З 1 кастрычніка 2007 у Менску ў кінатэатры "Перамога" і Музэі гісторыі беларускага кіно адбываюцца рэтраспэктывы фільмаў Райнэра Вэрнэра Фасбіндэра і Франсуа Труфо.

Кінатэатар “Перамога” разам з Інстытутам імя Гётэ паказвае сем стужак Райнэра Вэрнэра Фасбіндэра.

1 кастрычніка, панядзелак

«Лола», Нямеччына, 1981

2 кастрычніка, аўторак

«Каханьне халаднейшае за сьмерць», Нямеччына, 1969

3 кастрычніка, серада

«Горкія Слёзы Петры Фон Кант», Нямеччына, 1972

4 кастрычніка, чацьвер

«Страх зьесьці душа», Нямеччына, 1974

8 кастрычніка, панядзелак

«Кітайская рулетка», Нямеччына – Францыя, 1976

9 кастрычніка, аўторак

«У год трынаццаці Месяцаў», Нямеччына, 1978

10 кастрычніка, серада

«Нуда Вэранікі Фос», Нямеччына, 1982

Усе сэансы а 19.00.

posterФАСБІНДЭР (Fassbinder) Райнэр Вэрнэр (31. 05. 1945 — 10. 06. 1982), нямецкі рэжысэр, сцэнарыст, актор, апэратар, мантажнік. Ключавая фігура нямецкага кіно.

Нарадзіўся 31 траўня 1945 году ў Баварыі ў сям’і лекара й перакладчыцы. Бацькі разьвяліся, калі яму было 5 гадоў – і выхаваньне ўзяла на сябе маці (зьявіцца ў фільмах Фасбіндэра ў эпізадычных ролях). Зь 7 гадоў Райнэр прападае ў кінатэатрах, куды адпраўляла яго маці, каб не перашкаджаў займацца перакладамі. Будучы рэжысэр глядзіць па 2-3 фільмы на дзень; у старэйшых клясах нат быў звольнены за прагулы.

Пасьля няўдалай спробы паступіць у Бэрлінскую кінашколу, Фасбіндэр здымае кароткамэтражныя фільмы, пачынае граць у мюнхенскім Тэатры Дзеяньня (1967), адылі зьбірае уласную групу “Антытэатар”, чальцы якога (Ханна Шыгула, Курт Рааб, Гары Бэр) сталіся сталымі ўдзельнікамі ягонай здымачнай групы. (П’есу Фасбіндэра “Кроплі дажджу на распаленых скалах” экранізуе Франсуа Азон).

Стужка “Каханьне халаднейшае за сьмерць” (1969) – поўнамэтражны дэбют Фасбіндэра, дзе рэжысэр пераніцаваў амэрыканскі крымінальны сюжэт на нямецкі лад, экспэрымэнтуючы з формай (фільм асьвістаны крытыкай). Далей Фасбіндэр здымаў шалёнымі тэмпамі (42 фільмы за 13 гадоў!), выкарыстоўваючы дзяржаўную падтрымку й сыстэму нямецкіх фондаў.

Героі раньніх фільмаў Фасбіндэра сацыяльныя аўтсайдэры, імігранты, пралетарыі, якія пакутуюць ад расавай нянавісьці, несправядлівасьці, эксплюатацыі (“Катцэльмахер” (1969), “Узьнясеньне матулі Кюстэрс” (1975). А шчымлівая карціна “Страх зьесьці душа” пра каханьне пэнсіянэркі й арабскага імігранта прынесла Фасбіндэру першы міжнародны посьпех.)

Рэжысэр выкарыстоўвае досьвед нізавых жанраў: гангстэрскага кіно (“Амэрыканскі жаўнер”, 1970), і, найперш, мэлядрамы, грае з колерам і дэкарацыямі (“Кітайская рулетка”, 1976; “Керэль”, 1982 паводле Жана Жанэ). Але самыя асабістыя эмоцыі выкарыстоўваюцца для сацыяльнае крытыкі й аналізу ўлады. (“Горкія сьлёзы Петры фон Кант”, 1972; “Кулачнае права свабоды”, 1975; "У год трынаццаці Месяцаў", 1978). (У 15 гадоў Фасбіндэр шакаваў бацьку, прызнаўшыся, што закаханы ў сына мясьніка. “Ня мог знайсьці сабе нейкага студэнта!” – абурыўся айцец парушэньнем сацыяльнай субардынацыі).

Гісторыі “маленькага чалавека” – “Гандляр чатырох часоў году” (1971) і шматсэрыйны “Бэрлін. Аляксандарпляц” (1980) паводле раману Дэбліна – адны зь вяршыняў у творчасьці Фасбіндэра.

Насьледуючы Брэхту, Фасбіндэр мэлядраматызуе гісторыю – і становіцца летапісцам пасьляваеннай Нямеччыны. Гераіні ягоных эпічных мэлядрамаў – моцныя жанчыны, якія ірвуцца наверх па сацыяльнае лесьвіцы, губляючы жыцьцё й душу (“Замужжа Марыі Браўн”, 1978; “Лола”, 1982); ахвяры й творцы фашыстоўскага шоў-бізу (“Лілі Марлен”, 1981; “Нуда Вэранікі Фос”, 1981 – стылёвы чорна-белы фільм пра забытую зорку-наркаманку).

Памёр на 37-ым годзе жыцьця ад перадазаваньня какаіну, трымаючы ў руцэ сцэнар пра Розу Люксэмбург, абвенчанаю з рэвалюцыяй.

posterНУДА ВЭРАНІКІ ФОС (Sehnsucht der Veronika Voss)
Нямеччына, 1981, чорна-белы, 104 хв.
Рэжысэр: Райнэр Вэрнэр Фасбіндэр
Ролі выконваюць: Розэль Цэх, Хільмар Татэ, Карнэлія Фробэс
Жанр: Мэлядрама-нуар
Адзнака: 10 (з 10)

Нямеччына, 50-ыя гады. Спартовы аглядальнік Робэрт Крон (Татэ) падвозіць зьляканую незнаёмку (Цэх), якая ўцякла на вуліцу пад залеву з паказу даваеннага фільму. Незнаёмая – былая зорка нацысцкага кіно Вэроніка Фос. Зацікаўлены журналіст спрабуе дапамагчы гераіні, але перашкодаю – мінулае, морфій і чорна-белы кашмар лекарскіх змоваў.

Стылёвая мэлядрама-нуар, у якой Фасбіндэр ставіць дагары нагамі звыклую нам эстэтыку колераў. Чорны – гэта дабро: цемра кінатэатраў, ціхая ноч, плашч героя-ахоўніка. Белы – зло: стэрыльныя халаты лекараў, сьвятло калідораў і ліхтароў. Нацысцкія гэшэфты мінулага, канцлягерныя повязі ахвяры й ката, тайны забойства, якое не прадухіліць…

Гераіня стужкі загіне ад наркатычнае ломкі.

Фасбіндэр пасьледуе за ёй.

У Музэі гісторыі беларускага кіно, што месьціцца побач з Чырвоным касьцёлам, дэманструюцца стужкі Франсуа Труфо, прымеркаваныя да ягонага 75-годзьдзя. Рэтраспэктыва мае назву “Ці праўда, што кіно важнейшае за жыцьцё?”

3 кастрычніка, серада

«400 удараў», Францыя, 1958;

5 кастрычніка, пятніца

«Жуль і Джым», Францыя, 1961;

10 кастрычніка, серада

«451 па Фарэнгейце», Вялікабрытанія - Францыя, 1966;

12 кастрычніка, пятніца

«Маладая была ў чорным», Францыя, 1967;

17 кастрычніка, серада

«Выкрадзеныя пацалункі», Францыя, 1968;

19 кастрычніка, пятніца

«Амэрыканская ноч», Францыя - Італія, 1973;

24 кастрычніка, серада

«Гісторыя Адэлі Г.», Францыя, 1975;

26 кастрычніка, пятніца

«Апошняе мэтро», Францыя, 1980;

31 кастрычніка, серада

«Суседка», Францыя, 1981;

2 лістапада, пятніца

«Хутчэй бы нядзеля!» Францыя, 1983.

Усе сэансы а 15.00 і 18.30.

posterТРУФО (Truffaut) Франсуа (06.02.1932 – 21.10.1984) – францускі рэжысэр, сцэнарыст, кінакрытык, актор, прадусар. Адзін з галоўных творцаў і ўдзельнікаў Новай францускай хвалі.

Нарадзіўся ў Парыжы. Як пазашлюбнае дзіця ня ведаў свайго сапраўднага бацькі. Быў выхаваны матуляй і канторскім службоўцам Раландам Труфо, які й усынавіў яго.

Труфо кінуў школу ў 14 гадоў, трапляў у выпраўленчыя ўстановы для “цяжкіх падлеткаў”. Зьмяніў шмат прафэсіў, у 1951 годзе імпульсіўна запісаўся ў армію (адкуль дэзэртаваў, быў зьняволены й дэмабілізаваны).

З канца 40-ых гадоў актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі кінаклюбаў. Пад уплывам і апекай кінакрытыка Андрэ Базэна пачаў пісаць для часопіса «Cahiers du Cinema». Часопіс стаўся трыбунай для трыбунай для маладых творцаў (Гадар, Шаброль, Рывэт, Рамэр), які склалі Новую хвалю францускага кіно, а Труфо быў адным з сама дзёрзкіх і бескампрамісных крытыкаў “татулінага кіно”, выступаў за палітыку “аўтараў” і захапляўся амэрыканскімі кінажанрамі.

Труфо ставіць кароткамэтражныя стужкі “Візыт” (1955), “Гісторыя вады” (1958), “Шпаняты” (1958). Сцэнар Труфо “На апошнім подыху” стане асновай для рэвалюцыйнай стужкі Гадара, а поўнамэтражны дэбют Труфо “400 удараў” паводле ўласнае біяграфіі – маніфэстам Новае хвалі.

Альтэр-эга Труфо – лірычны герой-бунтар Антуан Дуанэль (у выкананьні Жана-П’ера Леа) зьявіцца і ў наступных стужках рэжысэра (“Выкрадзеныя пацалункі”, 1968; “Сямейны ачаг”, 1970). А тэма дзяцінства атрымае працяг у фільмах “Дзікае дзіця” (1970), “Кішэнныя грошы” (1976).

Наватарскія стужкі Труфо выкарыстоўваюць досьвед амэрыканскага кіно (“Страляйце ў піяніста”, “Маладая была ў чорным”), прасякнутыя тактам, лірызмам, пяшчотай – і увагай да глыбокіх чалавечых пачуцьцяў (“Жуль і Джым”, “Пяшчотная скура”, “Гісторыя Адэлі Г.”).

“Суседка” Франсуа Труфо – адна з найлепшых мэлядрамаў за ўсю гісторыю кіно. А ў карціне “Хутчэй бы нядзеля” крымінальны сюжэт пададзены зь лірычным францускім гумарам. “Апошняе мэтро” – дасьціпная й пранізьлівая мэлядрама пра часы акупацыі.

А карціна “Амэрыканская ноч” сталася выкшталцоным гімнам кінэматографу.

Труфо экранізаваў антыўтопію Рэя Брэдбэры “451 па Фарэнгейце”, зьняўся ў фільме Сьпілбэрга “Блізкія кантакты трэцяга віду”, склаў кнігі “Кінэматограф паводле Хічкока”, “Фільмы майго жыцьця”.

Труфо меў выключныя здольнасьці ў працы з акторамі – і яны дасюль узгадваюць яго з удзячнасьцю й цеплынёй.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?