будуць абірацца па мажарытарнай сыстэме, а другая палова — па партыйных сьпісах. Зрабіць адразу прапарцыйную сыстэму немагчыма: у частцы беларускіх рэгіёнаў няма адпаведных партыйных структураў.

Прэзыдэнту будзе цяжэй адправіць у адстаўку парлямэнт. Напрыклад, калі ён уносіць на галасаваньне ў Раду кандыдатуру прэм’ер‑міністра, парлямэнт можа адхіліць яе двойчы. Пасьля Рада мусіць унесьці сваю кандыдатуру, калі і яе не зацьвердзяць, прэзыдэнт можа адправіць парлямэнт у адстаўку.

Быў варыянт і наконт таго, што Беларусь мусіць стаць парлямэнцкай рэспублікай, але мы палічылі, на пераходным этапе пасада прэзыдэнта неабходная.

Урад: справаздачнасьць перад Радай; канстытуцыйны кантроль замест «вэртыкалі»

Валеры Фадзееў, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду: «Савет міністраў мусіць быць найвышэйшым органам дзяржаўнай улады ў краіне, так закладзена і ў Малой Канстытуцыі. Саўмін будзе рабіць справаздачы па зробленай працы перад парлямэнтам. Прызначаць прэм’ера будзе парлямэнт па прапанове прэзыдэнта. Астатні кабінэт будзе прапаноўвацца прэм’ерам.

У Малую Канстытуцыю ўнесенае і пытаньне недаверу да ўраду. Калі парлямэнт вырашаў, што ўрад ня справіўся з праграмай цалкам ці з асобным пытаньнем (скажам, бюджэту), парлямэнт мае права адправіць урад у адстаўку.

У Малой Канстытуцыі мы адмовіліся ад прэзыдэнцкай вэртыкалі, якая існуе сёньня ў Беларусі. Праўда, будзе пасада ўпаўнаважанага ад ураду ва ўсіх тэрытарыяльных адзінках краіны. Ён ня будзе ўмешвацца ў справы мясцовай улады, а толькі сачыць за выкананьнем канстытуцыйных нормаў».

Прэзыдэнт: застаецца; не прымае дэкрэты; не прызначае чыноўнікаў; кансалідуе грамадзтва

Гары Паганяйла, праваабаронца: «Паўнамоцтвы прэзыдэнта істотна паменшаныя. Асабліва абмежаваньні тычацца заканадаўчай улады, яе прэзыдэнт пазбавіцца цалкам. Разам з тым застанецца фігурай знакавай у палітычным жыцьці. Напрыклад, ён будзе галоўнакамандуючым войскаў. Рашэньні наконт прызначэньня вышэйшага чынавенства прэзыдэнт прымаць ня будзе. Сёньня ж прэзыдэнт прымае 98% такіх рашэньняў.

Гістарычны досьвед суседніх краінаў падказвае, што цалкам адмаўляцца ад пасады прэзыдэнта немэтазгодна. Прэзыдэнт мусіць заставацца кансалідуючай сілай у грамадзтве. Найбольш падыходзячай формай кіраваньня для Беларусі зьяўляецца парлямэнцка‑прэзыдэнцкая рэспубліка. Яе асновы і былі закладзеныя ў Малую Канстытуцыю».

Выбары і мясцовая ўлада: меншыя акругі; меней подпісаў за рэфэрэндум; скасаваньне раёнаў; самастойнасьць мясцовых саветаў

Сяргей Альфер, юрыст: «У парлямэнце будзе 260 чалавек, больш чым цяпер. Паменшацца выбарчыя акругі, сёньня ў акрузе 60—70 тыс. выбарцаў, мы прапануем — 50—55. Прэзыдэнцкія выбары застануцца ўсеагульнымі. Мы лічым, што выбарчыя камісіі павінны збольшага складацца з прадстаўнікоў палітычных суб’ектаў, якія сёньня проста ня могуць трапіць у камісіі.

Сёньня фактычна толькі адзін суб’ект можа абвяшчаць рэфэрэндум — прэзыдэнт. Паводле Канстытуцыі, таксама можа парлямэнт і народ, але прэзыдэнт у стане ня даць дазволу на яго правядзеньне. Паводле Малой Канстытуцыі прэзыдэнт увогуле ня можа абвяшчаць рэфэрэндум. Гэта ў стане зрабіць толькі Вярхоўная Рада і народ. Апошняму суб’екту, каб абвесьціць рэфэрэндум, трэба сабраць мінімум 30 тыс. подпісаў у кожнай вобласьці, а таксама ў Менску. Лічба зьніжаная практычна ў два разы, сёньня патрабуюць 450 тыс. подпісаў.

Адна з галоўных асаблівасьцяў Малой Канстытуцыі — узрастаньне ролі мясцовага самакіраваньня. Гэта наблізіць Беларусь да дэмакратычных краінаў. Самакіраваньне прадугледжваецца двухзьвяновае, а не трохзьвяновае (сельскія, гарадзкія, абласныя выканкамы), як сёньня. Дакладна застанецца абласны ўзровень, які будзе другі, пакуль ня вырашана. Мясцовыя саветы будуць мець свае прыбыткі, якія ня зможа забіраць дзяржава. Неабходна прызямліць мясцовую ўладу, якая цяпер залежыць толькі ад вышэйшага начальства, а не ад выбарцаў, якія за яе галасуюць».

Суды і кантрольныя органы: прэзыдэнт нікога не прызначае; трыбунал; міравыя суды; назіральная рада па тэле‑ і радыёвяшчаньні

Міхаіл Пастухоў, былы сябар Канстытуцыйнага суду: «Судовая ўлада ў Беларусі мае быць незалежнай і самастойнай. Прэзыдэнт зможа толькі зацьвярджаць абласных і раённых судзьдзяў, але не прызначаць. Прапаноўваць судзьдзяў на гэтыя пасады будуць мясцовыя органы судовага самакіраваньня. У Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд і Вышэйшы адміністрацыйны суд судзьдзяў будзе зацьвярджаць парлямэнт.

Канстытуцыйны суд мусіць замяніць Канстытуцыйны трыбунал, так гэты орган называецца і ў Польшчы. Паўнамоцтвы і кампэтэнцыі Канстытуцыйнага трыбуналу будуць істотна пашыраныя. Ён будзе тлумачыць канстытуцыйныя нормы, разглядаць пытаньне адносна канстытуцыйнасьці правядзеньня таго ці іншага рэфэрэндуму, вырашаць спрэчкі між органамі ўлады. У Канстытуцыйны трыбунал змогуць зьвяртацца і простыя грамадзяне, і прадстаўнікі органаў мясцовага самакіраваньня. Уводзяцца ў практыку міравыя суды — найніжэйшае зьвяно ў судовай сыстэме, іх сфэрай стануць ня самыя значныя адміністрацыйныя, грамадзянскія справы. Там змогуць працаваць судзьдзі пасьля адстаўкі.

Галоўным кантралюючым органам будзе Канстытуцыйны трыбунал. Таксама Вярхоўная рада тэрмінам на пяць гадоў мае абіраць упаўнаважанага па правах чалавека. Ён будзе дзейнічаць у мэтах абароны правоў і свабодаў асобы, гарантаваных Канстытуцыяй.

Кантрольная палата будзе сачыць за выкананьнем дзяржбюджэту. Яна будзе фармавацца на першай сэсіі Вярхоўнай рады. У Кантрольную палату ўвойдуць восем чалавек, па сваім статусе прыроўненыя да дэпутатаў Рады. Яшчэ будзе ўведзеная назіральная рада па тэле‑ і радыёвяшчаньню — для кантролю за законнасьцю выдачы ліцэнзій вяшчальным арганізацыям».

ТЭКСТ МАЛОЙ КАНСТЫТУЦЫІ БЕЛАРУСІ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?