Знайсці
01.12.2021 / 12:10РусŁacБел

Колькі грошай улады трацяць на мігрантаў і колькі на беларусаў. Лічбы ўражваюць

Аляксандр Лукашэнка ацаніў выдаткі Беларусі на дапамогу мігрантам на мяжы ў 25 млн долараў. Паглядзелі, ці можа беларус за МКАДам, шараговы падаткаплатнік, парадавацца за мігрантаў, ці значныя гэта грошы для бюджэтаў беларускіх райцэнтраў.

Аляксандр Лукашэнка 30 лістапада ацаніў выдаткі Беларусі на дапамогу мігрантам у 25 млн долараў. Тыдзень таму, па яго словах, выдаткі складалі $12,6 млн. Падрабязныя лічбы выдаткаў на мігрантаў невядомыя.

«Гэта значыць, увесь дагляд, кармленне, абаграванне, лячэнне…» — удакладніў у інтэрв’ю Дзмітрый Кісялёў.

«Абсалютна», — пацвердзіў Лукашэнка. Пры гэтым удакладніў, што авіярэйсы з мігрантамі ў Ірак былі за кошт іракскага боку.

Журналісты найбуйнейшага беларускага партала, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім, патэлефанавалі на прамую лінію Гродзенскага аблвыканкама (лагер размешчаны на тэрыторыі Гродзенскай вобласці) і спыталі падрабязнасці, на што пайшлі грошы (тады было вядома толькі пра 12,6 мільёна долараў).

У Гродзенскім аблвыканкаме не сталі абвяргаць гэтыя лічбы і растлумачылі, што ўтрыманне мігрантаў патрабуе немалых сродкаў, і «кожны дзень гэтая сума расце».

Паводле аблвыканкама, грошы, напрыклад, ідуць на аплату паслуг ЖКГ, уборку цэнтра, прадукты, меддапамогу. Пральных машын у лагеры няма, адпаведна, сюды неабходна ўключыць паслугі пральні. Акрамя таго, яшчэ і працу медыкаў, памежнікаў, мытнікаў і іншых адмыслоўцаў.

— Там ніхто сам не гатуе, усё гэта робяць кухары, — удакладнілі ў аблвыканкаме, што ў выдаткі варта ўключыць і працу кухараў.

Дакладна не вядома, колькі ў лагеры знаходзіцца мігрантаў. Па розных ацэнках, 2‒3,5 тысячы чалавек. 1876 чалавек вывезлі пяццю эвакуацыйнымі рэйсамі. Але колькі засталося ў Брузгах — адказу няма.

Лагер з’явіўся на мяжы 8 лістапада. 23 дні, менш чым месяц мігранцкага лагера Лукашэнка ацаніў у 25 млн долараў.

Па сённяшнім курсе гэта 63,7 млн рублёў. Гэта выдаткі, дапусцім, на 3,5 тысячы мігрантаў.

Што азначаюць гэтыя лічбы для беларусаў?

Зірнем у мясцовыя бюджэты. Славутая Шчучыншчына знаходзіцца зусім побач з мігранцкім лагерам ‒ усяго ў 80 км ад Брузгоў. І гэта як раз Гродзенская вобласць, дзе і знаходзіцца мігранцкі лагер.

У Шчучынскім раёне на пачатак 2021 года жыў 34 691 чалавек — у 10 разоў больш, чым у мігранцкім лагеры.

Паглядзім раённы бюджэт на 2021 год. Мы бачым там амаль знаёмую лічбу.

Расходы бюджэту Шчучынскага раёна з насельніцтвам у 35 тысяч чалавек на 12 месяцаў 2021 года складаюць 65 млн рублёў. 

На месяц мігранцкага лагера беларускія ўлады выдаткавалі ў пераліку амаль 64 млн рублёў, і «кожны дзень гэтая сума расце».

Расходы бюджэту Шчучынскага раёна ‒ гэта не толькі «дагляд, кармленне, абаграванне, лячэнне…», але і адукацыя, культура, СМІ, фізкультура, спорт, ЖКГ, сельская гаспадарка, транспарт, ахова прыроды, тыя ж ахова здароўя і сацыяльная палітыка, з заробкамі бюджэтнікам, і нават яшчэ нейкія «іншыя расходы».

На ўвесь раён у 35 тысяч чалавек на год у мясцовым бюджэце столькі ж грошай, колькі ўлады выдаткоўваюць на месяц жыцця мігрантаў, якіх у дзесяць разоў менш, чым жыхароў Шчучынскага раёна.

Можна паглядзець і на іншыя раёны, напрыклад, на Слонімскі. Месячны бюджэт лагера ў Брузгах сланімчане «праелі» за 6 месяцаў: выдаткі мясцовага кансалідаванага бюджэту склалі 59 млн рублёў. Гэта нават трохі менш за 64 млн. У раёне на пачатак года было 62 962 чалавек ‒ прыкладна ў 20 разоў больш, чым мігрантаў.

Свіслацкі раён. Таксама Гродзенская вобласць. Тут на пачатак года пражывалі 14242 жыхары. У чатыры разы больш, чым у мігранцкім лагеры.

На 12 месяцаў усіх выдаткаў мясцовага кансалідаванага бюджэту тут запланавана 37 млн рублёў. Амаль удвая менш, чым на месяц жыцця мігранцкага лагера.

Як бачым, беларусы могуць парадавацца за мігрантаў. Бо, канечне, «мы славяне, у нас душа такая ў людзей». Толькі ўзровень жыцця, атрымоўваецца, ніжэйшы, чым у мігранцкім лагеры.

Нямецкі Чырвоны Крыж выдзеліць мігрантам на мяжы 143 тысячы еўра. На кожнага ‒ прыкладна як пенсія беларуса. Але гэта не ўсё

«Мяне забралі з працы». За каментары пра мігрантаў затрымліваюць беларусаў і прымушаюць выбачацца на відэа

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера