Знайсці
02.12.2021 / 11:13РусŁacБел

У сям'і са Смаргоні жыве сапраўдны янот: ён дапамагае мыць бульбу і ганяе катоў ФОТА, ВІДЭА

Тры месяцы таму ў сям'і Валерыя і Людмілы Дубіцкіх са Смаргоні з'явіўся незвычайны гадаванец — янот-паласкун па мянушцы Бублік. Людміла распавядае, што «хварэла» на гэтую жывёлу каля чатырох гадоў. Жанчына разумела, наколькі вялікую адказнасць бярэ на сябе чалавек, заводзячы дзікую жывёлу, таму крыху пабойвалася.

Сваякі і сябры Людмілы ведалі пра яе мару і спрабавалі хаця б часткова яе ажыццявіць, паведамляе мясцовае выданне «Светлы шлях».

— Цягам апошніх гадоў мне часта дарылі мяккія цацкі-янотаў, келіхі з выявай гэтай жывёлы, асадкі і нават паветраныя шарыкі з янотамі, — распавядае Людміла.

Але нічога не дапамагло. Людміла хацела жывога яноціка. Сёлета муж выканаў яе мару. Ён падарыў жонцы на дзень нараджэння янота-паласкуна. Гадаванцу быў усяго адзін месяц. Яго толькі аднялі ад мамы-яноціхі. Малы яшчэ не ўмеў сам есці, таму Людміле прыйшлося карміць яго з бутэлечкі, як немаўля.

— Першыя тры тыдні я не магла прыстасавацца да новага рытму. Ён увесь час патрабаваў да сябе ўвагі. Былі моманты, што я клікала ў госці сяброўку, каб тая з ім пагуляла, а ў мяне з'явіўся час для хатніх спраў, — успамінае Людміла.

Але паступова ўсё ўстала на свае месцы. Бублік (так вырашылі назваць янота) стаў больш самастойным, навучыўся есці, палюбіў некаторыя мяккія цацкі і пачаў з імі гуляць.

— Назіраць за ім — сапраўднае задавальненне. Асабліва калі ён есць. Перш, чым узяць што-небудзь у рот, ён абмаквае ежу ў ваду. Пакуль не абмакне, не з'есць. Гэта выглядае вельмі пацешна, — усміхаецца Людміла.

Янот-паласкун атрымаў сваю назву невыпадкова. Справа ў тым, што звярок любіць паласкаць у вадзе не толькі ежу, але абсалютна ўсё, што трапляецца яму на шляху. Бублік — выдатны памочнік у чыстцы бульбы. Пакуль Людміла чысціць бульбу ад лупін, звярок палошча яе ў вадзе. Але калі вырашыць, што бульба ўжо чыстая, то можа перайсці на паласканне бульбяных ачысткаў.

У доме Людмілы і Валерыя Дубіцкіх акрамя Бубліка жывуць яшчэ тры каты. З першых дзён з'яўлення ў новай сям'і янот адразу даў зразумець, хто тут галоўны. З адным з катоў ён пасябраваў і стаў гуляць з ім, а вось двух іншых па гэты дзень трымае ў страху.

Бубліку адвялі асобны пакой, але ён прэтэндуе быць гаспадаром усяго дома: усюды далезе, адкрые, развяжа і абавязкова што-небудзь скрадзе. Янот поўны энергіі і цікаўнасці, таму за ім даводзіцца пастаянна сачыць. У адрозненне ад сабак або катоў, якія могуць спаць большую частку сутак, Бублік гатовы не спаць наогул. Галоўнае, каб было з кім пагуляць.

— Янот — гэта не тая жывёла, якую можна зачыніць у пакоі і пакінуць на цэлы дзень. Ён патрабуе вельмі шмат увагі, яму пастаянна патрэбная кампанія. Калі я куды-небудзь з'язджаю, ён сядзіць на падаконніку і з сумам праводзіць мяне позіркам, а калі вяртаюся — з радасцю сустракае, — дзеліцца прыемным Людміла.

— А калі пасля ночы заходжу ў яго пакой, ён кідаецца на шыю і пачынае цалаваць. Вось такую порцыю пяшчоты ён дорыць мне кожную раніцу.

Людміла адзначае, што нават абыякавых да хатніх жывёл людзей Бублік скарыў. Бачачы на вуліцы незвычайную жывёлу на павадку, многія мінакі просяць пачухаць звярка або пагуляць з ім. Людміла адзначае, што вітае ўсіх сяброў Бубліка, бо гэтай жывёле зашмат увагі не бывае

— Калі камусьці вельмі цікава, хтосьці хоча пагуляць з нашым гадаванцам, мы не супраць. Людзі могуць прыйсці да нас і правесці з ім час. Бубліку гэта толькі на карысць. А калі хтосьці захоча прынесці гасцінец, то наш малы будзе рады зялёнаму вінаграду і салодкаму пячэнню, — кажа Людміла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930