Малая радзіма №1: легенды Шклова 15

Аўтар: Андрэй Скурко, фоты Сяргея Гудзіліна

Паколькі 2018 год быў абвешчаны на дзяржаўным узроўні годам малой радзімы, карэспандэнты «НН» вырашылі наведаць малую радзіму №1 — Шклоўскі раён.

Але і без найвышэйшых ініцыятываў гэты падняпроўскі рэгіён варты таго, каб ляцець туды суботняй раніцай пустой Магілёўскай шашой.

За тысячагоддзе гісторыі Шклоў некалькі разоў мяняў месца дыслакацыі ды аблічча. Спрыялі гэтаму людзі амбітныя.

Напрыклад, князь Ян Геранім Хадкевіч, які ў цяжкі для Вялікага Княства Літоўскага час узяў, як бы цяпер сказалі, падрад на будаўніцтва ў Шклове абарончага замка. Ці князі Чартарыйскія, якія пасля вялікага пажара XVIII стагоддзя паставілі Шклоў на новым месцы. Ці ваяка-авантурыст Сямён Зорыч, які заснаваў у Шклове такі тэатр, якога свет не бачыў…

 

Помнік агурку: невідавочнае

Шклоў — адзінае месца ў свеце, дзе гатэль называецца ў гонар мясцовага гатунка агуркоў: «Раднічок».

Ды што гатэль — насупраць шклоўскага кірмашыка стаіць помнік агурку. Такая сабе садова-паркавая даніна стэрэатыпам: капялюшык, гаманец, тварык памяты. Эстэты будуць круціць насамі. Тым часам да помнічка варта ўскладаць кветкі, як да знака эпохі велічнай і трагічнай.

Агуркі ратавалі шклоўцаў ад безграшоўя ў познесавецкі час. Шклоўскі агурок, расказвае краязнаўца Алесь Грудзіна, быў брэндам на кірмашах Віцебска, Смаленска, Масквы, Ленінграда. Асноўнай праблемай з’яўлялася дастаўка.

«Яшчэ пры саветах збіраліся па пяць-шэсць мужыкоў, наймалі грузавік, пакавалі агуркамі пад завязку. Самі з сякерамі — наверх, і так ехалі на Ленінград»,

— расказвае спадар Алесь. — З аднае такой паездкі можна было набыць легкавік.

Але колькі народу пазабівалася, заснуўшы за рулём у тых агурковых рэйсах, колькі ад бандытаў пацярпела… І ўсё ж ажаніцца з «агурочніцай» было жыццёвай удачай.

Каб не гэта — як бы я дзвюх дачок-студэнтак вывучыў?»

Алесь Грудзіна ведае пра Шклоўшчыну ўсё.

Ён займаўся агурковым бізнэсам у пачатку 90-х і ўспамінае ўласную сустрэчу з бандытамі.

Не паспеў запаркаваць машыну каля кірмаша ў Віцебску, як пад’ехаў «мэрс». З яго выйшлі тры джэнтльмены ў спартыўных касцюмах і выключна ветліва паведамілі, што паркоўка платная: 10 даляраў.

Гэта былі немалыя грошы, але пры заднім шкле «мэрса», на бачным месцы, ляжала бейсбольная біта. Недалёка стаяў міліцыянер і рабіў выгляд, што нічога не адбываецца. Пасля аплаты бандыты гжэчна падзякавалі і параілі, калі хто будзе на кірмашы чапляцца, адказваць, што «ужо разлічыўся з Цімохам». І сапраўды: пачуўшы пра Цімоху, іншыя аматары пажывіцца агурочніка не чапалі.

Цяпер на мясцовым кірмашы з агуркамі стаяць некалькі пенсіянераў, для якіх парнікі-расада — у большай меры інерцыя і падтрыманне звыклай карціны свету.

Тутэйшыя людзі адразу спрактыкаваным позіркам вызначаюць перакупаў, у якіх агуркі прывазныя, не шклоўскія. Як — таямніца. Здаецца, і колер, і памер, і форма тая ж…

 

Час змяніўся

Дзікі агурковы бізнэс згарнуўся, бо змяніўся час.

Сённяшні Шклоў розніцца ад таго, што быў дваццаць год таму. Ясная справа, раён прыцягвае асаблівую дзяржаўную ўвагу — суседзі нават крыўдуюць: у некаторыя гады ў эканоміку Шклоўшчыны ўкладалася палова інвестыцый, разлічаных на цэлую вобласць. І гэта дае плён.

«Праблема беспрацоўя ў Шклоўскім раёне востра не стаіць, — кажа кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі. — Ёсць папяровая фабрыка «Спартак», Завод газетнай паперы «Аснова», льнозавод, сельгаспрадпрыемствы».

Спецыфіка Шклоўшчыны ў тым, што 70—72 % тэрыторыі раёна не належыць мясцовым уладам. — ААТ «Александрыйскае» і ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» уваходзяць у холдынг «Агракамбінат Мачулішчы», ААТ «Амкадор Шклоў» — у холдынг «Амкадор». Эфектыўнасць такіх прадпрыемстваў вышэйшая.

Яшчэ ў Шклове ёсць масласырзавод, які не ўвайшоў у магілёўскі холдынг «Бабуліна крынка» і паводле аб’ёму вытворчасці часта трапляе на першае месца ў раёне. На Шклоўшчыне месціцца і вытворчасць французска-расейска-беларускай фірмы «Данон», адкуль па ўсёй краіне развозяць кефір з катом Матроскіным. Прадпрыемства па вытворчасці каркасных дамоў, філіял «Асновы», нядаўна прадало 18 сваіх разборных хатак у Францыю.

 

Сізіфава праца

Яшчэ на Шклоўшчыне 39 фермерскіх гаспадарак. Наймацней стаіць на нагах «Дыяна», што ў вёсцы Данькавічы. Пачыналі ў 90-я з некалькіх гектараў, цяпер арандуюць паўкалгаса.

Офіс гаспадаркі лёгка заўважыць: каля яго стаіць помнік Сізіфу, што коціць камень.

Такую метафару для сельскагаспадарчай працы прыдумаў гаспадар, фермер Уладзімір Маліноўскі.

Да меркавання Маліноўскага, кажуць людзі, прыслухоўваецца кіраўнік дзяржавы: яны знаёмыя з даўніх часоў, некалі разам працавалі ў калгаснай сістэме. «Датацый ён мае, канечне, але і розум, — разважае народ. — Бо дурню дай хоць трыльён — без толку».

Уладзімір Маліноўскі, як і Юрый Чыж, дарэчы, — пратэстант, з сям’і хрысціян-баптыстаў.

 

Александрыя

Яна прыцягвае цікаўных нават больш, чым Шклоў. Александрыі, дарэчы, дзве. Ёсць вялікая Александрыя з школай, у якой вучыўся Аляксандр Лукашэнка, крамамі, спарткомплексам і басейнам. І ёсць малая, дзе будучы кіраўнік дзяржавы жыў. Тая другая Александрыя ўтварылася пасля вайны і называлася спачатку Другая брыгада (сем’і з хутароў ссялілі разам, утварыўшы калгасную брыгаду).

У 2005-м на месцы колішняй сялібы Лукашэнкаў стаяла альтанка між старых яблынь. Цяпер там паўнаварты дом з белымі аканіцамі.

У падобнай да яго стылістыцы па вуліцы збудаваныя яшчэ некалькі новых жылых дамоў.

Трынаццаць год таму Александрыя падавалася выміраючай. Цяпер тут плітка, асфальт, крама з кандыцыянерам, дзіцячы гарадок. Праца новым насельнікам, расказалі нам у магазіне, знаходзіцца на гаспадарчых аб’ектах ААТ «Александрыйскае».

Альберт Цімафеевіч і Трафімава крыніца

Нейкі час блукалі па вёсцы, спрабуючы ўзгадаць, як трапіць да крыніцы, з якой тут здаўна бралі ваду. Да яе трэба было спускацца па крутых сходах з рачнога берага. Пасля разабраліся: цяпер туды не пройдзеш, гэта тэрыторыя рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы.

А Трафімаву крыніцу абсталявалі ў іншым месцы. Каб трапіць да яе, трэба выехаць з Александрыі і кіравацца новай насыпной гравейкай, міма верталётнай пляцоўкі, уздоўж ракі. Пры крыніцы ёсць паркоўка машын на пяць. Далей — каркаломны спуск па сходах у яр, калодзеж над крынічкай, кладкі, альтанкі, рэдкія расліны з шыльдачкамі, закрытая купель, з якой чуваць вясёлыя жаночыя галасы.

Там плёхаюцца выкладчыцы політэхнічнага каледжа, іншыя фатаграфуюцца верхам на драўляным бабры. «Экскурсія. Сказалі, вязі нас: хочам паглядзець, за што падаткі плацім», — каментуе кіроўца, які застаўся курыць каля аўтобуса.

Вада тут — гаючая, як запэўніла нас магазіншчыца ў Александрыі: «Ёсць дзядуля ў Хімах, яму дзевяноста год, ён кожны дзень да Трафімавай крыніцы ходзіць, толькі гэту вадзіцу п’е».

Мы паехалі ў Хімы распытвацца.

 «Альберт Цімафеевіч!» — адрэкамендаваўся белабароды шляхетны спадар у капелюшы, які выйшаў нам насустрач з нетраў прысядзібнага ўчастка.

Ён жыве тут ужо дваццаць год. Раней быў інжынерам на аршанскім «Легмашы», які рабіў швейныя машынкі для ўсяго СССР, у 90-я працаваў у мясцовым калгасе, цяпер пенсіянер і народны майстар.

Праблема Альберта Цімафеевіча — дом, у якім ён жыве, фактычна, на аснове звычаёвага права. Купляўся будынак у калгаса, а там згубіліся дакументы — гаспадарка рэарганізавалася разы тры. Цяпер даводзіцца шукаць сведак той угоды. Хоць сам і рамонт зрабіў, і камунальныя плаціць спраўна.

«Бог даў мужчыну бараду не для таго, каб ён яе галіў!» — павучае ён нас на развітанне. За каларытную знешнасць Альберта Цімафеевіча і ўзялі ў кліп-застаўку дзяржаўнага гімна. «Пасадзілі на курган у белай кашулі, пацана далі з мечам», — усміхаецца.

З вадою ўсё прасцей. Была крыніца каля Хімоў, але пасля будаўніцтва дамбы на рацэ ўзровень вады падняўся і крыніца схавалася. Ёсць вадаправодная вада, ды ў ёй багата жалеза, нясмачная. Вось і даводзіцца хадзіць за два кіламетры, на Трафімаву крыніцу, нараджаючы легенды.

А гадоў Альберту Цімафеевічу — 78.

 

Сапега, Радзівіл, Купала

Пераехаўшы Дняпро за Александрыяй, трапляеш у Копысь, дзе Аляксандр Лукашэнка нарадзіўся. Мястэчка даўняе і слаўнае, мае гербам чорнага зайца ў зялёным полі. Ад моста добра відаць старажытнае замчышча.

За права валодаць Копыссю у 1631-м судзіліся 74-гадовы канцлер Леў Сапега і 11-гадовы сірата Багуслаў Радзівіл. Малы сказаў у сойме перад каралём такую палымяную прамову, што Сапега адмовіўся ад усіх сваіх прэтэнзій.

За Копыссю, калі ехаць на поўнач, у бок Оршы — Ляўкі. Тут была дача народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, а цяпер акуратны музей.

Людзі заплакалі, пачуўшы мову

Калі едзеш Шклоўшчынай, кідаецца ў вочы колькасць парных назваў: Шклоў Стары і Малы Стары, Чамаданы Вялікія і Малыя, Салавені Старыя і Новыя, Стайкі Новыя і проста Стайкі. Каля «проста Стаек» ёсць Барысаглебская капліца, і менавіта тут, запэўніваюць тутэйшыя людзі, былі забітыя і пахаваныя святыя князі Барыс і Глеб…

Дняпро — ці то артэрыя, ці то пупавіна, якая здаўна лучыла гэтыя землі з Кіевам.

Левым берагам ракі можна трапіць у Фашчаўку. Цяпер гэта вёска як вёска без вялікіх архітэктурных асаблівасцяў. Сваю дамінанту — барочны касцёл XVIII стагоддзя, які маляваў яшчэ Напалеон Орда, — яна страціла ў 1960-я.

Ставілі храм не на пустым месцы: вакол Фашчаўкі (Хвашчоўкі, як раней казалі) дзесяць каталіцкіх вёсак. Прыход быў унікальны, у ім яшчэ ў царскія часы гучала беларуская мова. Пра гэта ў 1908 годзе пісала «Наша Ніва»:

«Тутака скрозь жывуць беларусы, але ёсць і трохі літвінаў. Вось у тутэйшым касцёле завёўся цяпер парадак, што казанні ксяндзы кажуць па-польску, па-літоўску і па-беларуску; таксама спявае народ песні касцёльныя ў гэтых трох мовах. Беларусы тутэйшыя як пачулі першы раз казанні ў сваёй мове, дык ад радасці аж заплакалі».

Аказваецца, аж да пачатку ХХ стагоддзя на Шклоўшчыне былі літоўскія анклавы, жыхары якіх таксама ведалі мову продкаў. Пра даўнюю цераспалосіцу плямёнаў сведчаць і назвы вёсак: Крывель, Славені, Літоўск…

Каталіцкая грамада ў Фашчаўцы ёсць і цяпер, і якраз у дзень нашага прыезду ў невялікім касцёльчыку, пераробленым з жылога будынка, адбываецца фэст. Без Будслаўскага размаху, вядома, але сабралася пад сто чалавек.

Ёсць госці з Мінска, Маладзечна, Барысава, Магілёва. Такія невялікія фэсты маюць не толькі рэлігійнае значэнне: гэта мацаванне супольнасці, абмен інфармацыяй. Алесь Грудзіна чытае тут па запрашэнні ксяндза краязнаўчую лекцыю. Такія падзеі пераварочваюць стэрэатыпныя ўяўленні пра ўсходнюю Беларусь.

 

«А я расцяраўся!»

У Фашчаўскім касцёле ў 1914-м хрысцілі Пятра Алейнікава з суседняй вёскі Крывель. Гэтаму немаўляці наканавана было рана асірацець, здабыць вялікую славу і не даць ёй рады… У 1930-я імя гэтага артыста грымела па ўсім СССР поруч з імёнамі Кручкова, Андрэева, Любові Арловай.

Ролі ў фільмах «Трактарысты», «Вялікае жыццё» зрабілі яго кумірам. Паводле мясцовай легенды, у артысты Алейнікаў трапіў, дзякуючы праваслаўнаму бацюшку.

Маці, не маючы магчымасці пракарміць малога Пецю, пасылала яго з торбачкай жабраваць у Шклоў. А ў парку круцілі кіно.. Сканчаўся кінасеанс — і пачынаўся сеанс Алейнікава. Ён так натуральна паказваў актораў, якіх толькі што бачыў на экране, што гледачы бакі рвалі ад смеху. А аднойчы спарадзіраваў, як шклоўскі бацюшка з матушкай па парку гуляе. Святар не пакрыўдзіўся: наадварот, напісаў запіску на кінастудыю, каб звярнулі ўвагу на таленавітага юнака.

Далей легенда сканчаецца. Ён зняўся ў чатырох дзясятках фільмаў, але з часам амплуа маладога шалапута перастала яму пасаваць. А глыбейшых роляў не прапаноўвалі. На творчыя шуканні наклаліся праблемы з алкаголем. Алейнікаў пражыў усяго пяцьдзесят і апошнія гады амаль не здымаўся.

У Крывелі цяпер ёсць дом-музей акцёра, па сумяшчальніцтве цэнтр сацыяльных паслуг. А на цэнтральнай плошчы Шклова, недалёка ад агурка, стаіць яго скульптура.

Фундаваў помнік Алейнікаву ў вобразе Саўкі з «Трактарыстаў» расійскі прадпрымальнік Грышкун, шкловец родам, які займаецца ў Пецярбургу бізнесам, звязаным з медпрэпаратамі.

 

«Карона» спусташае горад

Александрыя, дарэчы, не адзінае месца на Шклоўшчыне, звязанае з кіраўнікамі краіны. У вёсцы Новыя Чамаданы, між Фашчаўкай і Шкловам, нарадзілася жонка Пятра Машэрава, Паліна Галанава. Тутэйшыя людзі ўспамінаюць, як яшчэ падшыванцамі бегалі глядзець на машэраўскую «Чайку», ад якой іх ганяў строгі шафёр.

Праз Новыя Чамаданы мы вяртаемся ў Шклоў, пераязджаючы Дняпро па мосце. І заўважаем дзіўны як для суботняга райцэнтра рух. Людзі сем’ямі, групкамі і ланцужкамі з розных канцоў горада кіруюцца нам насустрач. Аказалася, пры ўездзе ў Шклоў з аршанска-магілёўскай трасы, адчыняецца вялікі гіпермаркет «Карона».

Гэтая падзея на некалькі гадзін літаральна спустошыла Шклоў. Калі і трапляўся на вуліцах адзінокі мінак, дык і ён яўна ўжо на свяце быў: меў або поўны «каронаўскі» пакет, або сцяжок удзельніка акцыі. Або і тое, і другое.

У гандлёвым цэнтры — увесь «мінскі» камплект паслуг: вялікая прадуктовая крама, кінатэатр на дзве залы, магазін тэхнікі, кавярня з дзіцячым гарадком. І натоўп людзей, прывабленых зніжкамі, забаўляльнай праграмай дый проста чалавечай цікаўнасцю да новага.

 

Белая таполя

Шклоўскі парк, у якім пачыналася артыстычная кар’ера Алейнікава, дарэчы, уваходзіць у дзясятку найлепшых у Беларусі.

Заклаў яго Апалон Крывашэін, былы міністр шляхоў зносін Расійскай імперыі, са скандалам звольнены маладым царом Мікалаем ІІ. Ці насамрэч міністр Крывашэін спекуляваў на шпалах і праклаў чыгунку праз свае ўладанні, ці гэта быў навет ды падкілімная барацьба — сёння разабрацца цяжка. На пенсіі ён зрабіўся маршалкам шклоўскага дваранства. Разбіў тут цяністы парк, паставіў драўляны палац.

Палац той выпадкова згарэў у 2004-м. «Для шклоўцаў гэта была сапраўдная трагедыя, — кажа спадар Грудзіна. — Бо з тым палацам у кожнага звязаныя асабістыя ўспаміны: тут быў Дом культуры, танцы былі, выпускныя, першыя спатканні прызначаліся… Нібы частка жыцця знікла». Цяпер на месцы палаца спортпляцоўка. Непадалёк, пры алеі, што вяла да Дняпра, ад часоў Крывашэіна захавалася белая таполя ў некалькі абхопаў. Яна пазначала месца «паркоўкі» экіпажаў, якія прывозілі гасцей на баль да маршалка.

Крывашэін не толькі баляваў. Ён, напрыклад, збудаваў у Шклове кардонную фабрыку. Цяпер гэта «Спартак», які забяспечвае картонам і абгорткай паўкраіны.

Яе новыя зырка-чырвоныя карпусы відаць здалёк. Нядаўна паставілі і цэх гафраванага картону («Пяць кітайцаў збудавалі цэх!» — дзівяцца шклоўцы.) А побач захаваўся і будынак крывашэінскіх часоў. Завод пачатку ХХ стагоддзя болей нагадвае сядзібу ці храм, чым прамысловае прадпрыемства.

Цікава было б і з дызайнам сучасных заводаў папрацаваць.

 

Як пішацца «асігнацыя»?

Белая таполя — не апошняя цікавостка шклоўскага парка. Тут ёсць яшчэ два помнікі: усюдыісны Ленін і Сямён Зорыч. Помнік колішняму гаспадару Шклова, графу Зорычу, паставілі да рэспубліканскіх «Дажынак». Скульптар паказаў яго ў выглядзе асветніка: адухоўлены твар, жмут чарцяжоў пад пахай. Сапраўды, гэты ваяка-авантурыст, серб паходжаннем, які атрымаў Шклоў ад царыцы Кацярыны ІІ, нямала зрабіў для горада.

Ёсць версія, што Зорыча пазнаёміў з імператрыцай князь Пацёмкін, спрабуючы адціснуць іншага каханка, які стаў занадта ўплываць на Кацярыну.

Іх раман працягваўся некалькі месяцаў, Зорыч зарэкамендаваў сябе як гуляка, выпівоха і карцёжнік, а ўрэшце выклікаў свайго дабрадзея Пацёмкіна на дуэль. Кацярына ўзнагародзіла Зорыча алмазнай табакеркай і Шкловам ды выправіла з Пецярбурга.

«Калі ёсць нейкі злачынец, якога па ўсёй Еўропе не могуць сыскаць, абавязкова трэба зірнуць у Шклове. І дакладна ён там акажацца», — з гумарам казала расійская царыца, апісваючы атмасферу Зорычавага «двара».

Самая гучная гісторыя, якая тут адбылася, звязаная з падробкай грошай. Займаліся гэтым браты Марк і Ганібал Зановічы, знаёмыя брата Зорыча. І справа б выгарала, каб яны не зрабілі граматычную памылку ў слове «асігнацыя»… Маштабы аферы былі такія, што Расійская імперыя ў 1786 перайшла на грошы новага ўзору.

Разам з тым, Зорыч стварыў у Шклове дзіва-тэатр, у якім цягам спектакля дзясяткі разоў мянялі дэкарацыі, спрыяў развіццю гандлю, заснаваў шляхетную вучэльню, якая пасля пераносу ў Маскву, стала асновай кадэцкага корпусу.

На помніку Зорыча — надпіс: ад удзячных шклаўчанаў. Хоць, напэўна, і «ад удзячных нашчадкаў» можна было напісаць, іх у Шклове хапае: граф трымаў пры сабе цэлы гарэм з балярын.

 

Геаметрыя Чартарыйскіх

Калі глядзець на Шклоў зверху, дагэтуль заўважаеш геаметрычную правільнасць яго гістарычнага цэнтру.

Справа ў тым, што горад пасля вялікага пажара 1769 года перабудаваў тагачасны ўласнік, князь Адам Чартарыйскі. Адкінуўшы сярэднявечныя ўяўленні, ён спачатку распрацаваў праект, паставіўшы ў цэнтр ратушу, ад якой раскінулася роўная сетка гарадскіх вуліц.

Ратуша ў Шклове захавалася ў першасным выглядзе.

Толькі вежу давялося аднавіць: яе збіла нямецкая артылерыя ў 1941-м. У будынку ратушы і стылізаваных гандлёвых радоў цяпер гімназія.

 

Яўрэйская Атлантыда

У Іерусаліме ёсць вуліца Шклоўская. Што гэта значыць — ніхто там не разумее. Як і нам сёння цяжка сабе ўявіць свет яшчэ сямідзесяцігадовай даўніны — гэту вялізную яўрэйскую Атлантыду, без асэнсавання якой немагчыма гаварыць пра беларускую гісторыю.

Пасля трагічных падзей Другой сусветнай у Шклове ад яе засталіся толькі руіны: спляжаныя нямецкімі танкамі могілкі, будынак адной з чатырох сінагог, у якім цяпер прыватная аўташкола…

Самы незвычайны матэрыяльны аб’ект яўрэйскай спадчыны Шклова — бісхаім, чысцец. Гэта такі калідор, па якім на могілкі праносілі памерлага. Лічылася, што яго душа тым часам ачышчаецца ад прыжыццёвых грахоў. «Такое толькі ў Шклове маглі прыдумаць!» — казалі суседзі-зайздроснікі.

Сцены бісхаіма з магутнымі пілястрамі змураваныя з цэглы-пальчаткі, характэрнай яшчэ для Рэчы Паспалітай, ім пад тры сотні гадоў.

Ёсць яшчэ нябачная спадчына. У Шклове ад XVIII стагоддзя працавала першая яўрэйская друкарня, якую заснаваў славуты філосаф і фінансіст Іегошуа Цэйтлін. Яна выдала больш як дзвесце кніг. Тут адбываліся гучныя рэлігійныя дыспуты. Калі ў Любавічах утварыўся цэнтр хасідызму, юдэйскага пратэстантызму, дык у Шклове быў цэнтр кансерватызму. Тут упершыню рабіны-багасловы склалі пратэст пашырэнню хасідскіх традыцый…

Фантастыкай падаюцца гісторыі Зорыча, Крывашэіна, Цэйтліна, калі шпацыруеш летнім надвячоркам узбоч лыжаролернай трасы па беразе Дняпра і сузіраеш краявіды.

Хочацца спадзявацца, што гэтаму гораду, які столькі пацярпеў за тысячу год войнаў, пажараў, перабудоваў, нарэшце пашанцавала.

ТАА «Табак - інвест» УНП 101333138
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?