На прадпрыемстве скончылася сыравіна, у сувязі з чым работнікаў адправілі ў адпачынкі.

Паколькі ж новы ўраджай плануецца сабраць не раней чым праз некалькі месяцаў, многім работнікам Слонімскага льнозавода давядзецца працаваць у іншых месцах. Кіраўніцтва прадпрыемства прапануе людзям працаўладкаванне ў калгасах і саўгасах раёна, а тым, хто не пагаджаецца, кажуць пісаць заявы на адпачынак за свой кошт.

На сённяшні дзень Слонімскі ільнозавод, як і ўсе астатнія ў краіне, вымушаны ў абавязковым парадку пастаўляць усю сыравіну флагману беларускай лёгкай прамысловасьці — Аршанскаму ільнокамбінату. Згодна з пастановай урада, экспарт ільновалакна за межы краіны забаронены.

Аднак Аршанскі льнокамбінат на працягу доўгага часу не разлічваецца за набытую прадукцыю, што выклікае вялікія фінансавыя праблемы ў слонімскіх ільноперапрацоўшчыкаў.

Час аднаўлення працы Слонімскага льнозавода пакуль што невядомы. Усё залежыць ад будучага ўраджаю, які ў сваю чаргу залежыць ад надвор’я. У мінулым годзе гаспадаркі раёна пасеялі лён на плошчы 2 000 гектараў, але амаль увесь ураджай згніў. Сёлета пад гэтую сельскагаспадарчую культуру адведзена 1 200 гектараў — і што вырасьце праз некалькі месяцаў нікому не вядома.

Між тым Слонімскаму льнозаводу апошнім часам паступаюць выгодныя прапановы з‑за мяжы, але кіраўніцтва прадпрыемства не можа іх рэалізаваць у сувязі з забаронай экспарту.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0