Знайсці
26.11.2021 / 07:58РусŁacБел

Расказваем неймаверную гісторыю кахання двух беларусаў: падпольная друкарня, вярбоўка КДБ, СІЗА, пабег за мяжу праз халодную рэчку

«Мы не знали друг друга до этого лета», — смяюцца Вольга і Аляксандр. Дакладней, праўда, будзе сказаць не да лета, а да зімы 2020. Два, здавалася б, зусім розныя чалавекі пазнаёміліся падчас свайго змагання з сістэмай, закахаліся, прайшлі праз СІЗА, а пасля беглі праз лес і раку з краіны. Гісторыя, вартая калі не экранізацыі, то рамантычнай аповесці. 

Аляксандр і Вольга

«У 2020 годзе было адчуванне: нешта будзе»

Аляксандру Дабрыяніку 39 гадоў. Ураджэнец Слоніма, з 2014 года ён жыў у Мінску, працаваў на рынку. Дапамагаў прыватніку, які займаўся аптовым гандлем арэхаў і сухафруктаў. 

41-гадовая Вольга Агеева працавала медсястрой у мінскай паліклініцы. Знаёмыя яны не былі. 

Аляксандр даўно праяўляў актыўнасць: у 2006 годзе ён збіраў подпісы за Казуліна, быў членам яго ініцыятыўнай групы. 

«У 2010 годзе я проста сачыў за выбарамі, бо мне не спадабаўся ніхто з кандыдатаў. Тое ж і на выбарах у 2015 годзе, — кажа Дабрыянік. — А ў 2020 годзе, калі вясною пачаліся затрыманні актывістаў, Ціханоўскага, я зразумеў, што трэба чымсьці дапамагаць. 

Пачаў распаўсюджваць улёткі ініцыятывы «Сумленныя людзі» — друкаваў іх спачатку проста на маленькім хатнім струменевым прынтары».

«Я ўвогуле была апалітычнай да 2014 года, — расказвае пра сябе Вольга Агеева. — А калі Расія напала на Украіну, з’явілася шмат пытанняў. Я разумела, што ў краіне ўсё не так, як трэба, што паўсюль паказуха, але ж актыўнага ўдзелу ў чымсьці спачатку я не прымала. 

Толькі ўжо ў 2019 годзе я пайшла на Дзень Волі і на пратэст супраць інтэграцыі з Расіяй, які арганізоўваў Павел Севярынец.

У 2020 годзе ў мяне ўжо было адчуванне: нешта будзе. Напружанасць была бачная і ў сацыяльных сетках, і ў грамадстве. У маёй паліклініцы сярод медыкаў таксама пачалі хадзіць размовы, што сёлета варта выказаць сваю пазіцыю. Пасля пачаліся затрыманні, справы — і стала зразумела, што народ маўчаць не будзе».

Летам 2020 Вольга была на рэабілітацыі — ёй правялі складаную аперацыю на хрыбетніку. Але непасрэдна ў медустанове яна прагаласавала за Святлану Ціханоўскую. 

«А я прагаласаваць не паспеў, бо для гэтага трэба было ехаць у Слонім, я ж вырашыў застацца ў Мінску, бо разумеў, што выбары сфальсіфікуюць — і людзі выйдуць, — кажа Аляксандр. — Увечары не змог трапіць да Стэлы, быў на Раманаўскай слабадзе, ля Нямігі, дзе разганялі сілавікі. І паспеў збегчы. 

10-га я зноў выйшаў. Прычым, узяў сваю сястру — яна трохі старэйшая за мяне і да таго была зусім апалітычным чалавекам. Узяў, каб яна ўбачыла затрыманні, убачыла, што пратэстоўцы не нейкія наркаманы і алкаголікі. Яна ўбачыла разгоны і затрыманні на Нямізе і зразумела, што адбываецца».

Калі Аляксандр бачыў паслявыбарчыя падзеі на свае вочы, то Вольга сачыла за падзеямі з дапамогай інтэрнэту.

«Тое, што было пасля выбараў, было проста шокам. Я не чакала, што выйдзе столькі людзей, калі шчыра. Шокам быў і гвалт. Я плакала, гэта было вельмі цяжка», — кажа яна.

Пасля пачаліся маршы, дваровыя чаты і сустрэчы, працяглыя пратэсты. Аляксандр расказвае, што ўдзельнічаў ва ўсіх маршах, акрамя двух, бо двойчы быў на Акрэсціна. Вольга, па яе словах, «з канца жніўня часам выходзіла на прагулку». Пасля аперацыі яна рухалася з цяжкасцю, нават хадзіла з кійком.

«Стала зразумела, што краіна перайшла нейкі бар’ер. Усё, дарогі назад няма. Немагчыма перагарнуць старонку», — згадваюць і Аляксандр, і Вольга.

«Крыміналка — значыць іду правільным шляхам, значыць выдалі мне знак якасці»

Першы раз Аляксандра Дабрыяніка затрымалі 27 жніўня каля Чырвонага касцёла.

«Тады яшчэ затрымлівалі толькі мужчын, жанчын не чапалі. Нас папрасілі зайсці ў аўтазакі, паабяцалі, што праз тры гадзіны ўсіх адпусцяць, — расказвае ён. — Развезлі па РУУСах, але адпусцілі толькі журналістаў і тых, хто падпісаў пратакол. Я падпісваць не стаў — мяне і такіх жа, як я, адвезлі на Акрэсціна. Затым суд і 9 сутак. 

Другі раз быў 13 верасня на «Маршы герояў», калі пратэстоўцы пайшлі да Драздоў.

«Мяне затрымалі на Нарачанскай: там было чалавек 200 пратэстоўцаў. Тады дзяўчыны ўсталі ў счэпку перад мужчынамі, каб абараніць, — згадвае Дабрыянік. — Я, калі шчыра, там і сам трохі нарабіў спраў: калі амапавец пачаў цягнуць дзяўчынку, якая стаяла перада мною, я зняў з яго балаклаву… 

Нас усё ж затрымалі, прывезлі ў Цэнтральнае РУУС, паставілі на калені, ілбом у зямлю і пачалі дзяліць «на квадраты». У гэтым квадраце «актывісты», у іншым — «звычайныя». За тое, што я зняў балаклаву з амапаўца, пасля ў «квадрат актывістаў» і трапіў. Мяне жорстка збілі, зламалі нос.

Актывістаў вылучалі па белай вопратцы. Чаму так? Бо была арыенціроўка, што недзе хтосьці пабіўся з амапаўцам. Да нас нават прыводзілі таго амапаўца, перавязанага, у крыві, каб ён апазнаў таго, хто біў. Ці апазнаў ён каго, я, праўда, не ведаю. 

Пасля суд, мне 10 сутак. Цікава, што я сядзеў у той самай камеры, якую пасля Азаронак паказваў у сваім рэпартажы з Акрэсціна. Я, дарэчы, з акна той камеры вывешваў самаробны бела-чырвона-белы сцяжок: белая сурвэтка, чырвоная палоска з нейкага часопіса, які быў у камеры, усё гэта склеіў мылам. Дні тры ён дакладна вісеў».

17 верасня Аляксандр даведаўся, што цяпер ён фігурант крымінальнай справы па артыкуле 342 (Удзел у парушэнні грамадскага парадку). Яго вывезлі ў Жодзіна, але адтуль адпусцілі. 

«Я зразумеў, што цяпер выходзіць на вулічныя акцыі для мяне небяспечна, бо калі зноў затрымаюць, то ўжо не выпусцяць. Таму вырашыў шчыльна заняцца выданнем і распаўсюдам улётак, — кажа Аляксандр. — Купіў на свае грошы першы прынтар, пачаў друкаваць улёткі, газеты, налепкі. Пры гэтым працягваў працаваць. Часам не спаў начамі, бо пасля працы да раніцы займаўся ўлёткамі. 

Страшна мне не было — наадварот, была злосць і крыўда. Крыміналка — ну і крыміналка, значыць іду правільным шляхам, значыць выдалі мне знак якасці».

«Запрасіла да сябе на боршч»

Тым часам Вользе трохі палепшала. Яна таксама вырашыла дзейнічаць — зарэгістравалася як валанцёр офіса Святланы Ціханоўскай, каб распаўсюджваць улёткі. Разносіла іх па пад’ездах, паштовых скрынях.

«На той момант у мяне быў ужо трэці прынтар, на яго мы скінуліся са знаёмымі. Самі сябе мы называлі аб’яднаннем «Агітпартызаны». Аб’ёмы былі такія, якіх ніхто не чакаў: улёткі друкавалі тысячамі, — пасміхаецца Аляксандр. — Таксама ладзілі дваровыя маршы, чаяпіцці, флэшмобы з жыхарамі свайго раёна, з суседнімі». 

Здаецца, у канцы восені шмат хто ўжо скептычна глядзеў на перспектывы пратэстаў. Але не ўсе. Тады была не тое што надзея — была вера, што ўсё атрымаецца, што ўсё не дарма, як кажуць Аляксандр і Вольга. 

«Я спадзяваўся, што сілавыя структуры арыштуюць Лукашэнку, што вернецца Ціханоўская», — кажа Аляксандр. 

«Я ўжо разумела, што гэтая барацьба надоўга, — згадвае Вольга. — Верыла ў перамены, але бачыла: не будзе і адразу добра, але ж не будзе і таго, што было раней».

Так прайшоў лістапад. І аднойчы Аляксандру далі кантакт Вольгі — маўляў, яна распаўсюджвае ўлёткі, перадай, колькі ёй трэба.

«Я надрукаваў, прыбег на месца сустрэчы. Гляджу — стаіць дзяўчына, здаецца, зусім маладая, з бела-чырвона-белымі завушніцамі. Я ўсунуў ёй улёткі, кажу: «Прыгожыя завушніцы!» І пабег далей па сваіх справах, — расказвае Аляксандр пра першую сустрэчу. 

Пасля так сустракаліся яшчэ некалькі разоў — выключна па справах. Але нейкая іскра ўжо прабегла.

«Я думаў: «Ого, такая дзяўчынка, маладая, далікатная і ўдзельнічае ў барацьбе таксама», — згадвае Аляксандр. 

«А я часам думала: «Блін, улёткі ў мяне яшчэ не скончыліся, але такі класны хлопец… Замоўлю ў яго яшчэ!» — смяецца Вольга.

Аднойчы Аляксандр запрасіў Вольгу на раённы флэшмоб. Яна прыйшла, але апранулася вельмі лёгка, на выпадак, калі прыедуць сілавікі і трэба будзе збегчы. Само сабою, яна змерзла і пачала намякаць Аляксандру, што няблага б зайсці не тое што да яго ў госці — хаця б у пад’езд, проста сагрэцца.

«А я ўжо ведаў, што бывалі моманты, калі сілавікі засылалі дзяўчат знаёміцца з актывістамі. Пасля такая дзяўчына запрашае актывіста на каву, ён прыязджае — там яго і прымаюць. А ў мяне ж дома прынтар, усё астатняе… Таму кажу Вользе: «Я цябе правяду да прыпынку, зараз сядзеш у аўтобус, там і пагрэешся», — расказвае ён.

Вольга, можа, трохі і пакрыўдзілася, але вырашыла, што трэба праявіць ініцыятыву: «Я падумала: жыве адзін, што ён там есці? Ну і запрасіла да сябе на боршч у пачатку снежня». 

Аляксандр прыйшоў, убачыў вялікія бела-чырвона-белыя шторы, налепкі на лядоўні — і тады зразумеў, што Вольга «са сваіх». 

З таго часу і закруцілася. Новы год сустракалі яшчэ асобна, але ўжо ў лютым з’ехаліся, пачалі жыць у кватэры Аляксандра. Вольга тады ўжо не працавала — не стала працягваць кантракт яшчэ ўвосень, праз доўгую рэабілітацыю пасля аперацыі. Таму дапамагала ў «падпольнай друкарні».

«Было шмат замоў на ўлёткі. Саша ішоў на працу, я друкавала з раніцы да вечара, калі ён вяртаўся, то друкаваў ужо ён да глыбокай ночы, — кажа Вольга. — У нас прынтар працаваў з 8 раніцы да апоўначы. І мы адчувалі, што робім нешта важнае, нешта значнае, бо ўлёткі распаўсюджваліся па ўсёй краіне».

«Я папярэдзіў Вольгу, што на мне вісіць крыміналка. Яе гэта не напалохала. Усё, што яна спытала: «У цябе ёсць нехта, хто будзе клапаціцца, калі пасадзяць?» — згадвае Аляксандр.

Яго пасадзілі вясной.

«Ноччу мы спалі ў ложку, а сілавік сядзеў побач у крэсле»

Па крыміналцы Аляксандра некалькі разоў выклікалі на допыты яшчэ ўвосень 2020. Наступны раз здарыўся ў красавіку 2021. Ён пайшоў — і людзі, якія прадставіліся як ДФР, заявілі, што ў Аляксандра дома зараз будзе ператрус. 

«У выніку, мне прапанавалі супрацоўніцтва, — кажа Аляксандр. — Тады праходзілі дваровыя канферэнцыі ў зуме, і сілавікі сачылі за імі, гэта пра мяне ведалі. Сказалі, што я буду працягваць тое, што раблю — але ўжо пад іх кантролем.

Я пагадзіўся, але паспеў паведаміць пра гэта «сваім» людзям, каб нікога не падставіць. Пасля кругласутачна сілавікі былі ў нашай хаце. Яны сачылі за вэб-канферэнцыямі, у якіх мы ўдзельнічалі, сазвонамі, аднаго мяне нікуды не выпускалі. Ноччу мы спалі на ложку ў нашай аднушцы, двое сілавікоў дзяжурылі з намі — адзін у нашым пакоі ў крэсле, другі мог спаць на кухні. У кожнага з іх быў пісталет у кабуры.

Як я разумею, яны думалі, што я выведу іх на нейкіх арганізатараў, што праз мяне змогуць вылічыць усіх іншых валанцёраў. Але мне падыгрывалі «свае» падчас сазвонаў, наколькі я ведаю, нікога я не падставіў. 

Так працягвалася 1,5 тыдня. Разам з сілавікамі мы жылі ў маёй здымнай аднушцы. Пасля нас перавезлі ў двушку праз два дамы. 

Але асаблівага профіту сілавікам ад мяне не было. І недзе 19 ці 20 мая нас адпусцілі, мы вярнуліся ў маю аднушку. А 24 мая да нас зноў прыйшлі — адкрылі сваім ключом дзверы, тады ўжо канфіскавалі і камп’ютары, і прынтары, і нават пыласос». 

Тады ж у маі Аляксандр задняй датай падпісаў паперу аб супрацоўніцтве. 

«Выбару ў мяне не было. Мне проста сказалі, што пасадзяць Волю і што маёй сястры «ёсць што губляць», — кажа ён. — У ліпені мяне вазілі ў СК.

Там былі журналісты БТ. Мне паабяцалі, што калі скажу патрэбныя рэчы, то тады пайду дадому. Хацелі, каб я прызнаў, што нешта арганізоўваў, што са штаба Ціханоўскай мне загадваюць, каб я заклікаў людзей за дзеянняў…

Я адмовіўся, але сказаў на камеру, што мне «валанцёры са штаба Ціханоўскай прапаноўвалі незаконна перасекчы мяжу, але не захацеў». Пад запіс у мяне спыталі, чаму я не захацеў, я адказаў: «Калі ўсе збягуць, то хто ж застанецца?»

24 мая на Вольгу таксама завялі крыміналку па артыкуле 342.

«Праз тры дні мяне адпусцілі, ужо ў статусе падазраванай. Гэта было нечакана — тады ўжо мы рыхтаваліся да кепскага, што пакуль улада не зменіцца, мы будзем сядзець», — кажа яна.

«Не думаў, што ў мяне ёсць столькі слёз»

Аляксандра пакінулі ў СІЗА. Яны з Вольгай вырашылі нікому не казаць пра затрыманне, нават сваім дзецям ад мінулых шлюбаў.

Калі Аляксандр быў у следчым ізалятары, і яго сыну, і яго бацькам тлумачылі: ён з’ехаў на заробкі, пакуль недасяжны. Ведала толькі старэйшая сястра.

З мая па кастрычнік Аляксандр прасядзеў на Валадарцы. Падчас гэтага, у жніўні, памерла яго маці. На пахаванне паехала Вольга — там яна таксама сказала, што Аляксандр на заробках, сувязі з ім пакуль няма.

«Вольга не прапускала ніводнага дня перадач. Заўсёды перадавала хоць нешта, проста каб я ведаў, што яна на волі, што з ёй усё добра, — расказвае Аляксандр. — За чатыры месяцы яна прапусціла толькі адзін раз — калі хавалі маю маму. Я тады зразумеў, што нешта здарылася: магчыма, Волю затрымалі. Але трохі спадзяваўся, што яна проста захварэла… 

Першага верасня мне далі спатканне з сястрой. Яна мне і паведаміла, што мама памерла. Было вельмі цяжка: маме было ўсяго толькі 62. Не кавід, яна хварэла на цукроўку, і адарваўся тромб. Тыдзень я быў вельмі падаўлены, не думаў, што ў мяне ёсць столькі слёз…»

Пакуль Аляксандр сядзеў, Вольгу ўсе знаёмыя ўгаворвалі з’ехаць з Беларусі. Нават Аляксандр пісаў, каб яна з’язджала. Але яна не хацела.

«Тады я напісаў, што разумею, што буду вельмі доўга сядзець. Таму давай ці застанёмся сябрамі, ці распішамся, хаця б тады зможам убачыцца, калі мяне пасадзяць», — згадвае Аляксандр. 

Вольга пасміхаецца: «Я адразу адправіла яму тэлеграму: «Мне патрэбны здаровы муж, таму кідай курыць і качай прэс. Я згодная». Я ўжо рыхтавалася да таго, што гэта будзе, можа, два гады, а мо пяць. Ну так, значыць так. Значыць, будзем цярпець». 

Але ж следчы не дазволіў ім пабрацца шлюбам: бо абодва былі фігурантамі крымінальнай справы. 

«Воля хоча вяселле пад «Пагоняй»

У кастрычніку 2021 Аляксандра Дабрыяніка судзілі. Пракурор запрасіў тры гады «хіміі» з накіраваннем, столькі і далі. Пасля выраку Аляксандра выпусцілі. Да адпраўлення на «хімію» ў яго было 10 дзён на падачу апеляцыі і пасля ад месяца да трох, пакуль яе разгледзяць. Яны з Вольгай вырашылі бегчы з краіны.

«Мы сабралі рэчы, пакінулі тэлефоны, сімкі дома, каб ніхто не ведаў, дзе мы. Нікому нічога не казалі, толькі Вольга папярэдзіла маці. На нейкі час мы з’ехалі з Мінска, на тыдзень схаваліся ў знаёмых.

Спачатку хацелі трапіць у Польшчу. Але на фоне ўсіх падзей, стала зразумела, што гэта будзе цяжка. Таму вырашылі паспрабаваць трапіць у Літву. Самі выбралі па карце месца, дзе, здавалася, будзе магчымасць перайсці, — згадваюць Аляксандр і Вольга. — Там была вузенькая рачушка. Нам ніхто не дапамагаў. Мы былі ўтраіх, з адным знаёмым, які таксама бег з Беларусі.

11 лістапада на золку мы прыехалі на месца, увайшлі ў ваду і пачалі рухацца цераз раку, проста ў вопратцы. Здавалася, што будзе вады па калена, ну ці па пояс, але насамрэч быў момант, калі не даставалі да дна, трошкі прыйшлося падплыць. 

Вольга яшчэ не ўзяла запасной вопраткі, я за яе перажываў. Аддаў ёй свае другія штаны. Выйшлі з ракі, зразумелі, што мы ў Літве. Проста пайшлі па прамой, убачылі нейкі дом. Было недзе ля 8-й раніцы. 

Пагрукаліся ў той дом, гаспадар спытаў: «Вы хто?» Мы кажам: «Мы беларусы, пазваніце, калі ласка, у паліцыю, памежнікам!»

Гаспадар запрасіў нас у дом, даў сухую вопратку, напаіў гарбатай з цукеркамі. Пасля прыехалі памежнікі, нас забралі на памежную заставу. Мы патлумачылі, што бяжым ад Лукашэнкі. 

Памежнікі вельмі ветліва сябе паводзілі, такія коцікі! Яны проста размаўлялі з намі як з людзьмі: калі ласка, дзякуй, усё такое. Нам, як беларусам, чуць ад сілавіка такое проста нечакана. Таксама нас пакармілі, зрабілі тэсты ПЛР».

Цяпер Аляксандр з Вольгай будуць прасіць палітычны прытулак у Літве. 

«Мы звярнуліся ў арганізацыю «Дапамога», нам далі месца, дзе жыць, дапамаглі вопраткай, прадуктамі, мы вельмі ўдзячныя ім. У нас трошкі грошай ёсць, будзем шукаць працу, жыллё. Я б хацела застацца ў медыцыне, але гэта цяжка: трэба пацвердзіць дыплом», — кажа Вольга.

Аляксандр пакуль што проста бярэцца за любыя магчымыя падпрацоўкі.

«Шкадаванняў у нас няма. Лепш тут пачынаць усё з нуля, чым у Беларусі сядзець у турме», — кажа ён.

Святлана Ціханоўская ўручыла Аляксандру Знак каманднага гонару «з падзякай за нязломнасць»

«Ведаеце, проста чакаць кожны дзень, што могуць прыйсці — гэта таксама было няпроста, — дадае Вольга. — Калі Сашу ўжо выпусцілі, быў Хэлоўін. Суседскія дзеці пагрукаліся ў дзверы — і ў нас ногі падкасіліся. Саша глядзіць, як бегчы, ледзь не скача з 7 паверха, у мяне рукі трасуцца… І гэта рэакцыя на звычайны грук у дзверы. Так жыць — гэта ненармальна».

Таксама Аляксандр і Вольга думаюць пра шлюб. 

«Але тут ёсць адна праблема: Воля вельмі хоча вяселле на радзіме, пад «Пагоняй», з іншымі нацыянальнымі сімваламі. У новай Беларусі», — смяецца Аляксандр.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера