Банк «ABN Amro» (Нідэрланды) зацікаўлены ў развіцці доўгатэрміновага супрацоўніцтва з Беларуссю. Пра гэта было заяўлена 21 чэрвеня ў Мінску падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам банка.

Як паведаміла прэс‑служба кіраўніка дзяржавы, А.Лукашэнка ў цэлым станоўча ацаніў працу «ABN Amro» ў Беларусі, падзякаваў банку за супрацоўніцтва падчас правядзення ацэнкі актываў ААТ «Белтрансгаз». «Я маю на ўвазе той перыяд, на працягу якога мы працавалі з банкам. Ён даў нам значныя вынікі: мы нечаму навучыліся, чаго раней не ўмелі рабіць, у чымсьці пераканаліся», — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да члена праўлення банка.

Пры гэтым А.Лукашэнка асабліва падкрэсліў: «Галоўнае, што ў выніку вашай працы ў Беларусі кіраўніцтва і спецыялісты аднаго з найбуйнейшых банкаў у Еўропе ўбачылі сапраўдную Беларусь, яе фінансава‑эканамічны патэнцыял».

«Той факт, што вы сёння ідзяце на адкрытае супрацоўніцтва з краінай, гаворыць аб тым, што ў нас не ўсё так безнадзейна, як пішуць некаторыя заходнія СМІ», — сказаў А.Лукашэнка.

Развіваючы супрацоўніцтва, устанаўліваючы з «ABN Amro» больш цесныя кантакты, прапануючы банку кірункі працы ў нашай краіне, Беларусь зыходзіць з перспектыўных магчымасцей, якія можа даць такое супрацоўніцтва, зазначыў прэзідэнт. «Мы хочам працаваць з вядомым банкам, а вы — ведаеце нашу краіну, нашу эканоміку», — сказаў ён.

У сваю чаргу член праўлення «ABN Amro» Вілка Джыскат зазначыў, што банк выбудоўвае ў Беларусі канцэпцыю супрацоўніцтва на доўгатэрміновай аснове і разлічвае на рэалізацыю некалькіх сумесных праектаў. Паліўна‑энергетычны комплекс разглядаецца «ABN Amro» ў якасці прыярытэтнай сферы для інвеставання.

Памер сукупных актываў банкаўскай групы «ABN Amro» на 1 студзеня 2007 года перавысіў 987 млрд. еўра, статутны капітал — 1,9 млрд. еўра. Банк мае больш за 4,6 тыс. філіялаў і даччыных банкаў у 53 краінах, уключаючы Расію, Казахстан, Узбекістан. Чысты прыбытак банка за 2006 год склаў 4,7 млрд. еўра.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0