Знайсці
02.12.2021 / 15:38РусŁacБел

Паўсюдныя камеры назірання і сістэмы ідэнтыфікацыі па твары. Як лічбавыя тэхналогіі ўскладнілі працу шпіёнаў

Шпіёніць так, як раней, ужо не атрымаецца. У 2010 годзе выведнікі Масада распрацавалі план таемнага забойства палесцінскага баевіка ў Дубаі. У іх усё атрымалася, толькі не атрымалася зрабіць гэта таемна — камеры назірання здымалі іх перад і пасля таго, як яны надзелі маскіроўку. Пра новыя выклікі шпіёнскай прафесіі расказвае Wall Street Journal.

Фота: depositphotos.by

У 2017 годзе амерыканскі выведнік сустрэўся — як ён думаў, таемна — са зводным братам паўночна-карэйскага лідара, а праз некалькі дзён таго брата забілі. Пра гэтую сустрэчу таксама стала вядома дзякуючы камерам бяспекі гатэля.

Нарэшце ў мінулым снежні пры дапамозе сайта Bellingcat удалося праз тэлефонныя даныя і інфармацыю пра падарожжы адсачыць траіх маскоўскіх агентаў ФСБ, якія пераследавалі, а пасля спрабавалі забіць Аляксея Навальнага. Bellingcat раскрыў імёны гэтых агентаў і апублікаваў іх фота.

Шпіёніць, як раней, ужо сапраўды немагчыма.

Добра падрыхтаваны агент ЦРУ мог раней перайсці мяжу па фальшывых дакументах на іншае імя і ўпэўнена вандраваць па замежных гарадах, каб сустракацца са сваімі агентамі. Але цяпер на яго шляху — лічбавыя перашкоды, якія сталі яркай адметнасцю сучаснага жыцця: усюдыісныя камеры назірання і біяметрычны кантроль на мяжы (ідэнтыфікацыя па рысах твару), не кажучы ўжо пра тое, што смартфоны, гадзіннікі і машыны пастаянна падаюць сігнал пра месцазнаходжанне. Да ўсяго, ёсць жа яшчэ «лічбавы пыл» — сляды, якія ўсе людзі пакідаюць за сабой у інтэрнэце.

Штучны інтэлект цяпер дапамагае хутка шукаць патрэбныя даныя ў вялікай колькасці інфармацыі, і гэта дазваляе краінам аператыўна выяўляць замежных агентаў на сваёй тэрыторыі.

«Гэта сапраўдная праблема, — прызнаўся былы агент амерыканскай контрвыведкі. — Самі асновы і прынцыпы нашай працы падрываюцца».

Дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнз прызнаўся, што ўпраўленню давядзецца адаптавацца да новых акалічнасцяў.

Праблема з лічбавымі тэхналогіямі ў тым, што яны даюць большую перавагу выведкам аўтарытарных дзяржаў, такіх як Кітай ці Расія, бо там улады маюць большы кантроль над інфармацыяй.

Адзін з кіраўнікоў ЦРУ ў інтэрв'ю заявіў, што яны не здаюцца і не скарачаюць колькасць супрацоўнікаў і агентаў.

«Humint не памёр, і не памрэ ў агляднай будучыні», — сказаў ён пра чалавечы інтэлект (human intelligence, скарочана humint — чалавечы розум).

Але не ўсе з гэтым згодныя.

«Фундаментальныя асновы выведкі пахіснуліся. Іх ужо зруйнавалі», — прызнаўся Дзюяні Норман, былы старшыня аддзелу ЦРУ, які раней узначальваў праграмы па адаптацыі выведкі да лічбавай эпохі. Бо як можна амерыканскаму выведніку пераканаць замежнае агенцтва ці прыватную кампанію, што ён працуе ў іх, калі яго тэлефон не падае пастаянныя сігналы, што ён недзе побач, няма інфармацыі пра тое, што ён здымае грошы ці разлічваецца карткай за абеды недзе непадалёк, ды і камеры відэаназірання нідзе яго не фіксуюць?

А калі ў цябе няма так званага электроннага подпісу, то бок ты не носіш тэлефон і не карыстаешся інтэрнетам, замежная выведка ў першую чаргу на цябе і зверне ўвагу.

У прамове 2018 года былы віцэ-старшыня ЦРУ па навуцы і тэхналогіях Дон Меерыкс, заявіў, што ў 30 краінах замежная выведка ўжо не рупіцца нават пра фізічны пераслед амерыканскіх агентаў, калі тыя выходзяць з месца сваёй працы (ён гаварыў пра супрацоўнікаў амерыканскіх амбасад). «У гэтым няма неабходнасці, бо гэтую працу цяпер робяць сістэмы відэаназірання і бяздротавая інфраструктура».

Як жа праца шпіёна будзе выглядаць у будучыні?

Пераходзіць мяжу пад чужым імем ужо ўчорашні дзень. Біяметрыя і сістэма распазнання твару гэтага больш не дазволяць.

«Цяпер супрацоўніку выведкі больш складана схавацца за псеўданімам», — сказаў былы выведнік адной з заходніх служб выведкі, у якога за ўсю кар’еру было дзевяць розных пашпартоў, і крэдытныя карткі да кожнага з іх.

Цяпер усё часцей выведкай будуць займацца людзі пад сваімі сапраўднымі імёнамі. Гэта значыць, што шпіён не будзе прадстаўляцца кімсьці іншым, ён будзе жыць сваё жыццё, якое і будзе яго прыкрыццём. Гэта можа быць бізнэсмен, акадэмік ці іншы спецыяліст, у якога не будзе ніякай відавочнай сувязі з урадам ЗША.

«Масква і Пекін ужо зрабілі «масіўны ўкід» такіх выведнікаў па ўсім свеце», — расказаў старшыня контрвыведкі ЗША Уільям Івэніна.

Гэтых шпіёнаў цяпер называюць нетрадыцыйнымі зборшчыкамі інфармацыі за мяжой.

«Суцэльная пакута». Японцы рады новай хвалі кавіду, бо не трэба ісці на карпаратыў з босам

У Гамбіі галасуюць за прэзідэнта не бюлетэнем, а шклянымі шарыкамі. У гэтым ёсць свая прычына і свой сэнс

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера