Для даведніка: Фільмы жахаў. Энцыкляпэдыя самага страшнага

АПОШНЯЯ ДЗЯЎЧЫНА (анг. Final girl) – дзяўчына, якая застаецца жывой напрыканцы расьсякальніка ("Тэхаская разьня бэнзапілой", "Хэлоўін", "Пятніца, 13"). Почасту апошняя дзяўчына пазбаўленая недахопаў забітых сябровак (ня блудзіць, не напіваецца), ці, прынамсі, хутка бегае. Акрамя кансэрватыўна-маралізатарскай ролі, апошняя дзяўчына выконвае й драматургічную функцыю, бо выкарыстоўваецца для падаўжэньня страшнай гісторыі ў наступнай сэрыі расьсякальніка.

Апошняя дзяўчына зьяўляецца аб'ектам атаясамліваньня – для пераважна мужчынскай аўдыторыі сада-вуаерыстычных фільмаў жахаў – што само па сабе парадаксальна; апошняя дзяўчына звычайна носіць андрагіннае імя (Білі, Джорджы, Сідні).

Сам тэрмін "Апошняя дзяўчына" ўведзены Кароль Дж.Кловэр у кнізе "Мужчыны, жанчыны і бэнзапіла: гэндэр у сучасных фільмах жахаў". Анічога падобнага апошняй дзяўчыне ў беларускім кіно няма.

ВІСКЛІВАЯ ДЗЯВУЛЯ / Зьвяглівая маладзіца (анг. scream girl) – дзяўчына, якая грамчэй за ўсіх крычыць у фільмах жахаў. Крык вісклівай дзявулі падчас атакі пачварыньня ўзмацняе экспрэсію ці служыць іранічнай разрадкай. У спакойных эпізодах істэрыка вісклівай дзявулі выконвае драматургічную функцыю.

Зрэдку ролі вісклівых дзявуляў дастаюцца й мужчынам (сяржант Хікс Біла Пэкстана ў "Чужых"). Вісклівых дзявуляў граюць (ці агучваюць) каралевы віску.

ГРОШАВЫБІВАЛЬНЫ КАДАР (анг. money shot / payoff shot) – кадар, кульмінацыйны момант, сцэна ці вобраз, на які купляецца глядач, каб выкласьці за фільм грошы. На грошавыбівальным кадры спраўджаюцца чаканьні масавай аўдыторыі – і глядач вяртае свае пазыкі. Гэта кадры адмысловай "ўзнагароды", "выплаты" гледачу за набыты квіток. (Першапачаткова тэрмін выкарыстоўваўся ў порнаіндустрыі.)

Хаця здымкі грошавыбівальных кадраў могуць каштаваць значную суму, самі гэтыя кадры разглядаюцца, як ключ да камэрцыйнага посьпеху карціны.

Апрананьне Энакіна Скайуокера ў касьцюм Дарта Вэйдэра ("Зоркавыя войны ІІІ"), бамбаваньне ў "Пірл-Харбары", танец у "Крымінальнай чытанцы", сэксуальна-выкрывальніцкія сцэны ў "Мяне клічуць Арлекіна" – тыповыя грошавыбівальныя кадры.

У фільмах жахаў грошавыбівальнымі кадрамі зьяўляюцца сцэны трансфармацыі ў старых клясычных стужках ("Ваўкалак" і інш.); разрываньне глотак, адрастаньне іклаў і кіпцюроў ("Дэманы"); паяданьне плоці ("Апраметная канібалаў", "Раніца мерсьняў"); канібальскі банкет доктара Лектара й Клярысы Старлінг ("Ганібал"); рукі, што прабіваюць сьцены і хапаюць гераіню ("Агіда"); дэманскае шалёнства й цялесная брыдота ("Экзарцыст"), фінальнае адкрыцьцё праўды ("Шостае пачуцьце") і г.д.

Хаця грошавыбівальныя кадры абапіраюцца на біялягічны ўдар і абавязковыя сцэны, грошавыбівальнымі іх робіць: навізна (адмысловых эфэктаў, формы, драматургіі); чаканьне паўтору ("Цьвікагаловы" Даг Брэдлі ў восьмай частцы "Паўсталых зь пеклу"); удзел зорак ("у ролі "Ўдавы Дракулы" – эратычная зорка Сільвія Крыстэль"; дастаткова й камэа) – ці інтэнсіўнасьць (шматлікія фільмы прыгону).

Калі ў фільмах прыгону грошавыбівальныя кадры самаігральныя й самадастатковыя, нярэдка кепска злучаныя з дадатковым балястам карціны ("Апраметная жывых мерцьвякоў"), то ў шэдэўрах грошавыбівальныя кадры арганічна зьнітаваныя з усёй тканінаю фільму. Так у "Зьзяньні" грошавыбівальная сцэна, калі герой Нікалсана разрубае сякераю дзьверы, няўхільна выцякае з папярэдніх сцэнаў – і непарыўна злучана з наступнымі.

Падкрэсьленая (і скандальная) адмова ад стандартных грошавыбівальных кадраў – з адпаведнай рэклямнай падачы – таксама становіцца грошавыбіваньнем (псэўдадакумэнтальная стыль "Ведзьмы з Блэр").

Падказвае грошавыбівальныя кадры гледачу – і працуе зь ягонымі чаканьнямі, папярэдняя рэкляма.

У беларускіх фільмах жахаў грошавыбівальнымі кадрамі зьяўляюцца: сцэна дзікага паляваньня (распаленая кнігаю Караткевіча); страшныя маскі, аголеная гераіня ў пуху ("Дзікае паляваньне караля Стаха"); аголеныя жаночыя целы, шэсьце мерцьвякоў у саванах ("Д'ябал").

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?