Дакумента, па якім сетку ў жылым доме можна правесці легальна, не існуе: няма адказнасці за гэта, але няма і дазволу. Як раней паведамляла Еўрарадыё, такі дакумент плануюць стварыць да канца жніўня.

У красавіку ЖЭСы вешалі на пад’езды папярэджанні, у якіх патрабавалі прадставіць ім спісы кватэр, падлучаных да сетак, і дакументы пра законнасць падлучэння. Ніякіх спісаў яны не атрымалі, бо працэдура ўзаконьвання існуе толькі для арганізацый. Але на гэтым працэс не спыніўся. Пра тое, што чакае жыхароў Кастрычніцкага раёна, Еўрарадыё распавёў галоўны інжынер ЖЭУ‑120 Андрэй Цялегін.

«Абрэзка дратоў. Іх потым проста скруцяць і выкінуць ці аднясуць на склад. Асноўныя галоўныя драты ідуць, хутчэй за ўсё, па гарышчах ці па тэхпаверхах, а потым ужо па каналах і размяркоўваюцца па кватэрах. Па маіх падліках, недзе каля ста кватэр маюць сеткі — гэта тыя, у якіх драты ідуць па бачных месцах. Колькі ўсяго кватэр — даведаемся, калі пачнецца адключэнне».

Пакуль што сеткі жыхароў Кастрычніцкага раёна не знішчылі, бо чакаюць адказу ад УП «Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі» аб тым, ці памаркіраваныя іх драты. Маўляў, раптам не тое абрэжуць. Жыхарам мікрараёна Сухарава‑6 так не пашанцавала. Галоўны інжынер ЖЭСу № 77 Сяргей Яноўскі сцвярджае, што іх раён жыве без сетак ужо амаль паўгода.

«У нас 35 дамоў. Восем з іх мы «адрубілі» цалкам. Я маю на ўвазе паветраныя сеткі. Асабліва нас ганялі за гэта перад выбарамі, бо было шмат агітацыі, прапаганды… Мы тады ўсё і паадлучалі. Потым забаранялі ўзнаўляць, памянялі ключы ад гарышчаў. Людзі, канешне, вельмі скардзяцца, але мы нічога не можам зрабіць, пакуль не будзе ўзаконена ўсё гэта».

У Цэнтральным раёне (ЖЭС № 62) драты не рэзалі, але пытанне ўсё роўна вырашылі. Распавядае дырэктар ЖЭСу № 62 Аляксандр Гопша.

«Адлучылі мы ўсе сеткі. Паклікалі да сябе адміністратараў і сказалі ім прыпыніць аказанне такіх паслуг. Яны паадлучалі серверы. Яны супраціўляліся, канешне, але людзі ўсё разумеюць».

На форумах па лакальных сетках гучаць розныя заклікі: ад парадаў адказваць супрацоўнікам ЖЭСаў «Не ўлазь! Заб’е!» да парадаў прасіць будаўнікоў, якія, напрыклад, абшываюць дом цеплаізалятарам, зашыць драты пад «шубу». ЖЭСы ж чакаюць ад адміністратараў арэнднай платы, падаткавікі — падаткаў і г.д. Гаворыць галоўны інжынер ЖЭУ‑120 Андрэй Цялегін.

«Адміністратарам трэба будзе адкрыць юрыдычную асобу, потым узяць у арэнду памяшканне, у якім будзе знаходзіцца абсталяванне: узмацняльнікі, драты…Я чуў, што кіламетр каштуе недзе 80 тысяч. Адміністратары будуць браць абаненцкую плату з карыстальнікаў, яна будзе ісці на рахункі, з якіх ужо юрыдычныя асобы будуць плаціць падаткі…»

Хутчэй за ўсё, да канца лета жыхары Мінску застануцца без сетак. Ці будзе працэдура іх узаконьвання простай, невядома, але нават самі чыноўнікі ў гэтым сумняюцца.

Паводле: Кацярына Буланава, Эўрарадыё

Глядзі яшчэ:
Хатнія кампутарныя сеткі дажываць апошнія дні
Улады бяруць хатнія сеткі пад кантроль
Інтэрнэт‑кавярні абавязалі супрацоўнічаць з КДБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0