Гэта будзе другі падобны помнік у краіне. Першы стаіць пры касьцёле ў мястэчку Мосар пад Глыбокім. Пробашч валожынскага касьцёлу Генрых Акалатовіч кажа: «Нічога ня маю супраць мосарскага помніка, але ж ён маленькі. Вы паглядзіце лепш на наш, яго ж можна паставіць і ў сталіцах на цэнтральных пляцах».
Айцец Генрых вядзе нас у касьцёл. Ян Павал, у чалавечы рост, яшчэ закручаны ў плёнку. Помнік чакае пераносу на пастамэнт.
Помнік быў выраблены ў Польшчы. Скульптары зрабілі нават значную зьніжку ў цане. Замест дзесяці тысяч злотых валожынцы заплацілі толькі сем.
Валожынскі касьцёл знаходзіцца на цэнтральнай плошчы гораду.
Ксёндз Акалатовіч паказвае нядаўна зробленыя пастамэнты ля касьцельнай званіцы і дзеліцца плянамі на будучыню: «Хачу тут усталяваць скульптуры Матачкі Божай і Езуса. Гэтая дарога вядзе да ЗАГСу, дык каб маладыя пасьля заключэньня шлюбу ехалі ўскладаць кветкі менавіта сюды, а не да Леніна».
Адкрыцьцё помніку адбудзецца а 12:00 у суботу 7 ліпеня. Мае прыехаць біскуп Антоні Дзем’янка. Накіравалі запрашэньне і новаму старшыні менскага аблвыканкаму Леаніду Крупцу, але ад яго адказу пакуль не было.






