«Фактычна трэць эканомікі стратная», — заявіў прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі 31 ліпеня на пасяджэнні Савета міністраў, на якім падводзіліся вынікі сацыяльна‑эканамічнага развіцця краіны ў першым паўгоддзі. Пра гэта паведамілі афіцыйныя крыніцы.

Прэм’ер‑міністр прызнаў, што колькасць стратных прадпрыемстваў скарачаецца — гэты паказчык сёння знаходзіцца на ўзроўні 17‑18%. Аднак, паводле яго слоў, сітуацыя ў канкрэтных ведамствах выглядае інакш. Так, у сістэме Міністэрства прамысловасці 31% стратных прадпрыемстваў. «Гэта значыць, фактычна трэць эканомікі стратная. І калі адкінуць невялікія суб’екты гаспадарання, кафэ, сталовыя, то за агульнымі лічбамі мы бачым у цэлым неспрыяльную сітуацыю, — сказаў прэм’ер‑міністр. — Такое становішча не можа нас задавальняць. Таму мы павінны ўважліва паглядзець і прааналізаваць працу гэтых прадпрыемстваў».

Вырашэнне гэтай задачы, а таксама выкананне іншых фінансава‑эканамічных паказчыкаў дазволіць у другім паўгоддзі дасягнуць запланаванага выніку, лічыць С.Сідорскі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0