Сёй-той сьмяецца з прэзыдэнта Віктара Юшчанкі, што ён носіць на пальцы казацкі пярсьцёнак з часоў Запарожскай Сечы, а ў яго кабінэце поўна твораў украінскага народнага мастацтва. Аднак Юшчанка такім чынам жадае вярнуць Украіне тоеснасьць, якой іх стагодзьдзямі спрабавалі пазбавіць.

На мінулым тыдні, за колькі дзён да сьвяткаваньня Дня незалежнасьці, Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ, аналяг нашага КДБ), апублікавала ў Інтэрнэце 5 тыс. старонак дакумэнтаў савецкага ГПУ, што тычацца Галадамору 1932--1933 гг. Тады памерлі некалькі мільёнаў чалавек.

Каб зразумець важнасьць гэтых дакумэнтаў, дастаткова азнаёміцца зь першым зь іх – «Дырэктывай для кіраўнікоў раённых аддзелаў ГПУ у Крыме» ад 26 лютага 1932 г. У ёй патрабуецца «супрацьдзейнічаць вывазу хлеба па-за межы Крыму (тады тэрыторыя РСФСР) усімі магчымымі спосабамі». Чарговая тэлеграма ад 13 верасьня 1932 г. кіраўнікам аддзелаў ГПУ заклікае да ўзмацненьня барацьбы са спэкулянтамі і гандлярамі. Мова дакумэнтаў зразумелая – калі цэнтральная Ўкраіна галадала, у Крыме ежы было ўдосталь. Існавалі таксама магчымасьці яе перавозкі, бо з чарговай інструкцыі вынікае, што барацьбу з харчовымі спэкулянтамі трэба перадусім весьці на чыгунцы. Аднак савецкая ўлада не жадала, каб ежа з Крыму трапляла ў галадаючую Ўкраіну.

Дакумэнты паказваюць, што голад быў выкліканы штучна, у любым выпадку, што існавалі магчымасьці, каб зьвесьці да мінімуму яго вынікі, – кажа прафэсар Станіслаў Кульчыцкі, намесьнік дырэктара Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Украіны. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што мэтай Сталіна не было поўнае вынішчэньне ўкраінцаў як народу, а яго паслабленьне, прыгнечваньне тэрорам, каб ён падпарадкоўваўся савецкай уладзе.

– Дакумэнты дазваляюць зрэканструяваць, якія ўказаньні ГПУ атрымоўвала ад тагачасных партыйных уладаў, як іх выконвала і як потым за тое разлічвалася, – дадае Сяргей Багуноў, дырэктар архіваў СБУ.

Сярод дакумэнтаў ёсьць акты з паказальнага працэсу над партыйнымі дзеячамі з Гарохава пад Днепрапятроўскам, якія быццам сабатавалі загад перадачы дзяржаве ўсяго зярна, якое знаходзілася ў вёсках. Акты гэтага працэсу рассылалі потым у аддзелы ГПУ у якасьці нагляднага матэрыялу. У архівах ёсьць таксама лісты асуджаных Сталіну, у якіх яны апісваюць жудасныя выпадкі голаду і лютасьці ГПУ ў дачыненьні да жыхароў вёскі, зь верай у тое, што правадыр пра іх ня ведае. Існуюць таксама ашаламляльныя дзёньнікі ўкраінцаў, якія перажылі голад, з успамінамі пра канібалізм, да якога тады даходзіла.

Голад як сымбаль мартыралёгіі

Апублікаваньне дакумэнтаў упісваецца ў дзеяньні, якія можна назваць «украінскай гістарычнай палітыкай». Яна праводзіцца на працягу ўсіх 15 год незалежнасьці, але сьвядомыя рысы набыла толькі на працягу апошняга паўгодзьдзя знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. Прэзыдэнт хоча, каб дзяржава прапагандавала ўкраінскую гісторыю і каб гэтая прапаганда мела форму, якую будуць прымаць усе жыхары краіны, як з усходу, так і з захаду краіны, носьбіты ня толькі ўкраінскай, але і расейскай моваў. Галадамор выконвае ролю галоўнага сымбалю, які павінен аб’яднаць гістарычную сьвядомасьць усіх украінцаў. Так яно і адбываецца, бо памяць пра Галадамор захоўваецца ў кожнай украінскай сям’і. – Я паходжу зь вёскі ў цэнтральнай Украіне і ведаю, што пасьля трагедыі Голаду людзі, якія там жылі, былі прыгнечаныя на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Страх, што голад можа паўтарыцца, паралізаваў, быў прычынай таго, што любое супраціўленьне ўладам было цалкам выключана – кажа ўкраінскі філёзаф, прафэсар Міраслаў Паповіч.

-- Украінскае грамадзтва яшчэ да 60-х гадоў было ў сваёй большасьці вясковым, – тлумачыць сацыёлаг Яўген Галаваха. – Цяпер прапорцыі зьмяніліся да адваротнага, але вялікая частка гарадзкіх жыхароў жыве ў гарадах толькі ў першым пакаленьні. Яны ўсё яшчэ не выракліся вясковай тоеснасьці, традыцыйных вясковых вартасьцяў, стасункаў са сваякамі, якія засталіся ў вёсцы. Таму памяць пра Галадамор жыве таксама ў месьцічаў, – дадае Галаваха. Юшчанка, які сам паходзіць зь вёскі, гэта дасканала адчувае і на гэтым стараецца будаваць тоеснасьць украінцаў, каб адрозьніць іх ад расейцаў і ад тых, для каго радзімай па-ранейшаму зьяўляецца Савецкі Саюз.

Калінавы гай у цэнтры Кіева

Адным з галоўных праектаў прэзыдэнта Юшчанкі зьяўляецца закладаньне ў цэнтры Кіева калінавага гаю памяці ахвяраў Галадамору. Ён будзе гатовы праз год, у 75-ю гадавіну Голаду, і павінен стаць помнікам украінскай мартыралёгіі. – Калінавы гай – гэта ідэя-фікс Юшчанкі – кажа Юлія Маставая, намесьнік рэдактара кіеўскага лідэра грамадзкай думкі – штотыднёвіка «Дзеркало Тижня». – Часам на спатканьні з міністрамі прэзыдэнт здолее адкласьці ўсе тэмы ў бок і запытацца, што адбываецца зь яго праектам.

Некалькі месяцаў таму па ўказаньні прэзыдэнта ўвесь тагачасны ўрад Юр’я Еханурава павінен быў ў якасьці грамадзкай працы садзіць у суботу дрэвы ў калінавым гаі. Частка ўкраінскай прэсы абсьмяяла гэта, частка прызнала, што гэта быў добры прыклад для грамадзтва, што будуе сваю тоеснасьць. Падобным чынам трактуюцца дэманстратыўная любоў Юшчанкі да ўкраінскага народнага мастацтва, народны дэкор яго кабінэту, які яго праціўнікі зьедліва называюць «казацкай сядзібай», альбо таксама візыты на вясковыя кірмашы ў традыцыйнай вышытай кашулі, дзе Юшчанка набывае народную кераміку і расхвальвае ўкраінскую ежу і напоі.

Забаўляльны парк на дзікіх палях

Наступным гістарычным пректам прэзыдэнта павінна стаць адбудова старажытнай казацкай сталіцы -- Батурына – што была зраўнаная зь зямлёй расейскім царом Пятром I на пачатку XVIII ст. Некалі гэта быў прыгожы барочны горад са сьвятынямі некалькіх веравызнаньняў, тэатрам, багатай бібліятэкай, друкарняй і канцылярыяй казацкіх гетманаў. Гэта тут зьявілася першая ўкраінская канстытуцыя, напісаная Піліпам Орлікам, сакратаром гетмана Івана Мазепы. Пасьля захопу расейскай арміяй насельніцтва Батурына выразалі пад корань, а іх целы пусьцілі па Дняпры на драўляных плытах з мэтай зламаць супраціўленьне жыхароў іншых частак Украіны.

Ахметаў адбудуе горад Мазепы

Батурын будзе адбудаваны за грошы найбагацейшага ўкраінца Рыната Ахметава, уплывовага дэпутата Вярхоўнай Рады з прарасейскай Партыі Рэгіёнаў, пакравіцеля і сябра новага-старога прэм’ера Віктара Януковіча і прэзыдэнта ФК «Шахтар»( Данецк), які на мінулым тыдні прабіўся ў асноўную сетку Лігі чэмпіёнаў. Ахметаў, па паходжаньні татарын, сымбалізуе найбольш прамаскоўскі рэгіён Украіны, у паўсядзённым жыцьці размаўляе па-расейску. Нягледзячы на гэта, ён паддаўся перакананьням Юшчанкі наконт адбудовы Батурына. Падобна на тое, што каля гістарычна-музэйнай часткі павінен там паўстаць гіганцкі сямейны забаўляльны парк, што будзе папулярызаваць украінскую гісторыю, звычаі, кухню. Яго фабула будзе зьвернутая да легенды казацкіх дзікіх палёў з часоў «Агнём і мячом». «Гэта павінна быць украінскай версіяй парку Астэрыкса і Абэлікса пад Парыжам», – пісала нядаўна «Украіна Молода». Не вядома, ці той амбітны плян удасца, але калі так, то Ўкраіна здабудзе такі сымбаль гістарычнай палітыкі ў масавым маштабе, якім у Польшчы стаў Музэй Варшаўскага Паўстаньня.

Адбудова Батурына, якая, напэўна, запатрабуе некалькі соцень мільёнаў даляраў, мае і іншае значэньне. Пагаворваюць, што Ахметаў павінен такім чынам адкупіць сваю віну з пачатку кар’еры ў бізнэсе, калі на пачатку 90-х гадоў пры няясных абставінах ён зарабіў велізарныя грошы на прыватызацыі шахтаў і заводаў на Данбасе. Чуваць галасы, што па сьлядах найбагацейшага ўкраінца жадае пайсьці шмат іншых бізнэсмэнаў, сярод якіх пачынае панаваць снабізм на ўкраінскую гісторыю і мастацтва.

УПА дзеліць

Паразай Юшчанкі скончылася пакуль спроба стварэньня супольнага ўкраінскага бачаньня II сусьветнай вайны. У стаўленьні да Ўкраінскай Паўстанцкай Арміі (УПА) украінскае грамадзтва падзеленае і ўсё паказвае на тое, што будзе падзеленым яшчэ доўга, хаця робяцца спробы згладзіць гэты падзел. На Галіччыне і Валыні партызаны УПА лічацца героямі, жыхары ўсходу ўсё яшчэ лічаць іх фашыстамі і калябарантамі, бо так дзесяцігодзьдзямі іх прадстаўляла савецкая прапаганда. Намаганьні Юшчанкі, каб вэтэраны УПА і Чырвонай Арміі разам сьвяткавалі гадавіну зананчэньня II сусьветнай вайны, не далі плёну.

Аднак праект супольнага для ўсіх украінцаў бачаньня гісторыі дзякуючы падтрымцы дзяржавы, а таксама жэстам Юшчанкі паволі здабывае папулярнасьць. Пад знакам гэтага пытаньня прайшлі ўрачыстасьці 15-годзьдзя незалежнасьці, крыху толькі прыглушаныя жалобай, абвешчанай па аўторкавай катастрофе расейскага самалёта пад Данецкам. Галоўнае сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці ўпершыню адбылося перад Сафійскім Саборам, які падкрэсьлівае тысячагадовыя карані ўкраінскай дзяржавы, а не на сацрэалістычным Хрышчатыку, як раней.

-- Я веру, што Вярхоўная Рада ў хуткім часе прызнае Галадамор актам генацыду супраць украінскага народу, – казаў перад саборам прэзыдэнт Юшчанка. Ён таксама падкрэсьліў, што «няма альтэрнатывы для ўкраінскай мовы як мовы афіцыйнай», аднак разам з тым «ніякі жыхар не зазнае ўціску, калі будзе размаўляць на сваёй мове».

Папярэдні прэзыдэнт Леанід Кучма падтрымліваў бачаньне ўкраінскай гісторыі, у якім зьмешваліся казацкія, савецкія і нацыяналістычныя матывы, запазычаныя з міталёгіі заходняй Украіны. Эфэкт быў такі, што краіна заставалася мэнтальна падзеленай, а кожны прызнаваў сваім такое бачаньне гісторыі, у якім быў выхаваны. Юшчанка прапануе мадэль, якую кожны ўкраінец можа прызнаць сваёй незалежна ад мовы, палітычных прыхільнасьцяў ці месца жыхарства. Каб пазьбегнуць супярэчнасьцей, прэзыдэнт падаўся назад да казацкіх часоў і часоў Галадамору, які для ўкраінцаў набыў такую ж сымбалічную вагу, як для палякаў Катынь. Часам гістарычная палітыка Юшчанкі можа ўражваць сваёй наіўнасьцю, але да цяперашняга часу ніхто не прыдумаў лепшай праграмы для адбудовы раздробленай тоеснасьці ўкраінцаў.

На тытульнай старонцы – Віктар Юшчанка на паніхідзе па ахвярах галадамору 22 лістапада 2003 году. Кіеў, Міхайлаўская плошча. Фота з сайту «Моя Україна»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?