Напярэдадні міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава выклікалі ў Вярхоўную Раду ў сувязі з паведамленнямі ў СМІ аб закупцы ведамствам прадуктаў для вайскоўцаў па цэнах у некалькі разоў вышэйшых, чым у рознічных крамах. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку намесніца кіраўніка парламенцкага камітэта па нацбяспецы, абароне і выведцы Мар'яна Бязугла, адзначыўшы, што дзяржаўная аўдытарская служба і праваахоўныя органы праводзяць у Мінабароны праверкі.
Мінабароны Украіны, у сваю чаргу, піша пра тое, што звесткі пра змест закупак паслуг харчавання «распаўсюджваюцца з прыкметамі наўмысных маніпуляцый і ўводзяць у зман».
Ведамства рыхтуе матэрыялы ў Службу бяспекі Украіны, каб расследаваць «распаўсюджанне загадзя хлуслівых звестак, якія наносяць шкоду інтарэсам абароны ў асаблівы перыяд».
Пры гэтым адносна эпізодаў, якія маюць грамадскі рэзананс — незалежна ад іх зместу, — міністэрства праводзіць службовыя праверкі.
«Адносна працэсу і вынікаў закупак паслуг харчавання таксама будзе праведзена ўнутраная праверка. У выпадку выяўлення парушэнняў у дзейнасці службовых асоб Мінабароны яны будуць несці адказнасць па законе», — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.
Чытайце таксама:
Ва Украіне — скандал праз куплю харчавання для УСУ. Вярхоўная Рада выклікала міністра абароны Украіны





