Надрукаваўшы гутарку з А.Лукашэнкам, нямецкая газэта Die Welt узяла інтэрвію і ў лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча, які цяпер знаходзіцца зь візытам у Бэрліне. «Калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, гэта будзе значыць канчатковую сьмерць расейскай імпэрскай ідэі», "Лукашэнка ніколі ня пойдзе на сумленныя выбары", «Маральнае ўзьдзеяньне візавых санкцый вялізнае», — сказаў ён, сярод іншага.

Die Welt: Апошнім часам вы зноў сутыкнуліся з самавольствам і неправамоцнымі дзеяньнямі беларускае міліцыі. Ці адчуваеце вы сябе ў бясьпецы?

Аляксандар Мілінкевіч: Я знаходжуся ў большай бясьпецы, чым шараговы апазыцыянэр з малога беларускага мястэчка, якога лёгка могуць звольніць з працы, якога перасьледуе міліцыя. Гэтыя людзі жывуць у нашмат цяжэйшых умовах. І наагул, тыя, хто стаіць ва ўладзе, пасьля выбараў сталі нашмат больш агрэсіўныя — яны адчулі сваю слабасьць.

У нашай краіне выбары нічога не вырашаюць

DW: Наколькі больш агрэсіўныя?

АМ: Возьмем нядаўнія мясцовыя выбары. У нашай краіне яны нічога не вырашаюць, бо ніякага самакіраваньня не існуе. Аднак тыя, хто мае ўладу, так моцна спалохаліся, што за дзень да выбараў правялі шэраг арыштаў. Яны кінулі ў астрог дэмакратаў‑актывістаў, многім не далі зарэгістравацца ці заміналі да канца давесьці свае перадвыбарчыя кампаніі. Такім чынам, на 10 тысяч выбарчых акруг прыпадала ўсяго па дзевяноста кандыдатаў з дэмакратычных шэрагаў. Палітычна актыўных дэмакратаў выганяюць з працы, студэнтаў выдаляюць з ВНУ. Кола рэпрэсіяў круціцца.

DW: Як справы ў Аляксандра Казуліна, які разам з вамі проціпаставіў сябе на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандру Лукашэнку і цяпер адбывае пяцігадовае зьняволеньне?

АМ: На жаль, магчымасьці наведваць Казуліна вельмі абмежаваныя. Нават жонка бачыцца зь ім надзвычай рэдка. Пасьля галадоўкі стан ягонага здароўя трохі палепшаў, але арганізм зь цяжкасьцю пераносіць наступствы.

DW: Менскі рэжым сьцьвярджае, што большасьць беларусаў падтрымліваюць Лукашэнку. Як тады патлумачыць строгія захады, якія прымаюцца да ўласнага народу?

АМ: Аргэсіўнасьць тлумачыцца няўпэўненасьцю. Рэжым вельмі добра разумее, што беларуская эканамічная мадэль, як і сацыяльная, ня мае будучыні. «Эканамічны цуд» Беларусі абавязаны сваім існаваньнем выключна моцнаму фінансаваму сілкаваньню з Расеі. А цяпер тыя ўліваньні дужа скараціліся.

Лукашэнка ніколі не казаў усёй праўды

DW: Чаму расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін прыняў рашэньне настолькі скараціць падтрымку менскага кіраўніцтва?

АМ: Расея падтрымлівала Беларусь, бо тая абяцала далучыцца да Расеі. Але Лукашэнка не казаў усёй праўды. Ён не хацеў саюзнае дзяржавы на расейскіх умовах. Цяпер яму даводзіцца за гэта расплачвацца.

DW: Што думаюць вашыя землякі з нагоды мажлівага аб’яднаньня з Расеяй?

АМ: Больш як 90% беларусаў хочуць не узьяднаньня з Расеяй, але толькі эканамічнай інтэграцыі.

DW: Пуцін абгрунтаваў навагодняе падвышэньне цэнаў на нафту і газ пераходам на рынкавыя прынцыпы. Ці пераканаў вас гэты аргумэнт?

АМ: Факт палягае ў тым, што як Расеі, так і Беларусі скора ўжо давядзецца плаціць па рынкавых цэнах, тут Пуцін мае рацыю. Але ёсьць і іншы аспэкт. Шматлікія расейскія палітыкі вельмі хочуць узнавіць вялікую расейскую імпэрыю. Страта Ўкраіны, Беларусі і Сярэдняй Азіі была цяжкім ударам па імпэрскіх традыцыях. Цяпер на прыкладзе Беларусі яны хочуць праверыць, ці можна ўзнавіць імпэрыю.

DW: А як вы мяркуеце?

АМ: Калі Беларусь далучыцца да Расеі, імпэрскія традыцыі ўзмоцняцца. Калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, то гэта будзе значыць канчатковую адмову ад імпэрскай ідэі. І чым скарэй зьнікне гэтая ідэя, тым хутчэй на шлях дэмакратычнага эўрапейскага разьвіцьця стане сама Расея.

DW: У гэтай сытуацыі Лукашэнка даў зразумець, што ён ня супраць зблізіцца з Захадам. Як на гэта мусіць рэагаваць Захад?

АМ: Я ня думаю, што менскі рэжым зьменіцца і стане больш дэмакратычны, бо акурат гэты момант заўсёды будзе галоўнай умовай Захаду для супрацы, якая магла б даць нашаму народу вельмі многа. Нарэшце, калі справы пойдуць паводле Лукашэнкавага сцэнару, Беларусь не павернецца ні да Расеі, ні да Захаду.

DW: Захад абумоўлівае больш шчыльныя дачыненьні выкананьнем дэмакратычных нормаў. Ці правільны гэта шлях?

АМ: Я падтрымліваю пазыцыю ЭЗ. Беларусь як сусед Эўразьвязу мае выдатныя пэрспэктывы, але толькі калі яна выканае пэўныя ўмовы. Беларусь мусіць зрабіць першы крок у напрамку лібэралізацыі і дэмакратызацыі. Тады сустрэчны крок можа зрабіць ЭЗ. Аднак я баюся, што для Лукашэнкі гэта ўсяго толькі гульня. Ён ня пойдзе на тое, каб правесьці дэмакратычныя выбары, бо на свабодных і сумленных выбарах ён перамагчы ня здолее.

Беларусь у Эўропе мае выдатныя пэрспэктывы

DW: Што трэба рабіць Захаду?

АМ: Яму сьлед падтрымліваць эканамічную супрацу з нашай краінай. А ў палітычным пляне, наадварот, яму трэба зьвярнуцца да беларускай грамадзянскай супольнасьці. У будучыні менавіта яно будзе надзейным партнэрам.

DW: Для некаторых беларускіх палітыкаў, якія бралі ўдзел у фальсыфікацыі вынікаў выбараў, ЭЗ увёў забарону на ўезд на сваю тэрыторыю. Ці падтрымліваеце вы гэтую меру?

АМ: Я выступаю супраць эканамічных санкцыяў, аднак вітаю індывідуальныя санкцыі ў дачыненьні да тых, хто парушае беларускую канстытуцыю і хто вінаваты ў цяперашніх рэпрэсіях. Маральнае ўзьдзеяньне гэтых санкцыяў агромністае. Людзі, якія думалі, што яны недатыкальныя, даведаліся, што існуе справядлівасьць, ад якой ім ня зьбегчы. Разуменьне гэтага важна і для нашага грамадзтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0