Сто год раскошы, паўстагоддзя запусцення. Як склаўся лёс палаца Пуслоўскіх — аднаго з самых прыгожых у Беларусі ФОТЫ

Аўтар: Сяргей Мікулевіч

З арыстакратычных сядзіб гэты палац — сярод самых маладых, але па колькасці легендаў, якія спарадзіў, можа паспрачацца з сярэднявечным замкам. 

«Пад замкам падземныя хады пачыналіся. Адзін вёў у Косава, а другі — да самай Вільні», — такую гутарку можна і цяпер пачуць у наваколлі сапегаўскіх Ружан. 

Маршруты народная логіка абрала невыпадкова: Вільня — старая сталіца, а Косава — месца, дзе стаіць неверагоднай пышнасці і багацця палац. І нічога, што ён на дзвесце год маладзейшы за ружанскі.

Бізнес-магнат

Гісторыя роду Пуслоўскіх, якія пакінулі па сабе такую памяць, не падобная да Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх. Не было звычайнага для магнацкіх фамілій генеалагічнага дрэва, якое каранямі ішло б да Гедыміна. Не было службы каралям і вялікім князям, слаўных перамог у бітвах.

Сваім багаццем род быў абавязаны шляхціцу Вайцеху Пуслоўскаму, які здолеў пабудаваць сапраўдную бізнес-імперыю ў часы, калі ўсё вакол руйнавалася. 

Вайцех Пуслоўскі. Партрэт працы Валенція Ваньковіча, 1820-я.

На адзіным захаваным партрэце гэты дзіўны чалавек выяўлены ў традыцыйнай беларускай шляхецкай адзежы, але з моднай пецярбургскай прычоскай.

Хоць па-руску, казалі сучаснікі, ён гаварыў з цяжкасцю — карыстаўся польскай і беларускай. Не ведаў таксама ні французскай, ні нямецкай — такі быў узровень адукацыі перад канцом Рэчы Паспалітай.

У спадчыну ад продкаў Пуслоўскі атрымаў толькі шляхецкае прозвішча і фамільную сядзібу Пескі. На схіле жыцця, у пачатку 1830-х, ён меў сорак тысяч прыгонных і два дзясяткі маёнткаў.

Паўстанне Касцюшкі, напалеонаўскія войны, выступ 1830-га — Пуслоўскі дзейнічаў насуперак стэрэатыпам і ні ў чым з гэтага не браў удзелу. Нельга сказаць, што ён не цікавіўся палітыкай, проста, як бізнесовец, абыходзіў вострыя вуглы.

Цяжка сказаць, дзе ён узяў стартавы капітал. Адны казалі, што яму пазычыў тысячу дукатаў мсціслаўскі ваявода, другія — што дапамагла супраца з гетманам Агінскім, трэція намякалі нават, што Пуслоўскі наклаў руку на срэбра картэзіянскага кляштара ў Бярозе, дзе адміністратарам быў яго брат.

Пуслоўскі пачынаў з суконнай мануфактуры ў мястэчку Хомск, арандаваным у Агінскіх. (Цікава, што ў той самы час непадалёк ад Масквы пачынаў свой тэкстыльны бізнес прыгонны селянін Сава Марозаў — і да 1820-х зарабіў такія грошы, што выкупіў з прыгону і сябе, і дарослых сыноў.)

У пачатку 1820-х у Пуслоўскага на фабрыках працавала больш за 300 чалавек. Ён займаўся не толькі сукном: вырабляў цэглу, паперу, гадаваў коней для паштовых станцый, скупаў задзешава і перапрадаваў маёнткі.

Калі кажуць пра гаспадарчую рухавасць Пуслоўскага, забываюцца, як часта бывае, згадаць пра жанчын, якія за ім стаялі. Яго жонка Жазэфа з Друцкіх-Любецкіх і жончына сястра Тэрэза Сцыпіёнава, што аўдавеўшы жыла пры іх, разам з Войцехам утваралі мазгавы цэнтр усіх бізнес-праектаў. Пазней да іх далучыўся брат жонкі, Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі. Ён, успаміналі сучаснікі, «жыў парадамі» Пуслоўскага і зрабіў імклівую кар’еру чыноўніка Расійскай імперыі: займаў пасады гродзенскага ды віленскага губернатара, быў міністрам фінансаў Царства Польскага. Імператар Аляксандр І нават падарыў Любецкаму брыльянтавы пярсцёнак.

Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі, дзякуючы парадам Пуслоўскага, дасягнуў кар'ерных вышыняў.

Ёсць версія, што менавіта дзякуючы швагру Пуслоўскі ў 1812-м, падчас вайны з Напалеонам, атрымаў мільённы кантракт на пастаўку сукна, збожжа і мяса расійскаму войску.

Некаторыя сучаснікі называлі Пуслоўскага «выціскальнікам лімонаў», маючы на ўвазе яго стаўленне да сялян. Ад заходніх капіталістаў 19 стагоддзя, вядомых нам з раманаў Эміля Заля, Пуслоўскага розніла тое, што працавалі на яго фабрыках не найманыя рабочыя, а прыгонныя — людзі, якія былі яго ўласнасцю.

Пейзаж, нязменны з часоў Вайцеха Пуслоўскага: вёска Бусяж за Мерачоўшчынай з касцёлам 1799 года.

Такіх «новых багацеяў», якія добра знаюцца ў гандлі, але не маюць арыстакратычных манер, называюць «нуварышамі». Але Пуслоўскі месье Журдэнам не быў. Яго продкі некалькі пакаленняў займалі шляхніцкія выбарныя пасады ў рэчыцкім павеце, сам ён быў дэпутатам Чатырохгадовага сойма Рэчы Паспалітай, пасля пры расійскай уладзе таксама ўваходзіў у мясцовае самакіраванне і нават складаў — у 1818-м, за 43 гады да адмены прыгоннага права! — праект «эмансіпацыі» сялянаў у былым ВКЛ, але цар той праект адкінуў. 

Гэта не перашкодзіла ім праз некалькі год разам абедаць у маёнтку Міхалін. Казалі, што Пуслоўскі залучыў да сябе Аляксандра І, што якраз праязджаў побач, каб выпрасіць дараванне для сына Уладзіслава. Таго выгналі з элітнага кавалергардскага палка за дуэль.

Яшчэ адзін сын Вайцеха Тытус камандаваў паўстанцкім атрадам на Палессі ў 1830-м, быў абвешчаны злачынцам першай катэгорыі, але паспеў эміграваць у Парыж. А сям’я паспела перапісаць запавет, каб маёнткі Тытуса не канфіскавалі ў дзяржаўную казну. 

Вандалін Пуслоўскі быў аматарам жывапісу і рэдкіх кніг.

Шанавальнік Касцюшкі

Раскошны палац у Косаве збудаваў яшчэ адзін сын Вайцеха — кніжнік Вандалін. Месца абралі непадалёк ад фальварка Мерачоўшчына, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

Сённяшні Касцюшкаў фальварак — ужо не першы на гэтым месцы. Арыгінальны перабудоўвалі ў 19 стагоддзі, падчас апошняй вайны будынкі згарэлі і аж да пачатку нашага стагоддзя на іх месцы была толькі каменная крушня. 

Фальварак аднаўлялі па тагачасных малюнках і абмерах.

Сядзібу Касцюшкі і новы палац маляваў Напалеон Орда, калі гасцяваў у Вандаліна Пуслоўскага.

Але захавалася і тое-сёе гістарычнае: пад будынкам — скляпок часоў Касцюшкі. Па яго брукаванай падлозе ступаў малы Тадэвуш. У склепе яўна было чым паласавацца.

У часы Касцюшкаў усё наваколле было заселенае. Непадалёк, прыкладна на месцы сённяшняй паркоўкі, стаяў дом косаўскага старасты. Яшчэ адзін вялікі падмурак адшукалі справа ад палаца, дзе цяпер стаіць гарадок з будаўнічых вагончыкаў. Мерачоўшчына не складалася з аднаго Касцюшкавага дома.

У часы Касцюшкі наваколле мела зусім іншы рэльеф. Змяняць яго пачалі Пуслоўскія: выкапалі тры ставы, а з узятай зямлі насыпалі ўзвышша, на якім стаіць палац.

А ў 1960-я з’явілася яшчэ вялікае возера.

Неаготыка

Палац Пуслоўскіх быў створаны ў модным на той час неагатычным стылі — з вежамі, зубцамі, спічастымі вокнамі.

Неаготыка ў архітэктуры пашырылася ў Англіі, Францыі, Германіі разам з цікавасцю да гісторыі і рамантычнымі напрамкамі ў культуры.

Вежы і байніцы косаўскага палаца наўрад ці маглі каго абараніць — яны чыста дэкаратыўныя, як і аркі ды вокны.

Вежаў, дарэчы, дванаццаць па колькасці месяцаў года, і чатыры найбольшыя, што ўпрыгожваюць цэнтральную частку палаца, названыя ў гонар самых цёплых.

Прыхільнасць Пуслоўскіх да неаготыкі заўважаецца скрозь па ўсім Косаве.

Неаготыка ў наваколлі Косава

Гэта капліца на каталіцкіх кладах, збудаваная ў 1859-м, у часы Вандаліна Пуслоўскага.

Яе адметнасць — умураваныя ў сцены помнікі ранейшых часоў. Непадалёк, пад вялікім дубам, пахаваныя паўстанцы Каліноўскага.

Вандалін Пуслоўскі рупліва зберагаў памяць пра Касцюшку. Калі ў Косаве згарэў стары драўляны Траецкі касцёл, Пуслоўскі фундаваў новы, каменны.

У ім захоўваецца купель, у якой Касцюшку хрысцілі, а таксама цудам ацалелыя разьблёныя барочныя анёлкі — на час пажару яны былі ў доме ксяндза.

Роспісы таксама арыгінальныя, падноўленыя ў 1990-я. Косаўцы з гонарам кажуць, што храм не зачыняўся нават у перыяд савецкай барацьбы з рэлігіяй.

Каменная Касцюшкава купель без усякага пафасу выстаўленая ў касцёле.

Няўзброеным вокам бачнае падабенства касцёла да палаца Пуслоўскіх.

Тэхналагічнасць і дзівосы

Калі ў сутарэннях ружанскага замка Сапег захоўваўся дзяржаўны скарб ВКЛ, дык у падвале палаца Пуслоўскіх стаяла помпа, якая рухала гарачую ваду па металічных трубах, умантаваных у падлогі першага і другога паверха.

Пуслоўскія мелі цёплыя падлогі ў 1838-м!

Ужываліся падчас будаўніцтва і старажытныя тэхналогіі. У адну са сценаў пры галоўным уваходзе былі ўмураваныя галаснікі — гліняныя гарлачы. І калі хтосьці падымаўся па сходах рэха крокаў разносілася па ўсім доме. Галаснікі ёсць у сценах гродзенскай Каложскай царквы 12 стагоддзя — аднаго з першых мураваных будынкаў Беларусі.

Так выглядаюць цяпер парадныя сходы — гэтая частка палаца пакуль закрытая для наведнікаў. У адну са сцен былі ўмураваныя галаснікі. Па парадных сходах трапляеш у круглы хол, з якога ў розныя бакі разыходзяцца калідорчыкі.

Тэхнічныя дзівосы нараджалі легенды. Напрыклад, што адна са шматлікіх залаў палаца — Парадная, на другім паверсе, — мае шкляную падлогу, і пад ёй плаваюць экзатычныя рыбы.

Праект аднаўлення Параднай залы — без рыбак, на жаль.

Зрэшты, хто сказаў, што гэта фантазія? Дакладных планаў і апісанняў будынка не захавалася.

Тагачасная фотатэхніка зафіксавала ў лепшым выпадку фасады і элементы інтэр’еру — накшталт роспісаў у танцавальнай Белай зале.

Так Белая зала выглядала ў 1939-м.

Усе залы палаца называліся па колерах і мелі розныя функцыі: у Ружовай, напрыклад, працавалі, у Чорнай гулялі ў карты. Палац меў 132 памяшканні, мастацкую галерэю, бібліятэку з дзесяці тысяч кніг.

Паміж палацам і фальваркам Касцюшкі, які Вандалін Пуслоўскі рупліва аднавіў, разлягаўся парк і сады.

Першы раз палац разрабавалі ў часе першай сусветнай. Між войнамі тут была мясцовая польская адміністрацыя і школа пчалаводства. У другую сусветную немцы прыстасавалі палац пад гета для косаўскіх яўрэяў. У 1944-м партызаны запалілі яго.

Палац гарэў дзесяць дзён.

Палаючая страха абрынулася і прабіла падлогі другога паверха. Без даху і вакон палацу Пуслоўскіх было наканавана прастаяць паўстагоддзя.

Цяпер не верыцца, што яшчэ трынаццаць год таму, у 2008-м, вакол палаца, шчыльна да сцен, шумелі хвоі. Уздымацца на гару перашкаджалі зараснікі баршчэўніка.

Адна з адноўленых бакавых брам — за ёй высіцца гара, на якой стаяла пахавальная капліца. Такі лес яшчэ ў 2008-м падступаў да самых сцен палаца.

Пакуль другі паверх закрыты для наведвання, самая высокая кропка мясцовасці — пагорак, на якім стаяла капліца-пахавальня Пуслоўскіх. Праўда, у ёй нікога не паспелі пахаваць — і Войцах, і Вандалін Пуслоўскія, і іх родныя знайшлі супакой у іншых месцах. Дый палац нядоўга быў у руках роду: ужо сын Вандаліна змушаны быў прадаць яго, каб заплаціць картачныя пазыкі.

Парк быў таксама знішчаны. Пра яго нагадваюць старая ліпа і тры лістаўніцы, што перажылі ўсе нягоды ХХ стагоддзя.

Ні ўнікальная сістэма цёплых падлог, ні «музычныя» сцены падчас аднаўлення не захаваліся. Затое ў палацы з’явіліся рэстаран і гатэль, а ў адной з цэнтральных вежаў збіраюцца зрабіць ліфт.

Белая зала

Адноўленая паводле ранейшых выяў пакуль толькі Белая зала. У часы Пуслоўскіх тут танчылі.

Паколькі зала была прысвечаная мастацтву і танцам, на сценах — роспісы з выявамі Апалона і музаў.

Некаторыя музы вельмі падобныя між сабой. Але не дзіва — яны ж сёстры:)

Пускаюць наведнікаў таксама ў яшчэ два меншыя памяшканні з эклектычным наборам мэблі, якія супрацоўнікі музея ўмоўна называюць «вітальня» і «сталовая». 

За Белай залай ёсць маленькі круглы пакойчык — былы шлях на вежу.

Столь упрыгожваюць металічныя каваныя жырандолі.

Від з акон Белай залы.

Дарэчы, многія памылкова лічаць, што цяперашні пад'езд да палаца з боку Мерачоўшчыны — з каванай брамай, высокімі прыступкамі, ганкам — гэта і ёсць парадны ўваход у палац. Насамрэч парадны — з адваротнага боку. Ён пакуль упіраецца ў лес, тая частка закрытая для наведнікаў. А ўсё, што мы бачым — гэта такі сабе маленькі задні дворык Пуслоўскіх.

Як той казаў — мы бачым далёка, бо стаім на плячах тытанаў.

Чытайце таксама:

Ружаны — палац-фенікс з беларускім характарам. Упарта ўздымаўся пасля жахлівых разбурэнняў ФОТЫ

Белавежская, Налібоцкая, Галубіцкая — якія сакрэты хаваюць беларускія пушчы ФОТЫ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?