14 чэрвеня

Казуліна пазбавілі сустрэчы зь сям’ёй

Палітвязьня Аляксандра Казуліна пазбавілі права на кароткатэрміновую сустрэчу зь сям’ёй, што мусіла адбыцца ўлетку. Нагодай стала нібыта парушэньне вязьнем дысцыпліны. Сваякі валодаюць інфармацыяй, што яго зьбіраюцца перавесьці ў менскі турэмны шпіталь.

Арыштавалі кіраўніка Шклоўскага БНФ

Аляксандра Фёдарава, кіраўніка Шклоўскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ, арыштавалі па абвінавачаньні ў атрыманьні заробку за «нябожчыка». У той жа дзень у хаце Фёдарава міліцыянты ўчынілі ператрус. А Фёдараў быў зьмешчаны ў камэру часовага затрыманьня.

15 чэрвеня

Дашкевіч адседзеў палову тэрміну

15 чэрвеня мінула палова тэрміну зьняволеньня Зьмітра Дашкевіча. З гэтай нагоды незарэгістраваны «Малады фронт» расклеіў уначы ў Менску дзясяткі партрэтаў палітвязьня з патрабаваньнем яго вызваленьня.

Зьміцер адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі.

Шацікаву і Ігнатовіча аштрафавалі

У Віцебску актывістку Крысьціну Шацікаву пакаралі штрафам у памеры 21 базавай велічыні (651 тыс. рублёў). Судзьдзя Першамайскага суду Віцебску Валянціна Кісьмярошкіна прад’явіла ёй абвінавачваньне адразу па двух артыкулах КаАП: непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. У Менску аштрафаваны сябра Партыі БНФ Андрусь Ігнатовіч. Суд Фрунзенскага раёну Менску прызнаў А. Ігнатовіча вінаватым у расклейваньні ўлётак з заклікам узяць удзел у мітынгу 26 красавіка. Паводле ч. 1 арт. 23.24 КаАП РБ (парушэньне ўсталяванага парадку арганізацыі й правядзеньня мітынгаў), Ігнатовіча аштрафавалі на 15 базавых велічыняў (465000 беларускіх рублёў).

У Горадні ўсталявалі слуп памяці

На месцы разбуранага будынку па вул. Горкага, 29, актывісты дэмакратычнага руху ўсталявалі слуп з фотаздымкам і шыльдай з надпісам: «Жылы дом. Помнік архітэктуры канструктывізму. 1936 — 6.X.2006. Трагічна загінуў».Такіх дамоў у Горадні дзесяць, а па ўсёй Беларусі — каля сотні.

Забаранілі пікет

Менгарвыканкам забараніў пікет супраць адмены льготаў. Заяўнікамі выступілі сябры Партыі БНФ Андрусь Ігнатовіч і Сяржук Семянюк. Пікет меркавалі правесьці 21 чэрвеня ў раёне вул.Харужай і Куйбышава з 16.00 па 20.00. Адмова грунтуецца на тым, што «правядзеньне акцыі будзе ствараць нязручнасьці пешаходам і руху транспарту».

17 чэрвеня

Супольная малітва пратэстантаў

У нядзелю адбылася супольная малітва ў пратэстанцкіх цэрквах. Яна ахапіла больш за 10 тысячаў вернікаў і адбывалася адначасова ў тысячы памесных цэркваў па ўсёй Беларусі. Малітве папярэднічаў трохдзённы пост. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу да парушэньня ўладамі правоў рэлігійных меншасьцяў.

18 чэрвеня

Тацяну Севярынец не аднавілі на працы

Судзьдзя Першамайскага раённага суду Тацяна Родзіна адхіліла пазоў Т.Севярынец да Аддзелу адукацыі Першамайскага раёну Віцебску. Спн.Тацяна зьбіраецца падаваць касацыйную скаргу і новы пазоў у суд вышэйшай інстанцыі. Т.Севярынец імкнецца праз суд аднавіцца на працы. Яе звольнілі зь сярэдняй школы №40 нібыта за прагулы.

Рэгістрацыя Руху «За свабоду»

Лідэр «Руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч падаў заяўку ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду».

У Клецку прыкрылі палітычную справу

Заведзеная 13 траўня супраць клецкага актывіста Сяргея Панамарова крымінальная справа паводле ч.2 арт. 188 (паклёп у друкаваных сродках) спыненая з‑за адсутнасьці складу злачынства. Нагодай для справы стала нататка ў газэце «Бойкі Клецк», якую С.Панамароў выдае ўласнымі сродкамі. У адным з артыкулаў вялося пра тое, як кіраўнічка Клецкай юрыдычнай кансультацыі Натальля Семашкевіч адсудзіла ва ўласнага бацькі маёмасьць ды пазбавіла яго бацькоўскіх правоў на малодшую дачку.

Студэнты зьбіраюць подпісы за вызваленьне Рыты Царан

Больш за сто студэнтаў Гарадзенскага ліцэю і Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту падпісаліся пад лістом з просьбай вызваліць Маргарыту Царан. 20‑гадовую дзяўчыну асудзілі на чатыры гады зьняволеньня за набыцьцё 0,28 гр марыхуаны. Падпісанты лічаць, што прысуд студэнтцы несправядлівы, а крымінальная справа супраць яе — вынік памылкі альбо правакацыі.

19 чэрвеня

Справу Лукашова перанесьлі на 9 ліпеня

19 чэрвеня судзьдзя Ленінскага раёну Менску Т.Жулкоўская мусіла пачаць паўторна разглядаць справу Кастуся Лукашова, брата Вячаслава Сіўчыка, аднак працэс не адбыўся. На суд не зьявіўся пацярпелы ўчастковы Сушчэня, ён да 5 ліпеня знаходзіцца ў камандзіроўцы. Справу К.Лукашова перанесьлі на 9 ліпеня. 20 лютага суд пакараў Лукашова зьняволеньнем на 2 гады з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады. Кастуся прызналі вінаватым у парушэньні арт.364 КК (Супраціў міліцыі). У красавіку Калегія Менскага гарадзкога суду адмяніла прыгавор К.Лукашову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0