Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў студзені—траўні склала 1 мільярд 450 мільёнаў даляраў.

У Беларусі ў студзені—траўні 2007 года сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўным у памеры 1450.7 млн. USD, паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу. За травень 2007 года адмоўнае сальда вырасла на 288.2 млн. USD. У студзені—траўні 2006 года адмоўнае сальда складала 781.3 млн. USD.

Аб`ём знешняга гандлю таварамі ў студзені—траўні 2007 года склаў 18817.9 млн. USD, павялічыўшыся на 18.5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2006 года. Імпарт тавараў павялічыўся на 21,7% і склаў 10134.3 млн. USD, экспарт павялічыўся на 15% і склаў 8683.6 млн. USD.

Пры гэтым з агульнага аб`ёму экспарту пастаўкі ў краіны СНД склалі 4020.1 млн. USD, павялічыўшыся на 30,3% у параўнанні з студзенем—траўнем 2006 года. Экспарт у Расею павялічыўся на 29% і склаў 3191.3 млн. USD, ва Ўкраіну на 18,1% да 480.9 млн. USD. Экспарт у краіны па‑за СНД павялічыўся на 4,5% і склаў 4 663.5 млн. USD. Экспарт у Нямеччыну знізіўся на 43,3% і склаў 188.2 млн. USD.

У агульным аб`ёме імпарту пастаўкі з краін СНД склалі 6560.6 млн. USD, павялічыўшыся на 16,7%. У тым ліку, аб`ём імпарту з Расеі павялічыўся на 14,6% і склаў 5901.5 млн. USD. Імпарт з Украіны павялічыўся на 36% і склаў 551.9 USD. З краін па‑за СНД Беларусь павялічыла імпарт на 31,9% да 3573.7 млн. USD. Імпарт з Нямеччыны павялічыўся ў 1,5 разы і склаў 826.6 млн. USD.

Адмоўнае сальда ў гандлі Беларусі з краінамі СНД склала 2540.5 млн. USD, у гандлі з Расеяй — 2710.2 млн. USD, з Украінай — 71.0 млн. USD. У гандлі з краінамі па‑за СНД станоўчае сальда склала 1089.8 млн. USD. Адмоўнае сальда ў гандлі з Нямеччынай склала 638.4 млн. USD.

У 2006 годзе ў Беларусі адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі склала 2584.7 млн. USD. На 2007 год пастаўленая задача забяспечыць сальда знешняга гандлю станоўчым на ўзроўні 500 млн. USD.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?