Больш за тыдзень таму прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў закон «Аб дзяржаўных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзян», ці, інакш кажучы — закон аб адмене льготаў. Зрабіў ён гэта практычна бяз шуму. Відаць, каб не прыцягваць да падзеі ўвагу грамадзтва, закон быў надрукаваны толькі ў газэце «Звязда». Але цікава нават ня гэта — цікава, чаму ўлада, якая заўсёды называла сваю эканамічную палітыку «сацыяльна-арыентаванай», усё ж пайшла на адмену льготаў, тым самым значна зачапіўшы свой электарат, прадстаўнікі якога, як і астатнія жыхары краіны, безумоўна, адчуюць на сабе наступствы гэтага кроку? Што стаіць за скасаваньнем ільготаў?

Шэраг экспэртаў адразу зрабілі выснову, што прычынай таму — не найлепшае становішча беларускай эканомікі. Рост цэнаў на энэрганосьбіты, вялікія запасы прадукцыі на складах, зношаныя асноўныя фонды й гэтак далей. У дзяржавы проста не хапае грошай на вялікую армію льготнікаў.

Паводле міністра працы й сацыяльнай абароны Беларусі Патупчыка, у краіне зараз ад 6 да 7,5 мільёнаў чалавек карыстаюцца льготамі. Пры гэтым, паводле зьвестак Мінстата, дзяржава выдаткоўвае на кожнага зь іх ня болей за 40 даляраў у год. Гэта ўсяго — каля 300 мільёнаў даляраў у год. У параўнаньні з сумай выдаткаў на сельскую гаспадарку, якія складаюць у бюджэце 2007 году больш за 1,2 мільярда даляраў, — сума не такая агромністая. Законапраект прадугледжвае скасаваньне 30% дзейных ільготаў. Дзяржава можа сэканоміць каля 100 мільёнаў даляраў ЗША — у параўнаньні з агульным дзяржбюджэтам сума нават і сьмешная.

Гэта значыць, эканамічнай матывацыі ў ідэі скасаваньня льготаў няма. Гэта чыста палітычнае рашэньне — улада больш не зацікаўленая ў падтрымцы свайго традыцыйнага электарату — вэтэранаў, пэнсіянэраў, малазабясьпечаных груп насельніцтва. Яны, як кажуць, і так нікуды ня дзенуцца. Таму што яны найменш мабілізаваныя ў палітычным сэнсе і ў найбольшай ступені апрацаваныя афіцыйнай прапагандай.

Улада ўжо раней не аднойчы прымала розныя непапулярныя рашэньні, але наякіх сацыяльных выбухаў не адбылося. Ужо цяпер відавочна, што частковая адмена сацыяльных ільготаў не прывядзе да сур’ёзных пратэстаў, паколькі магчымыя «каналы» гэтага пратэсту надзейна заблякаваныя.

Да таго ж, улада імкнецца памяняць і сам накірунак выдаткаў. Гэта зьвязана са зьменай характару сацыяльна-эканамічнай палітыкі, якую праводзіць кіраўніцтва краіны. Выглядае, што стаўка сёньня робіцца на інфраструктурныя праекты і дзяржаўныя інвэстыцыі ў эканоміку. А на льготніках можна й сэканоміць.

На самой справе ніякай сацыяльнай арыентацыі няма. Яе не было і да частковай адмены льготаў

Гэты крок паказвае й на тое, што «сацыяльна арыентаваная палітыка» дзяржавы становіцца ўсё больш дэкляратыўнай. На самой справе ніякай сацыяльнай арыентацыі няма. Яе не было і да частковай адмены льготаў: ахова здароўя й адукацыя паступова пераводзіліся на камэрцыйныя рэйкі. Не выплачвалася адпаведная пражытковаму мінімуму дапамога па беспрацоўю. Такім чынам, дзяржава актыўна шукала спосабы зьніжэньня сацыяльных абавязацельстваў перад грамадзянамі.

Адмена льготаў — яшчэ адзін (і, відаць, не апошні) крок у гэтым накірунку. І выбар часу, калі быў прыняты закон, наўрад ці быў выпадковым. У Беларусі з 1996 году назіраюцца так званыя «палітыка-эканамічныя цыклі». Так, перад важнымі палітычнымі падзеямі (рэфэрэндум, парлямэнцкія ці прэзыдэнцкія выбары) урад ня робіць непапулярных з пункту гледжаньня дабрабыту насельніцтва крокаў. Наадварот, ажыцьцяўляецца палітыка падвышэньня рэальных даходаў насельніцтва. Цяпер жа да наступнага важнага палітычнага мерапрыемства (парлямэнцкія выбары) застаецца яшчэ цэлы год.

Гэта дае падставу меркаваць, што ў блізкім часе больш нічога дрэннага ня здарыцца. Перад выбарчымі кампаніямі дзяржаўнага маштабу ніхто нічога адбіраць ня стане. А вось потым — іншая справа. Тэндэнцыя ўжо відавочная, і наўрад ці ўлады будуць адыходзіць ад яе. Створаныя ў дзяржаве мэханізмы ціску й пакараньня працуюць добра. А калі хапае пугі — навошта траціць пернікі?

Алег Ман, Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0