Пасьпешлівы суд скончаны. Судзьдзя Ала Булаш абвесьціла прысуд Дашкевічу – 1 год і 6 месяцаў папраўчай калёніі агульнага рэжыму. Дзяржаўны абвінаваўца пракурор Аляксандар Бароўскі з Кастрычніцкай пракуратуры Менску патрабаваў 2 гады, судзьдзя скасьціла паўгоду.

Да уступленьня прысуду ў сілу Зьміцер будзе знаходзіцца ў зьняволеньні. Тэрмін будзе адлічвацца з дня арышту – 15 верасьня. 1 дзень у СІЗА роўны аднаму дню зьняволеньня. Доказам віны паслужылі відэа- аўдыёматэрыялы.

Нашы карэспандэнты прысутнічалі на вынясеньні прысуду. Зьміцер усьміхаўся, выглядаў спакойна. Пасьля прысуду не страціў раўнавагі.

Ягонымі апошнімі словамі было: «Гэта перамога, і мы ўсё адно пераможам!»

На вынясеньне прысуду запусьцілі таксама Зьмітровага бацьку і замежных дыпляматаў.

На вуліцы ля суду працягваецца акцыя пратэсту. Каля ста чалавек, сярод якіх Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Ала Макоўская, Алесь Бяляцкі, утварылі жывы ланцуг. Людзі скандуюць «Ганьба!» і «Свабоду!». Да іх падцягваюцца агенты ў цывільным.


Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

* * *

17.10

Пасьля выраку бацьку Зьмітра нават не пусьцілі да сына, каб сказаць колькі словаў – адразу выцесьнілі. Вячаслаў Дашкевіч толькі пасьпеў усклікнуць: «Я табой ганаруся, сыне!»

Паводле некаторых зьвестак, на заўтра бацька мае дазвол на сустрэчу з сынам.

Адвакат кажа, што цяпер рыхтуецца абскарджаньне.

* * *

16.50

Моладзь, паклаўшы кветкі на прыступкі будынку суду, разам з астатнімі арганізавана рушыла ў бок праспэкту Дзяржынскага. Зь міліцэйскіх рацыяў было чуваць: «Акуратна іх суправаджаць». Выехалі аўтазак і мікрааўтобус.

З размовы са Зьмітровым бацькам: «Я ўжо казаў «НН», што Зьмітру дадуць па поўнай. Шкадую, што гэтыя словы дайшлі да Бога. Надзеяў на справядлівае рашэньне не было. Вельмі дзякую мужнасьці юнакоў і дзяўчат – дзякуючы ім тэрмін скасьцілі на паўгоду. Будзем маліцца за Зьмітра і каб такога больш не адбывалася».

* * *

16.40

Алесь Бяляцкі: «Суд ня мог быць у іншым фармаце, ён мусіў быць зачынены. Самім уладам зразумела, што такія справы зломанага шэлега ня вартыя. Наконт суду ў мяне не было ілюзіяў. Тым жа, хто змагаецца за свабоду, варта чакаць такіх прысудаў, бо свабода лёгка не даецца».

Алег Корбан (маладафронтавец, які праходзіў у справе): «Гэты прысуд ніяк не паўплывае на дзейнасьць МФ і нічога ня зьменіць... Сам вырак ніяк не ацэньваю ў параўнаньні з тым, як мы ахвяруем сабой і змагаемся».

* * *

16.30

Адвакат Зьмітра Аляксандар Галіеў камэнтуе суд і вырак:

– Гэты прысуд жудасны. Такі сцэнар быў адпрацаваны паводле справы партнэраўцаў. Я зычу, каб гэткі сцэнар ні з кім не паўтарыўся, бо паводле зьдзейсьненага ён занадта жорсткі.

Пра Зьмітра ён кажа, што яго як верніка гэты прысуд не зламіў.

Камэнтуе Аляксандар Мілінкевіч:

– Гэтым прысудам улада цынічна дэманструе сваю сілу і нахабства і паказвае, што яна не выконвае і не зьбіраецца выконваць патрабаваньняў канстытуцыі і закону... Я застаюся старшынём камітэту ў абарону Зьмітра Дашкевіча, гэта вялікі гонар. Нашыя наступныя дзеяньні дзеля дапамогі – зварот у эўрапейскія інстытуцыі.

* * *

16.23

Акцыя пратэсту налічвае болей за 100 чалавек. Каля будынку канцэнтруюцца людзі ў цывільным. Падагналі МАЗ зялёнага колеру. У дворыку стаіць заведзены аўтазак з прыадчыненымі варотамі.

У ланцугу стаяць як маладыя, так і сталыя людзі. Ёсьць нават дзеці.

* * *

16.05

Пасьпешлівы суд скончаны. Судзьдзя Ала Булаш абвесьціла прысуд Дашкевічу – 1 год і 6 месяцаў папраўчай калёніі агульнага рэжыму. Дзяржаўны абвінаваўца пракурор Аляксандар Бароўскі з Кастрычніцкай пракуратуры Менску патрабаваў 2 гады, судзьдзя скасьціла паўгоду.

* * *

15.57

У залю суду запусьцілі бацьку Зьмітра, пяцёх журналістаў (сярод іх фатограф «НН» Юлія Дарашкевіч) і прадстаўнікоў пасольства ЗША.

Да будынку падыходзіць Аляксандар Мілінкевіч.

У суд запускаюць наступную партыю журналістаў (яшчэ 3 чалавекі).

Многа люду не запускаюць. Звычайная адгаворка – малая заля.

* * *

15.30

Каля дому правасудзьдзя зьбіраецца група падтрымкі. Зараз іх лікам каля 10.

Прыехала амбасадарка ЗША. Зьявіўся таксама Аляксандар Шалайка.

Журналістаў пакуль небагата, сярод іх здымачная група «РенТВ».

Дастаткова высокая канцэнтрацыя міліцыянтаў у цывільным — на прыпынках і ля ўваходу ў суд. Сярод іх — камандзір менскага амону палкоўнік Падабед.

* * *

11.37

Паводле папярэдняй інфармацыі, сёньня, 1 лістапада, а 16-й гадзіне будзе вынесены прысуд Зьмітру Дашкевічу.

Сябры зьбіраюцца прыйсьці падтрымаць яго да будынку Дома правасудзьдзя.

* * *

31 кастрычніка

16.35

Выйшаў першы сьведка, апытаны ў справе Зьмітра Дашкевіча.

Ён ня мае права выдаваць дэталяў працэсу. Кажа, што Зьміцер выглядае добра, усьміхаецца. Другі сьведка, Зьміцер Хведарук, патрабуе перакладніка, ад другой гадзіны ён знаходзіцца ў памяшканьні суду.

Група падтрымкі лікам у некалькі дзясяткаў чалавек працягвае знаходзіцца каля будынка суду. Маладыя людзі трымаюць у руках запаленыя сьвечкі.

* * *

14.20

Маладафронтаўцаў, замкнутых у будынку суду, адпусьцілі. Аднаму зь іх сёньня быць сьведкам на судзе.

Моладзь тым часам не разыходзіцца, працягвае акцыю паводле таго ж сцэнару.

Ні пра якія эксцэсы не паведамляецца. Міліцыя паводзіць сябе пасіўна, на акцыю ніяк не рэагуе.

* * *

12.05

Удакладняецца інфармацыя пра салігорскіх маладафронтаўцаў: іх было чатыры чалавекі; калі іх спрабавалі запіхнуць у машыну, дык хлопцы здолелі ўцячы – потым самі патэлефанавалі сваім сябром, каб пра сябе паведаміць.

* * *

11.58

Маладафронтаўцы гутарылі з адвакатам Зьмітра Аляксандрам Галіевым пыталі яго, як пачуваецца Зьміцер. Той кажа, што Зьміцер трымаецца добра, на паседжаньні прыходзіць зь Бібліяй, робіць у ёй пазнакі. Настрой у яго добры, ні на што ня скардзіцца, аднак, кажа, трохі баліць яму сьпіна.

Пра падтрымку ён ведае, меў учора мажлівасьць назіраць акцыю.

* * *

11.48

Некалькі чалавек прасілі ахову пусьціць іх пагрэцца ў будынку суду. Іх адвялі, аднак там і замкнулі – пасьля выйшаў міліцыянт з забраным партрэтам. Адзін з тых замкнутых сьведка, яго, відаць, і пратрымаюць да дзьвюх гадзін.

Пакуль ніякіх актыўных дзеяньняў моладзь ня робіць – грэюцца ўсёй кампаніяй кавай. Колькасьць іх крыху скарацілася – недзе да 30 чалавек.

* * *

11.10

Амаль уся прэса сышла да 14 гадзін.

Адзін маладафронтавец, які мае позву на суд, здолеў прабрацца да дзьвярэй залі суду. Але далей яго не пусьцілі. Ён кажа, што адтуль вельмі добра чутно, што адбываецца на двары: лёзунгі і сьвісткі. Значыцца, кажа, добра ўсё чуваць і ў самой залі суду.

Моладзь зьбіраецца стаяць да 14-й гадзіны. Усяго тут зараз застаецце недзе 50 чалавек.

З Малога Сітна з пошты тэлефанаваў Павал Севярынец. Перадаваў вітаньні, зычыў вытрымкі і дзяліўся ідэямі, як паводзіць сябе на судзе.

* * *

11.00

Маладафронтаўцы ўдакладняюць зьвесткі пра іхныя позвы: на іх няма подпісаў адказных асоб і пячатак (адсутнічаюць неабходныя рэквізыты). У зьвязку з гэтым моладзь выказвае вэрсію, што той бок хацеў справакаваць падробку, бо гэткі дакумэнт і праўда лёгка падрабіць, а потым зь ім прабіцца на суд у якасьці сьведкі.

Ніхто не разыходзіцца – ні моладзь, ні журналісты. Людзі грэюцца кавай ды гарбатай.

Міліцыі дык і саўсім не відно.

* * *


Бацька Дашкевіча
Фота Юліі Дарашкевіч

10.50

Адвакат Аляксандар Галіеў праз SMS’ку паведамляе, што да дзьвюх гадзінаў у судзе абвешчаны перапынак.

Нагадаем, што маладафронтаўцы атрымалі позвы на 14.00.

Моладзь, аднак, сёньня добра падрыхтавалася і сыходзіць не зьбіраецца. Яны маюць з сабою тэрмасы з гарбатай, кавай ды канапкі.

* * *

10.38–10.45

Акцыя прыцягвае ўвагу людзей у будынку суду, шмат хто назірае яе з вокнаў.

Пачынаюць нават рэагаваць кіроўцы. Хто спыняецца ды назірае, а хто вітальна сыгналіць.

Да маладафронтаўцаў, як і ўчора, далучаюцца сталыя людзі, ходзяць са сьвісткамі. Акцыя ўсяляк камбінуецца: людзі ходзяць то колам, то ланцугом, скандуючы «Свабоду!» альбо сьвішчучы ў сьвісткі.

Усяго ўжо налічана недзе сем дзясяткаў чалавек з плякатамі.

* * *

Зь цікавага:

Перад пачаткам суду адзін з журналістаў паспрабаваў прайсьці ў будынак суду, каб пагрэцца. Дык адна супрацоўніца яму і кажа: «Я б вас увогуле павыганяла на двор і пааблівала б халоднай вадой!»

Да слова: ля суду раніцай бачылі пажарную машыну з вадамётам.

* * *

10.25

Каля суду на Сямашкі, 33, сабралася блізка паўсотні чалавек. Пачалася акцыя: маладафронтаўцы пашыхтаваліся перад вокнамі дому правасудзьдзя ў форме літараў «МФ», скандуючы «Дашкевічу свабоду!». Яны трымаюць плякаты Зьмітра ў рукох і сьвішчуць у сьвісткі.

Міліцыя покуль не актыўная. Дзяжурыць чалавек у цывільным і апэратар з камэрай.

З дыпляматаў заўважныя прадстаўнік амбасады ЗША, дыплямат з Швэдзкага кансуляту, прадстаўнікі АБСЭ.

Маладафронтаўцы, якія атрымалі позвы ў суд на 14.00, кажуць, што тыя аформленыя неналежным чынам: ёсьць толькі подпіс судзьдзі, але няма пячаткі.

Паводле ўчорашніх зьвестак, у памяшканьні суду была вялікая колькасьць амапу. Не выключана, што так будзе і сёньня.

Фота Андрэя Лянкевіча, НН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?