Прэм’еры Нарвэгіі Енс Столтэнбэрг і Польшчы Яраслаў Качыньскі абмеркавалі ўдзел польскага боку ў распрацоўцы газавых радовішчаў у Барэнцавым моры.

Міністар эканомікі Польшчы Пётар Возьняк, які ўдзельнічаў у пятніцу ў спатканьні ў «вузкім коле» прэм’ераў Качыньскага i Столтэнбэрга, сказаў, што значная частка гутаркі тычылася энэргетычных пытаньняў.

Нарвэгія мае вялікія радовішчы газу. Дывэрсыфікацыя крыніцаў энэргіі — важны кірунак полскай палітыкі.

Колькі дзён таму прадстаўнікі польскай кампаніі PGNiG далучыліся да кансорцыюму Skanled, які налічвае 15 кампаніяў (паміж якімі Statoil, E.On., Ruhrgaz) і мае на мэце пабудаваць газаправод з радовішчаў у Паўночным і Нарвэскім моры, у тым ліку з радовішчаў на шэльфе, якія купіла PGNiG. Кампанія атрымала 15% удзелаў у кансорцыюме Skanled.

Skanled будзе праходзіць уздоўж паўднёвага ўзьбярэжжа Нарвэгіі. У праліве Катэгат будзе разгаліноўвацца на данскую i швэдзкую сыстэмы. Пасьля ўзьнікненьня газаправоду Baltic Pipe газ з дацкай сыстэмы можа транспартавацца на польскае ўзьбярэжжа.

«Прэм’ер Столтэнбэрг пераконваў нас інвэставаць у радовішчы ў Барэнцавым моры. Аднак, улічваючы пануючыя там вельмі цяжкія ўмовы, гэта гіганцкія выдаткі — у 10 разоў большыя, чым na шэльфе»? — сказаў Возьняк.

Міністар сумняецца, каб польскі манапаліст — кампанія PGNiG — магла ў дадзены момант выдаткаваць дадатковыя грошы, улічваючы абавязкі, зьвязаныя між іншым з набыцьцём радовішчаў na шэльфе, праектам будаўніцтва тэрміналу LNG, уваходам у кансорцыюм Skanled. Кампанія між іншым мусіць выдаткаваць на гэтыя інвэстыцыі да 2015 г. 7 млрд. даляраў.

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0