Адна з самых яркіх беларускіх камандаў пачатку новага стагодьдзя канчаткова пазбавілася фолк-рокавага налёту і паклала ў кут прымочку для электрагітары, каб запісаць ціхенькі поп-альбом.

Сёньня «beZ bileta» — цалкам расейскамоўны поп-рок праект, стыль якога вызначае песьня з гэтага дыску пад назвай «Такія павольныя»: альбом — цягучы, настрой — лірычны, песьні — пранізаныя «трагічнымі» клявішнымі. Зрэшты, не паўсюль пяецца пра дажджы, сны, мары і аватары. У «Песьні Артыста» Віталік іранізуе зь сябе: «За апошнія паўгоду нефігова апапсеў, калі такую фігню запеў». Фігня — не фігня, але песьні гэтыя — на рэдкага аматара.

Яны на першы погляд немудрагелістыя, але пры гэтым перапоўненыя вобразамі, які ня кожны здольны ўспрыняць. Вам, да прыкладу, падабаецца такая «мантра»: «Я — ромашка, я — ромашка, порвалась моя тельняшка»? У «Кіно» сумяшчаюцца два пачаткі Віталіка — абыякавага да ўсяго блазна і тонкага лірыка, які здольны напісаць сапраўдную пачуцьцёвую песьню («Месца для цябе» якраз з такіх).

Некаторыя творы можна скарыстаць для музычнага аздабленьня якога студэнцкага сэрыялу. Ад астатніх беларускіх поп-рок праектаў «beZ bileta» розьніць большая тэкставая заглыбленасьць — штампаў і агульшчыны ў іх значна меней. У літоўцаў — Мамантавас, у расейцаў — Барзоў, а ў нас няхай будзе Віталік Артыст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?