Сёньня, 21 чэрвеня, ва ўправе БНФ прайшлі першыя сумоўі для тых, хто жадае трапіць на вучобу ў Польшчу па праграме Каліноўскага.

Хлопцы і дзяўчаты прыехалі ў Менск з усіх гарадоў Беларусі. Многія з бацькамі — хто ж яшчэ падтрымае ў такую адказную хвіліну. Таты і мамы хвалююцца ня менш за сваіх дзяцей. Адзін бацька кажа: «Страшна адпускаць дачку ў сьвет, але выйсьця няма».

Адначасова зь першымі наведнікамі ў офісе партыі БНФ зьявілася нейкая бабулька‑правакатарка, на дзіва абазнаная ў беларускай гісторыі: «Што, нашчадкі Каліноўскага сабраліся? Усе ў Польшчу ўцякаеце, а хто тут будзе?» Ледзь не палезла біцца, у час адцягнулі.

Вялікая заля ўправы была цалкам запоўненая «абітурыентамі». Відовішча вельмі падобнае на ўступны іспыт у ВНУ, калі яшчэ не ўвялі тэставаньня.

Гадзіна «Х». Выходзіць строгі «экзамэнатар» — праваабаронца Алег Воўчак. Ён называе прозьвішча — падскоквае адзін хлопец. Маці хлопца кажа: «Ну, з Богам». Маладзён ідзе ў кабінэт. Хвілінаў праз 7‑10 выходзіць. Яго адразу абступаюць іншыя прэтэндэнты / канкурэнты: «Ну як? Паедзеш? Што пыталіся?». Хлопец сьмяецца: «Меней, чым ва ўнівэрсытэце на іспыце».

Алесь С. папрасіўся на прыём без чаргі, праз пару гадзін яму трэба здаваць экзамэн у мэдунівэрсытэце. Выходзіць амаль адразу і адмоўна махае рукой: «Ня возьмуць. Мяне ж ня выгналі з унівэру. Тым больш, кажуць, на мэдыцыну месцаў ня будзе». Зрэшты, Алесь ня вельмі і засмуціўся. Ён нічога не губляе, бо можа прадоўжыць вучобу на Радзіме. Некаторыя ж дзяўчаты выходзілі з «экзамэнацыйнага» кабінэту са сьлязьмі на вачох. Тут лішнія пытаньні ня трэба — камісія паставіла «нездавальняючы».

Здаецца, што ў першы дзень ніводзін не атрымаў адназначны адказ, ці паедзе ён за мяжу . Кажуць, што будуць разьбірацца з кожным выпадкам асобна, бяруць нумар тэлефону і называюць прыкладную дату, калі можна чакаць тэлефанаваньня.

Чакаючы сваёй чаргі, дзяўчына расказвае, што яе выгналі з Акадэміі музыкі, нічога іншага, як сьпяваць, яна ня ўмее. Вось і хоча ў Польшчы працягнуць вучобу. Усіх пераконвае, што абавязкова вернецца: «Каму я ў той Польшчы патрэбная».

Бачачы знаёмыя твары, хлопцы і дзяўчаты пачынаюць сьмяяцца і жартаваць: «І ты ў польскі балаган захацеў? Шляхамі Вітаўта Мілінкевіча пойдзем?». Расказваюць адзін аднаму пра затрыманьні і арышты, ператрусы і допыты. Хвалююцца, ці змогуць вывучыць польскую. Чамусьці мала хто гаворыць па‑беларуску.

Заходжу паглядзець, што адбываецца ў «экзамэнацыйным пакоі». У камісіі сямёра чалавек. Выклікаюць «абітурыента». Заходзіць сымпатычная дзяўчына з Паставаў Алеся Р. Пытаюцца, хто такая, адкуль, як удзельнічае ў палітычным жыцьці, ці былі нейкія рэпрэсіі. Адказвае, што не было, але з працы звольнілі яе бацьку, які зьяўляецца пастаўскім актывістам апазыцыі. Праграма Каліноўскага разьлічана і на дзяцей, у якіх рэпрэсаванымі аказаліся бацькі. Зрэшты, у дзяўчыны не аказалася патрэбных дакумэнтаў, каб гэта пацьвердзіць. У камісіі просяць прывесьці ўсе патрэбныя паперы, а ўжо потым будзе весьціся гаворка пра вучобу.

Дзяўчына з Баранавіч пераконвае, што праз яе палітычную актыўнасьць, яна ня можа паступіць ва ўнівэрсытэт. Пытаюцца, а ці былі супраць яе прымененыя нейкія палітычныя рэпрэсіі. Кажа, што не. Таму і шанцы зьехаць у яе ня вельмі вялікія.

Вынікае, што сёлета трапіць на праграму Каліноўскага зможа далёка ня кожны. Адбор стаў нашмат больш строгі, чым летась. Сёлета ў фонд абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» было пададзена каля 60 заявак на працяг вучобы за мяжой. Колькі зь іх задаволяць, а колькім адмовяць стане вядома ў пачатку ліпеня.

Экзамэнацыйная кампанія працягваецца.

Зьміцер Панкавец

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0