21 чэрвеня

Акадэмія кіраваньня ня йдзе

У судзе Кастрычніцкага раёну адбылася сустрэча бакоў. Яна была кароткай. Судзьдзя Пракаповіч запытала ў прадстаўніка Акадэміі, ці згодны той пайсьці на міравую зь Юрасём Алейнікам, студэнтам 4 курсу, адлічаным за пропускі. Атрымаўшы адмоўны адказ, судзьдзя прызначыла дату чарговай сустрэчы.

Пракуратура папярэдзіла

Раніцай супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным затрымалі каля дамоў і даставілі ў Менскую гарадзкую пракуратуру трох моладзевых актывістаў Яўгена Іванюка, Настасьсю Шамарэй і Надзею Манцэвіч. Усім затрыманым вынесьлі папярэджаньні, якія падпісаў намесьнік пракурора Менску старшы саветнік юстыцыі А.Стук. У папярэджаньнях вядзецца пра тое, што, «паводле інфармацыі пракуратуры Менскай вобласьці, маладзёны маюць намер арганізаваць і прыняць удзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў», у дачыненьні да якой маецца рашэньне Вярхоўнага суду РБ аб ліквідацыі аб’яднаньня, якое ўжо набыло моц».

Абаронцы Магілёва

У Магілёве захоўваецца напружаная сытуацыя з прычыны будаўніцтва праваслаўнага храму на тэрыторыі Замчышча. 21 чэрвеня прадстаўнікі прыходу затрымалі і адвялі ў пастарунак сябра аб’яднаньня «Гісторыка» Віталя Ругайна, калі той спрабаваў сфатаграфаваць катлаван на Замкавай гары. З пастарунку яго адпусьцілі, не знайшоўшы ніякіх парушэньняў. На незаконныя дзеяньні актывістаў прыходу В. Ругайн падрыхтаваў скаргу ў міліцыю.

Днём раней будаўнікі з камянямі ў руках сустрэлі іншага моладзевага актывіста, які фатаграфаваў яміну.

22 чэрвеня

Міхалевіча таксама папярэдзілі

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч атрымаў папярэджаньне, падпісанае намесьнікам пракурора Менску А.Стукам. Яго таксама перасьцераглі ад удзелу ў незарэгістраванай арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» ды пастрашылі артыкулам 193‑1 КК РБ.

Гайдукевіч назваў палітвязьняў крымінальнікамі

«У Беларусі няма палітвязьняў, і мы на гэтым настойваем»,— заявіў у Рыме спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Гайдукевіч. У часе сустрэчы з італьянскім дэпутатам і дакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні, лідэр Лібэральна‑дэмакратычнай партыі падкрэсьліў, што вязьні, пра якіх пішуць на Захадзе, зьяўляюцца звычайнымі крымінальнікамі.

25 чэрвеня

Ю.Алейніка пазбаўляюць адваката

Падчас паседжаньня па справе Ю.Алейніка судзьдзя Пракаповіч выдаліла з памяшканьня грамадзкага абаронцу Алега Гулака на той падставе, што той нібыта ня мае паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы студэнта ў судзе. Судовае пасяджэньне адбудзецца 4 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёну (вул. Сямашкі, 33) у 14.00, каб. 2106.

26 чэрвеня

Артуру Фінькевічу пагражае турма

Адміністрацыя Магілёўскай спэцкамэндатуры цягам 10 сутак мусіць вызначыць дысцыплінарнае пакараньне для Артура Фінькевіча. Палітвязьня могуць пакараць да трох гадоў пазбаўленьня волі. Супрацоўнікі камэндатуры палічылі парушэньнем рэжыму тое, што пасьля адбою хлопец зайшоў у суседні пакой па валідол.

Суды адмовілі сьвятарам

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Тацяна Паўлючук адмовіла у задавальненьні пазову пратэстанцкага пастара Яраслава Лукасіка, дэпартаванага зь Беларусі. Я.Лукасік прасіў прызнаць незаконным рашэньне старшыні Цэнтральнага РУУС сталіцы, згодна зь якім ён быў аштрафаваны за несанкцыянаванае набажэнства і дэпартаваны.

Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Аляксей Рыбакоў адмовіў пастару пратэстанцкай царквы «Ян Прадвесьнік» Антонію Бокуну ў скарзе на рашэньне суду Цэнтральнага раёну ад 4 чэрвеня. Тады за несанкцыянаванае богаслужэньне судзьдзя Т.Паўлючук асудзіла сьвятара на 3 сутак арышту.

Узяліся за барысаўскіх

У Барысаве выклікаюць на допыты апазыцыйных актывістаў, паплечнікаў лідэра барысаўскай суполкі Партыі БНФ Сяргея Салаша. Пазовы ў пракуратуру атрымалі Зьміцер Бабіцкі, Сяргей Сацук, Зьміцер Мяцельскі, Алег Мацкевіч. Справу будзе весьці сьледчая І.Пашкевіч. У пракуратуру Барысава наведаўся лідэр руху «За свабоду!» Аляксандар Мілінкевіч, які меў сустрэчу з пракурорам гораду і раёну Ўладзімерам Шпакоўскім. Пракурор заявіў, што ня ведае пра допыты, бо знаходзіўся ў адпачынку. Шпакоўскі паведаміў, што Салаша могуць зьвінаваціць у абразе мясцовага начальства ў СМІ.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0