6—7 ліпеня 2007 г. у Гродзенскім дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях (Воранаўскі р-н) пройдуць урачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай.

Кожны год першая пятніца і субота ліпеня збіраюць у марыйным санктуарыі ў Тракелях тысячы вернікаў. З розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі ідуць сюды пілігрымкі: з Гродна, Ваўкавыска, Ашмянаў, Смаргоні, Іўя, бліжэйшай Ліды і іншых месцаў.

Санктуарый прымае пілігрымаў на працягу ўсяго года. Асабліва прыемнай з’яўляецца прысутнасць дзяцей, якія прыступілі да першай святой Камуніі, а таксама моладзі, што нядаўна прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

Касцёл пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі быў заснаваны ў Тракелях у 1500 г. віленскім ваяводаю Марцінам Гаштольдам. Першы драўляны касцёл пабудаваны у 1680 г. Цудатворны абраз Маці Божай з Дзіцяткам, які і сёння знаходзіцца ў галоўным алтары святыні, паводле падання быў намаляваны ў канцы XV ст. і ў 1595 г. прывезены з Вільні. Пазней абраз быў дапоўнены выявай св. Казіміра, які кленчыць на малітве. Пасля пажару у 1782 г. абраз застаўся непашкоджаным. Шматлікія цуды, што адбыліся перад гэтым абразом — ацаленне ад хваробаў, вызваленне ад алкагалізму, дапамога ў цяжкіх справах — натуюцца з XVIII ст. Яны адбываюцца і сення — вернікі каля алтара пакідаюць сведчанні пра іх, запісаныя на лістках паперы.

З 1994 г. касцёл у Тракелях мае статус дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай (адпуст — 1‑я субота ліпеня).

***

Праграма ўрачыстасцяў у Тракелях 6—7 ліпеня 2007 г.

6 ліпеня

21.00 Марыйны апэль. Даклад «Паўсюднае пакліканне да святасці: як стаць святым сення»
22.15 Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і адарацыя.
23.30 Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам

7 ліпеня

0.00 Святая Імша і працэсія з абразом Маці Божай Тракельскай
02.00 Сведчанні пастырскіх групаў. Музычная пастаноўка
04.00 Святы ружанец (радасная частка)
04.30 Выступленне ансамбля «AVE» (ВДС у Гродне)
05.30 Вяночак да Божай Міласэрнасці
06.00 Гадзінкі на ўшанаванне Беззаганнага Зачацця НПМ
07.00 Святы ружанец (балесная частка)
07.30 Святая Імша (цэлебруюць новапрэзбітэры)
08.30 Выступленне музычнага калектыву «Чырвоныя макі» (Мінск)
10.00 Святая Імша. Урачыстае благаслаўленне.

catholic.by

Здымак globus.tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0