У справе банды Марозава пастаўлена кропка. За 16 забойстваў ды іншыя цяжкія злачынствы верхаводы групоўкі адкажуць ўласнымі жыцьцямі, астатнія атрымаюць вялікія тэрміны зьняволеньня.

Ліквідацыя гомельскай арганізаванай злачыннай групоўкі, кіраванай Сяргеем Марозавым – найбольш гучная крымінальная справа апошняга часу. На лаву падсудных трапіла паўсотні чалавек. Ім закідалі забойствы, выкраданьні людзей, гандаль зброяй, рэкет. Крымінальная групоўка, якая тэрарызавала Гомель больш за 10 год, мела надзейныя сувязі ў структурах улады. Былы кіраўнік Упраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй УУС Гомельскага аблвыканкаму па выніках суду атрымаў 18 гадоў зьняволеньня. У зьвязку са справай Марозава працягваецца сьледзтва ў дачыненьні да двух былых намесьнікаў начальніка УУС вобласьці.

Аднак нашумелая справа пакідае шмат пытаньняў. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА Менску. Афіцыйна гэтая акалічнасьць была патлумачаная адсутнасьцю адпаведнага колькасьці падсудных памяшканьня і пытаньнямі бясьпекі. Пры гэтым дзяржаўны тэлеканал АНТ шчыра канстатаваў: пра шматгадовыя зьверствы «марозаўцаў» ведалі ўсе. Цяпер і сапраўды ўсе ведаюць пра падрабязнасьці стварэньня і разьвіцьця гомельскай групоўкі: пра татальны рэкет бізнэсоўцаў, забойствы канкурэнтаў і выпадковых асобаў, спробы легалізацыі «бізнэсу» і зрошчваньне з прадстаўнікамі мясцовай і рэспубліканскай улады. Пра зьвярыны нораў кіраўніка банды Сяргея Марозава, урэшце.

Незалежныя журналісты маюць свае меркаваньні наконт прычынаў закрытасьці працэсу.

Гомельская журналістка Марыя Шыманоўская лічыць, што такі працэс мусіў адбыцца толькі ў Гомелі. Каб месьцічы адчулі нарэшце сябе абароненымі, бо гэтыя жудасныя злачынствы адбываліся менавіта ў «ціхім» горадзе над Сожам. На думку М.Шыманоўскай справа замоўчваецца праз замяшанасьць у ёй міліцэйскіх чыноў.

Спэцыяліст у журналісцкіх расьледаваньнях Сяргей Сацук мяркуе што «марозаўская» справа разбурае міт пра стабільнасьць беларускага грамадзтва. Прэзыдэнт гучна заявіў пра канчатковую перамогу дзяржавы над арганізаваным крыміналітэтам. І тут робіцца немагчымым далей хаваць дзікую злачыннасьць у Гомелі, удзельнікам групоўкі закідаюць стварэньне альбо ўдзел у злачыннай арганізацыі (арт.285 КК РБ). Як такое магло здарыцца ў росквіт беларускай стабільнасьці? Калі ўсім усё было вядома, то чаму шэраг гомельскіх чыноўнікаў, чыя кар’ера імкліва расла ў часы сталеньня банды Марозава, апынуўся ў выніку павышэньня ў сталіцы? І чаму гэтыя чыноўнікі маўчаць, павінны ж быць у курсе справы паводле службовых абавязкаў? Напрыклад, Леанід Глухоўскі, які доўгі час быў паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта ў Гомельскай вобласьці і займаў высокія пасады ў структурах МУС Гомельшчыны, а пасьля і Беларусі. Як і Анатоль Куляшоў ды Аляксандар Рак, якія пэўны час займалі высокія міліцэйскія пасады ў гомельскім аблвыканкаме, а потым апынуліся ў Менску.

Спадар Сацук канстатуе, што перамога над «марозаўцамі» не палепшыла сытуацыю ў Гомелі. Па яго сьведчаньнях, там адбываецца імклівы перадзел вызваленай тэрыторыі ды аднаўляюцца найгоршыя крымінальныя традыцыі – разборкі, рэкет і г.д. У наступным годзе падобная справа ў дачыненьні да рэчыцкай злачыннай групоўкі, што дзейнічала блізу 12 год, будзе разглядацца ў гомельскім абласным судзе.

Прысуд кіраўнікам Марозаўскай групоўкі агаліў яшчэ адзін аспэкт – Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай эўрапэйскай краінай, дзе выконваюцца сьмяротныя пакараньні. Практыка непразрыстых працэсаў, калі на падсудных могуць пачапіць што заўгодна, палітычныя забойствы, напрыклад, выклікаюць неспакой у праваабаронцаў. Гары Паганяйла не выключае такога варыянту, бо гэта дае зручную магчымасьць канчаткова пахаваць нязручную палітычную справу.

Апытаньне «НН»

Ці заслугоўвалі бандыты Марозава сьмяротнае кары?

Праваабаронца Міхаіл Пастухоў: «З аднаго боку гэтая банда за свае жудасныя злачынствы заслугоўвае адпаведнага пакараньня. Тым ня менш, лічу неабходным кіравацца эўрапэйскай традыцыяй, якая забараняе сьмерць у якасьці пакараньня. Прынцып – не дзяржава дае чалавеку жыцьцё, не яна ім і распараджаецца».

Праваабаронца бачыць альтэрнатывай сьмяротнаму пакараньню пажыцьцёвае зьняволеньне, што было б абгрунтавана і гуманістычна, і юрыдычна. Галоўнай жа нагодай для адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі сп. Пастухоў лічыць патэнцыйную небясьпеку г.зв. ідэальных забойстваў, якія, магчыма, ужо практыкуюцца ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў. Таму, на яго думку, адмены сьмяротнага пакараньня трэба дамагацца як найхутчэй.

Пробашч грэка-каталіцкае (уніяцкае) парафіі Сьв.Язэпа а. Андрэй Абламейка (Менск) кажа, што касьцёл не выступае наўпрост супраць сьмяротнага пакараньня. «Кожная асоба, як тварэньне Божае, мае права на абарону ад гвалту, як і грамадзтва – супольнасьць людзкая, – таксама мае права на абарону ад злачынцаў, якія могуць быць ізаляваныя ў турме і нават пакараныя сьмерцю. Але гэта такое агульнае тлумачэньне» – зазначае а. Абламейка. Кожны канкрэтны выпадак патрабуе індывідуальнага і ўзважанага падыходу, мяркуе сьвятар.

Сьвятар праваслаўнай Сьвята-Ўладзімерскай царквы а.Аляксандар Велісейчык (Горадня) лічыць сьмяртнае пакараньне дылемаю, што стаіць перад сучасным грамадзтвам ад часоў князя Ўладзімера. Кіруючыся запаведзьдзю «Не забі», далучаны царквою да ліку сьвятых, князь паўстаў перад выбарам: караць ці не караць сьмерцю рабаўнікоў, што тэрарызавалі кіеўскія шляхі. Пэўны час ён не забіваў ліхадзеяў, аж пакуль іх стала непамысна шмат і пакуль не абурыліся япіскапы. Яны зьвярнуліся да Ўладзімера са словамі апостала Паўла, сэнс якіх у наступным: начальнік – гэта божы слуга, які недарэмна носіць меч у пакараньне тым, хто робіць злое. З таго часу сьвяты Ўладзімер ізноў пачаў караць сьмерцю ліхадзеяў, але рабіў гэта як начальнік над людзьмі, грамадзянская асоба. На думку а.Аляксандра, пытаньне сьмяротнага пакараньня належыць вырашаць у першую чаргу грамадзтву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?