Сёньня паўвекавы юбілей адзначае праваслаўны сьвятар, клірык Сьвята‑пакроўскага прыходу ў менскай Вясьнянцы а. Аляксандар Шрамко.

Нагадаем, што ў траўні 2007 г. мітрапаліт Філарэт забараніў а. Аляксандру праводзіць службы ды залічыў яго па‑за штат. У віну сьвятару паставілі ўдзел у канфэрэнцыі, прысьвечанай закону аб свабодзе сумленьня. Аляксандар Шрамко тады рэзка крытыкаваў гэты закон, і ягоная пазыцыя разышлася з афіцыйнай пазыцыяй Беларускай праваслаўнай царквы.

Недзе праз тыдзень пасьля гэтых падзеяў Аляксандар Шрамко напісаў пакаянны ліст уладыку Філарэту, але адказу да гэтае пары няма.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да віншаваньняў айцу Аляксандру і зычыць яму жыцьцёвай вытрываласьці.

***

Айцец Аляксандар Шрамко нарадзіўся ў 1957 г. у Пінску. У 1974—1980 гг. вучыўся на факультэце радыёфізыкі БДУ. У канцы 1970‑х прыйшоў да Бога, спачатку наведваў царкву Эвангельскіх хрысьціянаў‑баптыстаў «Галгофа», потым сабор Сьвятога Духа. З канца 1980‑х — брат міласэрнасьці ў сястрынстве Сафіі Слуцкай пры катэдральным саборы, а потым дырэктар адной зь першых нядзельных школак у Менску. Працаваў настаўнікам фізыкі. У 1997 г. скончыў Менскую духоўную сэмінарыю.

Сьвятарскае пасьвячэньне атрымаў у 1994 г., быў настаяцелем храма ў в.Строчыцы. Першы зь менскіх сьвятароў пачаў на службах чытаць Эвангельле па‑беларуску.

У 1995 г. — настаяцель храма ў г.п. Дружны. 1996 г. — клірык Сьвята‑Пакроўскага прыходу (м‑н Вяснянка). 1997—2003 гг. — выкладчык Сьвятога Пісьма ў Менскай духоўнай вучэльні. З 1999 г. стаў актыўным карыстальнікам Інтэрнэту і стварае сайт «Дзёньнік сьвятара».

***

У красавіку на сайце «НН» прайшла онлайн‑канфэрэнцыя з айцом Шрамком.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0