Алег Гардзіенка, гісторык: «Раман Эдуарда Самуйлёнка «Будучыня». Гэта цікавы прыгодніцкі раман пра падзеі 1920‑х гадоў у Грузіі. Таксама хацелася б убачыць на экранах раман Кузьмы Чорнага «Трэцяя пакаленьне».

Віктар Шалкевіч, бард, актор: «Найперш трэба зьняць па матывах беларускіх казак мульцікі. Вы пачытайце «Анталёгію беларускіх казак», якія там сюжэты і героі! Зь іх маглі б атрымацца супэрскія мультфільмы, якія маглі б даць фору нават дыснэеўскім».

Франц Сіўко, пісьменьнік: «Раман Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая…» Таксама я б паставіў дакумэнтальны фільм паводле кнігі Гэрмана Кірылава «Гарт». Гэта твор пра знакавыя падзеі беларускай гісторыі. У ім расказваецца пра глыбоцка‑пастаўскае пасьляваеннае падпольле».

Даніла Жукоўскі, літаратурны крытык: «У пісьменьніка Яраслава Пархуты ёсьць дакумэнтальная аповесьць «Адзінец» пра чалавека, які шмат гадоў хаваецца ў лесе ад НКВДыстаў. Здаецца, што было б добра экранізаваць менавіта яе. Таксама можна было зьняць фільмы на творы Вольгі Іпатавай».

Максім Жбанкоў, кінакрытык: «Мне б хацелася бачыць экранізацыю паводле Караткевіча: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», бо фільм, зьняты ў савецкія часы, не задавальняе практычна ва ўсіх аспэктах. Можна было зьняць фільм на гістарычныя творы Ўладзімера Арлова. І «Меч князя Вячкі» Леаніда Дайнэкі падаецца кінэматаграфічным творам».

Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца: «Дамавікамэрон» Адама Глёбуса. Падобна на тое, што аўтар нават пісаў гэты твор з прыцэлам на экранізацыю. «Дамавікамэрон» напісаны сучаснай мовай, ёсьць зварот да культурных кодаў. Дынамічнае выкладаньне твору дазволіла б зьняць пазытыўны і пасьпяховы фільм у стылі экшн».

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік, гісторык: «Каласы пад сярпом тваім». Таму што менавіта гэты твор канчаткова зрабіў мяне (ведаю, што ня толькі мяне) беларусам паводле сьветабачаньня, сьветаразуменьня і сьветаўяўленьня».

Міхал Анемпадыстаў, мастак, рок‑паэт: «Зладзейскую трылёгію» Сяргея Пясэцкага. Гэтая літаратура напісаная па‑польску, але на менскім матэрыяле. Увогуле, усе творы Пясэцкага досыць кінэматаграфічныя, займальныя і захапляльныя. «Трылёгія» апавядае пра Менск да, падчас і пасьля рэвалюцыі. З такога фільму мы маглі б шмат чаго даведацца пра сваю гісторыю. Выйшаў бы такі беларускі «Ва‑банк».

Аляксандар Фядута, літаратурны крытык: «Караткевіч. Даеш «Каласы пад сярпом тваім» і «Ладзьдзю роспачы»!

Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ: «Крывавы памол» Сержука Сокалава‑Воюша. Ён інтэгруе беларускую міталёгію ва ўсе сусьветныя міталягічныя каноны».

Юлія Амельяновіч, настаўніца беларускай літаратуры, Наваградчына: «Сны імпэратара» Ўладзімера Арлова».

Ігар Сарокін, доктар‑псыхіятар: «Дзьве рэчы з Быкава — «Жоўты пясочак» і «Яго батальён». У адным творы расказваецца пра тое, як ваявалі супраць народу, у другім — як ваяваў сам народ. Экранізацыя дазволіла б нам больш зразумець пра даваенны і ваенны час у Беларусі».

Пятро Васючэнка, літаратуразнаўца: «Па аналёгіі з Польшчай мы мусім экранізаваць нацыянальныя эпасы — «Новую зямлю» Коласа і «Палескую хроніку» Мележа. Цэлы сэрыял можна паставіць на аснове беларускіх сярэднявечных летапісаў («Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», «Летапіс Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага» і «Хронікі Быхаўца»). Мыльная опэра ў пяцьсот сэрыяў магла б атрымацца з навэлі Францішка Багушэвіча «Тралялёначка».

Міхась Тычына, літаратуразнаўца: «Аповесьць Васіля Быкава «Бліндаж». Гэта гатовы сцэнар. Твор мае вельмі круты сюжэт. Тым больш, у «Бліндажы» ёсьць эпізоды, зьвязаныя з кіно, згадваецца імя Анджэя Вайды. Таксама варта было б экранізаваць раман Алеся Наварыча «Літоўскі воўк». Гэта спэцыфічны, погляд на вядомыя падзеі беларускай гісторыі. «Літоўскі воўк» — нетрадыцыйны твор для нашай літаратуры, з элемэнтамі дэтэктыву, са зьменай кадраў, містыкай і міталёгіяй. З гэтага мог бы атрымацца добры трылер».

Генадзь Бураўкін, паэт: «Ня ўсе экранізацыі мяне задавальняюць. Напрыклад, «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Мне хацелася бачыць фільм на гэты твор ня горшы, чым спэктакль у Купалаўскім. Таксама мне шкада, што неяк міма кіно прайшлі такія пісьменьнікі, як Кузьма Чорны і Максім Гарэцкі. «Дзьве душы» маглі б ідэальна глядзецца на экране».

Лявон Юрэвіч, архівіст: «Былі спробы экранізацыі добрых твораў — і Караткевічавых, і «Шляхціца Завальні». Выбіралі нездарма, думалі, сам тэкст уратуе, сюжэт, але ж… Дык зрабіць новыя вэрсіі — самы раз. «Хрыстос» — у добрых руках і з разумнаю галавой спарадзіў бы хвалю насьледаваньняў у Галівудзе. Караткевічавы «Леаніды» маглі б стаць проста беларускай Love Story новага часу. Зь неэкранізаванага прапаную «Невядомую вайну» Сагановіча».

Барыс Тумар, публіцыст: «Гарэцкі. Час здымаць паводле Гарэцкага. Кароткі мэтраж паводле апавяданьняў. «У лазьні» — сапраўдны шэдэўр. І, канечне, «Дзьве душы» і «Віленскія камунары». Гэта матэрыял для оскараўскіх сцэнароў. Грандыёзны гістарычны кантэкст — нараджэньне беларускай нацыі, эўрапейская рэвалюцыя — і натуралізм пачуцьцяў. Гарэцкі лёгкі для экранізацыі, бо быў як майстрам і эпічнага паказу эпохі, і эпізоду. Мне жыва ўяўляюцца на экране сцэны, як на лаўцы Александраўскага саду спакушае героя «Віленскіх камунараў», рэвалюцыянэра, менская мяшчаначка, падсоўваючыся да яго мяккім гарачым бокам, або, зусім іншая танальнасьць, як віленчукі лавілі і елі варанятаў у часе нямецкай акупацыі. У той жа час сюжэты Гарэцкага не закрытыя, яны лёгка надаюцца на пашырэньне і разьвіцьцё. Фільмы паводле Гарэцкага сталі б сэнсацыяй. Толькі калі мы дажывем, калі выгадуюцца сцэнарысты і рэжысэры, здольныя ўстаць на адну дошку з Гарэцкім па разуменьні чалавека й гісторыі? Пакуль такіх нешта ня бачыцца…»

Апытаў Зьміцер Панкавец

***

Што экранізавана зь беларускае клясыкі

Найбольш экранізацый прыпадае на Васіля Быкава: «Трэцяя ракета», «Альпійская баляда», «Пастка», «Воўчая зграя», «Дажыць да сьвітаньня», «Абэліск», «Пайсьці і не вярнуцца» (двойчы), «На Чорных лядах» і «Сотнікаў» («Узыходжаньне»), «Жураўліны крык».

Шмат ставілі і Алеся Адамовіча: дылёгія «Партызаны», («Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой») «Франц і Паліна». «Карнікі» і «Хатынская аповесьць» зьфільмаваныя ў «Ідзі і глядзі».

Караткевіч увасобіўся на экране «Дзікім паляваньнем караля Стаха», «Чорным замкам Альшанскім», «Жыцьцём і ўзьнясеньнем Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні») — і «Маці ўрагану».

Экранізаваныя творы Якуба Коласа «На прасторах жыцьця» — «Песьня вясны» (1929), «На ростанях» — «Першыя выпрабаваньні» (1960). А Ўладзімер Колас, дырэктар Беларускага ліцэю, дэбютаваў з «Маладым дубком» (1980). «Сымон‑музыка» стаў «Песьняй музыкі».

Янка Купала прадстаўлены «Паўлінкай» (1952 і 1972) і «Раскіданым гняздом» (1981); маецца й тэлеспэктакль «Тутэйшыя» (1992).

Самым першым беларускім фільмам была «Лясная быль» 1926 г. паводле «Сьвінапасу» Міхася Чарота. Карціна дайшла да нас ня цалкам. А экранізацыя аповесьці Анатоля Вольнага «Два» — карціна «Хвоі гамоняць» — не захавалася.

У 90‑я, на тэлевізіі былі пастаўленыя «Запіскі Самсона Самасуя» і «Тутэйшыя», а расейцы экранізавалі «Ў тумане» Васіля Быкава.

За апошнія 20 гадоў пастаўленыя «На Чорных лядах», «Плач перапёлкі», «Круглянскі мост», «Кар’ер», «Франц і Паліна». Летась Віктар Асьлюк экранізаваў «Ой ляцелі гусі» Зарэцкага (фільм «Нябачаны край»).

Найболей з экранізацыямі не пашэнціла Коласу й Купалу. Фільмы паводле іхніх кнігаў ня сталіся кінападзеямі, а «Пасьля кірмашу» — паводле «Паўлінкі» расейскамоўны(!) беларускі трэш.

Затое ў кінаскарбонку ўвайшлі экранізацыі Мележа («Людзі на балоце»), Казько («Судны дзень» — паводле «Сьведкі»), Адамчыка («Чужая бацькаўшчына»).

«Узыходжаньне» — паводле «Сотнікава» — выклікала шок ў Заходнім Бэрліне і заслужыла галоўныя фэстывальня ўзнагароды. Пасьля стужкі «Ідзі і глядзі» Алеся Адамовіча запрашалі ў Галівуд.

Клясычнымі зьяўляюцца і беларускія экранізацыі замежных казак: «Прыгоды Бураціна», «Пра Чырвоны каптурык», «Горад майстроў».

А самая недаацэненая экранізацыя — адразу ўсіх кніг на сьвеце (!) — дзіцячая кінаказка Леаніда Нячаева «Прыгоды ў горадзе якога няма» (1975), дзе хлопчык трапляе ў краіну, населеную слыннымі літаратурнымі героямі.

***

Што здымаюць беларускія рэжысэры?

«Беларусьфільм» загружаны прапагандысцкімі «вайскова‑патрыятычнымі» праектамі. Да прыкладу, «Радзіма альбо сьмерць» Алы Крыніцынай. Чэ Гевара тут не пры чым: гэты супольны расейска‑беларускі фільм апавядае пра дзетак‑дывэрсантаў, якіх рыхтуюць нацысты. А добрыя агенты НКВД нацыстам перашкаджаюць. Фільм здымаўся як «патрыятычны» адказ на расейскі фільм «Сволачы» пра спэцшколу НКВД, дзе ўсё было наадварот.

На замову Міністэрства абароны Беларусі «Беларусьфільм» здымае шпіёнскі фільм «Шчыт Айчыны». Сюжэт нібы прывандраваў з савецкага кінэматографу 30‑х: працай маладога лейтэнанта Аляксея зацікавіўся шпіён Дзік Оўэн, які выдае сябе за бізнэсоўца. Рэжысэр карціны — выхаванец Міхаіла Пташука Дзяніс Скварцоў.

Яшчэ адзін выхаванец Пташука Андрэй Голубеў здымае вайсковую драму «Чаклун і Румба». Чаклун — гэта сапёр, Румба — яго сабачка. Варыянты разьвіцьця сюжэту?..

Рэжысэр Іван Паўлаў, аўтар касавай каляніяльнай камэдыі «Сьвежына з салютам», робіць новую: «На сьпіне ў чорнага ката». Фільм «з элемэнтамі містыкі» распачынаецца так: дзед Лёха набывае ў няшчаснай жанчыны лятарэйны білет.

А разам з аніматаркай Аленай Туравай, дачкой Віктара Турава, І.Паўлаў ставіць на «Беларусьфільме» фільм‑казку «Навагоднія прыгоды ў ліпені».

Андрэй Кудзіненка, аўтар забароненага ў Беларусі фільму «Акупацыя. Містэрыі», зарабляе ў Расеі. Нядаўна ён здымаў сэрыял «Кадэткі» (вельмі папулярны цяпер ва Ўкраіне) і цяпер разам са сцэнарыстам «Акупацыі» Аляксандрам Качаном робіць рэмэйк савецкай стужкі 1976 г. «Розыгрыш».

А рэжысэр Аляксандар Канановіч здымае поўнамэтражную стужку на студыі рэжысэра Аляксея Ўчыцеля, які прадусаваў і фільм беларускі Марыі Мажар «Ворагі».

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0