Знайсці
07.10.2021 / 13:02РусŁacБел

Публіцыст і рэдактар Пётр Кузняцоў пра тое, чаму застаецца ў Беларусі: «Тут, дзякуй богу, пакуль не ЦАР, яшчэ галовы не рэжуць»

Размаўляем з адметнымі беларусамі, якія застаюцца ў краіне, нягледзячы на ўсе пагрозы, і працягваюць рабіць сваю справу. Пётр Кузняцоў стварыў самае паспяховае рэгіянальнае СМІ ў Беларусі, гомельскі партал «Моцныя навіны», а за апошні год пачаў весці і ўласны блог, дзе выказваецца пра сённяшнюю сітуацыю. Але ж цяпер партал заблакаваны, юрасобу ліквідавалі, а любое «не тое слова» ў блогу можа стаць нагодай для крымінальнай справы. І пры ўсім гэтым Кузняцоў не здаецца — і не з’язджае.

Пётр Кузняцоў

«Наша Ніва»: Партал «Моцных навін» gomel.today па-ранейшаму заблакаваны. Што з вашай працай? 

Пётр Кузняцоў: Партал заблакаваны, прычым Мінінфарм не адказвае на нашы запыты наконт прычын блакіроўкі, хоць прайшло больш за два месяцы. Гэта парушэнне заканадаўства аб зваротах. 

Адпаведна, за што нас заблакавалі, мы не ведаем. Мне меркаваць пра гэта цяжка, бо я не бачыў падобных выпадкаў: усе заблакаваныя рэсурсы атрымалі адказы, за што іх блакуюць. А нам — нічога.

Маю падазрэнні, што, магчыма, і не было ніякай нават фармальнай прычыны для блакіроўкі. Калі гэта так, то выходзіць, што нас заблакавалі проста на хвалі агульнага пагрому медыясектара. 

Таксама дапускаю, што гэта была нават рэакцыя не на працу партала, а на маю грамадзянскую пазіцыю і мае меркаванні ў блогу.

Але дакладна нічога не ведаю, усё агучанае толькі версіі.

Нягледзячы на праблемы, рэдакцыя працу працягвае, не спыняліся ані на дзень, проста навіны цяпер публікуем у сацыяльных сетках. У нас буйныя сацыяльныя сеткі не толькі як для рэгіянальнага выдання, але і ў беларускім маштабе. Маем больш за 330 тысяч падпісчыкаў: 130 тысяч у «УКантакце», 60 тысяч у інстаграме, 40 тысяч у Ціктоку, 24 тысячы на Ютубе. 

Дарэчы, як мадэль інфармацыйнай працы гэта сябе апраўдвае — цяпер не дадаеш спасылкі на сайт, адпаведна алгарытмы сацыяльных сетак падымаюць пасты, і ахопы ў нашых акаўнтах нават выраслі. Навіны набіраюць больш праглядаў, чым праз сайт.

Але праблема ў тым, што без сайта не атрымліваецца распрацаваць нармальную бізнэс-мадэль, каб атрымліваць рэкламныя прыбыткі. Ну і не толькі ж заблакавалі сайт, але і ліквідавалі юрыдычную асобу. Таму мы пакуль не маем магчымасці легальна зарабляць рэкламай. І першыя месяцы мы на энтузіязме яшчэ неяк працуем, але вызначанасці, што і як будзе далей, усё ж няма. Прыдумляем новыя фарматы, аднак невядома, што спрацуе і як.

«Галоўнае ж людзі, пакуль будзем мы — надзея жывая»

«НН»: Колькі вы выбудоўвалі працу «Моцных навін»? І як атрымалася зрабіць такое паспяховае рэгіянальнае выданне?

ПК: Партал існуе з 2008 года, спадзяюся, што і ў будучыні не загіне і зможа адрадзіцца.

Мы змаглі пабудаваць папулярны рэсурс, бо першымі засвоілі той фармат, у якім працуем.

Да нас паўнавартасных навінавых рэсурсаў у рэгіёнах не было. Калі мы стартавалі, рэгіянальныя сайты былі ці ў афіцыйным фармаце, з прэс-рэлізамі выканкамаў, ці гэта былі гарадскія форумы.

Мы ж рабілі тое, чаму на той момант не было аналагаў: рэсурс, які будзе зручны, для рэгіянальных карыстальнікаў, дзе ты можаш на адной старонцы прачытаць і вельмі блізкія да цябе навіны (з рэгіёна, горада, нават двара), і тут жа ўбачыць парадак дня ў краіне і свеце. 

І гэтая мадэль цалкам сябе апраўдала, цяпер менавіта так працуюць усе рэгіянальныя СМІ. Цяпер гэта агульнапрызнаная практыка, а калі пачыналі мы — такога не было. Таму, думаю, і вырваліся наперад.

«НН»: А як жыць, калі справу, якую будаваў 13 гадоў, проста разбураюць на вашых вачах?

ПК: Цяжкае пытанне. Насамрэч, увесь гэты перыяд я стараўся не рэфлексаваць у такім ключы, стараўся не думаць пра гэта, а займацца вырашэннем праблем, якія ўзнікаюць тут і цяпер. 

Але спадзяюся ўсё ж, што гэтая справа не загіне, што не згінуць «Моцныя навіны» і іншыя беларускія медыяпраекты, якія пацярпелі.

Бо галоўнае ж — людзі, пакуль будзем мы — надзея жывая і існуе верагоднасць, што цяпер проста часовая навала, якую трэба перажыць, а пасля ўсё адновіцца.

«Галоўная задача чалавека і грамадзяніна — каб страх цябе не паралізаваў»

«НН»: За гэты год вы пачалі весці ўласны аналітычны блог, ён хутка набыў папулярнасць. Чаму раптам пачалі гэтым займацца і ці не страшна пісаць свае думкі ў часы, калі любое слова можа абярнуцца крыміналкай?

ПК: Натхніла неабходнасць нешта казаць пра рэчы, у якіх, на тваю думку, штосьці разумееш.

Раней я неяк не адчуваў у гэтым блогу патрэбы: мне падавалася, што наша грамадства спіць, што няма попыту на такое. Было тры-чатыры каментатары на ўсю інфармацыйную прастору, і гэтага было досыць.

А цяпер, калі грамадства ажыло, пачало цікавіцца працэсамі, якія адбываюцца, людзі пачалі асэнсоўваць гэтыя падзеі. Мне падалося, што ёсць патрэба ў тым ліку і ў дыскусіі, ёсць патрэба ў матэрыялах для разваг, трэба больш пытанняў для пошуку адказаў.

І я завёў канал падчас першай хвалі кавіду, калі якраз пачала ажываць грамадская думка, проста каб выказвацца і заахвочваць дыскусіі, заахвочваць грамадства мысліць. 

А наконт страха… Не ведаю. Напэўна, страшна, бо даводзіцца ўсё ж асцярожнічаць і падбіраць словы. На маю думку, галоўны фактар небяспекі ў сённяшняй Беларусі — не падбіраць словы.

Можна выказацца пра адно і тое ж, але ў розных фармулёўках, і пасля чалавек, які выкарыстаў «недыпламатычную» фразу, пойдзе ў турму. Бо беларуская ўлада — яна вельмі эмацыйная і імпульсіўная. Увесь час маёй працы ў грамадскім сектары і медыя я сыходзіў з таго, што калі працуеш публічна і хочаш мінімізаваць рызыкі, то трэба не дапускаць асабістай варожасці да канкрэтных людзей, трэба быць узважаным.

Па-дурному, знаходзячыся ў Беларусі, казаць, што я не адчуваю ніякага страху, што нічога не здарыцца. Але, мяркую, усе людзі адчуваюць страх. Галоўная задача чалавека і грамадзяніна — каб страх цябе не паралізаваў, каб ты не страціў магчымасць рухацца, дыхаць, жыць і дзейнічаць.

Універсальнага рэцэпта, як захаваць сябе ў такіх умовах, няма, бо ўсе ж розныя людзі. Мне дапамагае падтрымка блізкіх, таксама мая здольнасць пераключацца і адключацца ад гэтай штодзённасці. 

І таксама здольнасць думаць раней, чым панікаваць, шукаць тлумачэнні з’явам і спрабаваць разумець, якую небяспеку гэтыя з’явы нясуць непасрэдна мне і, зыходзячы з таго, прымаць рашэнні.

«Праўда, што гэта можа расцягнуцца, і праўда, што гэты рэжым наносіць вялікія страты грамадству»

«НН»: За гады працы, напэўна ж, з’явіліся нейкія кантакты сярод чыноўнікаў, сілавікоў. Ці падтрымліваеце зносіны сёння?

ПК: Апошнія паўгода такія кантакты сышлі на нуль цалкам. Раней хоць якія нефармальныя кантакты з пэўнымі людзьмі былі магчымыя: нейкі абмен думкамі, можна было абмеркаваць сітуацыю. 

Але цяпер, я разумею, што гэта пытанне бяспекі і для іх, і для мяне, таму гэтыя кантакты зніклі.

«НН»: У вашым блогу вы часта пішаце, што падзеі — агонія рэжыму, што гэта дэградацыя і набліжэнне канца. Але ж гэтая агонія, па-першае, паспяхова адбірае і працу, і волю ў вялікай колькасці людзей. А, па-другое, яна ж можа зацягнуцца на гады, калі не на дзесяцігоддзі.

ПК: Я ўпэўнены, што гэта агонія. І дэградацыю бачна ва ўсім, тое, што казалі летась, актуальна і сёння: што рэжым не зможа існаваць у такім стане доўга, бо гэта стан звышмабілізацыі ў сітуацыі вялікага недахопу рэсурсаў — і чалавечых, і інфармацыйных, і матэрыяльных. 

Але і праўда, што гэта можа расцягнуцца, і праўда, што гэты рэжым наносіць вялікія страты грамадству.

Аднак, у нейкім сэнсе, гэта таксама гістарычная заканамернасць, бо беларускаму грамадству не ўдалося пераламіць сітуацыю ў 2020 годзе.

І праз гэта ў рэжыму з’явіўся вялікі люфт часу, калі ён можа шмат чаго нарабіць. На жаль, гэта вельмі негатыўна цяпер адбіваецца на ўсім у Беларусі, бо людзі рэжыму разумеюць, ад чаго залежыць іх існаванне як адзінай магчымай улады ў Беларусі.

І яны робяць усё, каб не з’явілася ніякай сілы, каб нехта прыйшоў ім на змену. Вось толькі гістарычнай перспектывы ў гэтым няма, хіба толькі наступствы для краіны будуць цяжэйшымі. Але ў доўгатэрміновай перспектыве выжыць гэты рэжым не можа. Ён не зможа рэалізаваць сваю мару аб манархічным транзіце ўлады, ці пра што там мараць.

«НН»: Памылкі ўлады ўсім добра бачныя. Але ці ёсць нешта, што яна робіць правільна?

ПК: Залежыць ад таго, з якой пазіцыі глядзець. Я ўпэўнены, што яны думаюць, што робяць усё правільна датычна тэрору, які развязаны сёння супраць грамадства. З іх парадыгмы — гэта правільна, бо дапамагае захаваць уладу. Але ж з іншага пункту гледжання, гэта зусім няправільна, бо вельмі моцна шкодзіць краіне і грамадству, і невядома, ці атрымаецца пасля гэта кампенсаваць.

«Ёсць верагоднасць, што людзі, якія з’ехалі ў эмацыйным стане, маглі б ператрываць і застацца»

«НН»: У вас жа ёсць дзеці? Як вы тлумачыце ім тое, што адбываецца ў Беларусі?

ПК: Дачцэ 12, сыну 9 гадоў. Сыну пакуль такія рэчы яшчэ не вельмі цікавыя, ды і няма ў нас нейкіх «гадзін палітінфармацыі». Але дачка — вельмі ўважлівая чытачка маіх блогаў, я гэта бачу нават па размовах з ёю.

Дзеці сёння вельмі разумныя і шмат што разумеюць самі. Яны ўжо выдатна бачаць, што дабро, што зло, ведаюць, што адбываецца навокал.

«НН»: Чаму засталіся ў Беларусі?

ПК: Магчымасцяў з’ехаць хапае. Але не бачу, чым мне займацца па-за Беларуссю. Я не веру ў перспектывы пабудовы эфектыўнага медыясектара па-за межамі ці па перыметры Беларусі. Ды і шмат хто паехаў, думаў, што на два месяцы, а цяпер невядома, як вернецца. 

Я застаюся, бо ўсё ж веру, што з’явяцца ўмовы, каб нешта добрае рабіць, і тыя, хто застаўся, змогуць гэтым скарыстацца. А калі хтосьці з’ехаў, то вярнуцца можа быць цяжкім пытаннем па вялікім шэрагу прычын.

Не хачу гучных слоў, але можа стацца і так, што тыя, хто эміграваў, хаця мог застацца, трапілі ў такую сітуацыю, пра якую я казаў, што трэба старацца думаць раней, чым панікаваць.

Ёсць верагоднасць, што людзі, якія з’ехалі ў эмацыйным стане, маглі б ператрываць і застацца, бо пасля, магчыма, у іх не атрымаецца вярнуцца ў Беларусь у тым жа амплуа, у якім яны краіну пакідалі. І гэта будзе вялікай стратай для нашага грамадства.

І я веру, што пакуль я тут, я хаця б захоўваю сябе ў гэтай краіне і для гэтай краіны. І гэтую краіну для сябе. Бо нідзе больш акрамя Беларусі я свайго жыцця не бачу.

Перспектыва пасадкі маячыць тут перад усімі. Але ж невядома, наколькі гэта рэальна ці смяротна небяспечна. Гэта рызыкі, але ж і рызыка трапіць пад аўто таксама існуе.

Я не веру ў магчымасць таго, што можна пабудаваць жыццё так, каб не было ніякіх рызык. Гэта наша жыццё. У свеце можна нейкі «залаты мільярд» жыве з мінімальнымі рызыкамі, астатні свет жыве так жа, з рызыкамі штодня. Ды і тут, дзякуй богу, пакуль не ЦАР, яшчэ галовы не рэжуць — хаця можа быць і такое. Але тут я ў пэўным сэнсе фаталіст.

Было б вельмі крута жыць спакойна і не рызыкуючы, але ж у тых, хто з’язджае, з’яўляюцца свае праблемы, і я зусім не ўпэўнены, што яны больш шчаслівыя, чым той жа экс-следчы Юшкевіч, які сядзіць у СІЗА і кажа, што ўсё роўна не стаў бы з’язджаць, хоць у выніку знаходзіцца за кратамі.

«НН»: Вы ж разам з пісьменнікам Андрусём Горватам набывалі палац у Нароўлі. Як там справы?

ПК: Нарэшце ўзгаднілі праект даху, хутка пачнуцца працы. Калі гэта зробім, то гэта адбудзецца кансервацыя — наша задача-мінімум, бо тое спыніць разбурэнне палаца. А пасля будзем ужо думаць, як заняцца рэканструкцыяй.

Пакуль цяжка сказаць, колькі яна будзе каштаваць, але ў нашым выпадку дапамагаюць людзі. Дзякуючы таму, што гэтым займаецца Андрусь Горват, асоба публічная і з вельмі станоўчым іміджам, шмат якія рэчы да палаца прыходзяць бясплатна.

Тут шчыры дзякуй беларусам, бо шмат хто бясплатна дапамагае рэчамі, якія б каштавалі нам вельмі шмат, шмат хто проста працай. І гэта вельмі вялікая дапамога.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера