Зь 1 па 11 лютага 2007 г. у менскім кінатэатры “Перамога” ў праграме “Эйфарыя Каўрысьмякі” паказваюцца фільмы самага вядомага фінскага рэжысэра Акі Каўрысьмякі “Эйфарыя Каўрысьмякі” ўжо вандравала па гарадох Расеі – і напрыканцы лютага паедзе на Ўкраіну.

Паказ фільмаў Акі Каўрысьмякі ў менскім кінатэатры “Перамога”:

1, 10 і 11.02 Агні гарадзкой ускраіны 19.00

2.02 Ленінградзкія каўбоі едуць у Амэрыку 19.00

3 і 9.02 Жыцьцё багемы 19.00

4 і 10.02 Сьцеражы сваю хусьцінку, Тацяна 4.02 а 19.00, 10.02 а 17.00

5.02 Дзяўчына з запалкавай фабрыкі 19.00

6.02 Я наняў забойцу 19.00

7 і 11.02 Удалечыню сплываюць аблокі 7.02 а 19.00, 11.02 а 17.00

8.02 Чалавек без мінулага 19.00

Акі Каўрысьмякі (Aki Kaurismaki) – нарадзіўся 4 красавіка 1957 году ў Арымаціле, Фінляндыя – фінскі кінарэжысэр, сцэнарыст, прадусар, мантажнік.

Кінакар’еру распачаў асыстэнтам у свайго старэйшага брата, рэжысэра Мікі Каўрысьмякі. Першы поўнамэтражны фільм – “Злачынства й пакараньне” Акі Каўрысьмякі зьняў у 1983 годзе. Але сусьветная вядомасьць прыйшла да яго пасьля сьцёбнай панк-рок-баляды “Ленінградзкія каўбоі едуць у Амэрыку” 1989 году. (Чубаты гурт зьявіцца і ў стужцы “Ленінградзкія каўбоі сустракаюць Маісея” 1994 году).

“Саюз Каламары” (1985) і трылёгія “Цені ў раю”, “Арыэль” і “Дзяўчына з запалкавай фабрыкі” адбываюцца ў Хэльсынкі, а стужкі “Жыцьцё багемы” і “Я наняў забойцу” перанесеныя ў Парыж і Лёндан. Але горад у Акі Каўрысьмякі пазбаўлены рэклямы і тлуму; почасту гэта стылізаванае мінулае, насычанае сынэфільскімі цытатамі.

Карціна “Юха” (1999), чацьвёртая экранізацыя клясычнага фінскага раману – экспэрымэнт пад нямое кіно.

Аўтарскі почырк Каўрысьмякі някідкі й далікатны, акторская гульня без эксцэсаў, сюжэт просты – але пэрсанажы выпрабоўваюцца абсурдоваю сытуацыяй: герой наймае забойцу для сябе самога, дзяўчына труціць выпадковых мужчынаў, хворы на амнэзію сутыкаецца зь бюракратыяй.

Халаднаваты й крыху адчужаны гумар, блізкі стылю Джармуша (сыграў камэа ў “Ленінградзкіх каўбоях, што едуць у Амэрыку”) – спалучаецца зь пяшчотнай увагай да “маленькага чалавека” (традыцыйнага для клясычнай рускай літаратуры).

Героі Каўрысьмякі – мілыя багемныя алькаголікі (“Жыцьцё багемы”); беспрацоўныя (“Удалечыню сплываюць аблокі”), бяздомныя (“Чалавек безь мінулага”), самотныя (“Агні гарадзкой ускраіны”).

Фільмы Каўрысьмякі адзначаныя прэміямі Канскага кінафэсту, Эўрапейскай кінаакадэміі, Экумэнічнымі прызамі, узнагародамі ФІПРЭСІ.

Фільмаграфія

1981 Сайма – зьява (разам зь Мікай Каўрысьмякі)

1983 Злачынства і пакараньне

1985 Саюз Каламары

1986 Цені ў раю

1986 Рокі VI (кароткамэтражны)

1987 Гамлет ідзе ў бізнэс

1988 Арыэль

1989 Ленінградзкія каўбоі едуць у Амэрыку

1989 Брудныя рукі (тэлевізійны)

1990 Дзяўчына з запалкавай фабрыкі

1990 Я наняў забойцу

1991 Жыцьцё багемы

1991 Вось былі дзянькі (кароткамэтражны)

1991 Гэтыя чаравікі (кароткамэтражны)

1993 Total balalaika show (дакумэнтальны)

1994 Сьцеражы сваю хусьцінку, Тацяна

1994 Ленінградзкія каўбоі сустракаюць Маісея

1996 Удалечыню сплываюць аблокі

1999 Юха

2002 Чалавек без мінулага

2002 Сабакі ня маюць пекла (навэля ў фільме “На 10 хвілінаў старэйшы”)

2006 Агні гарадзкой ускраіны

Ленінградзкія каўбоі едуць у Амэрыку (Leningrad Cowbows Go America)

Фінляндыя – Швэцыя, 1989, каляровы, 79 хв.

Рэжысэр: Акі Каўрысьмякі

Ролі выконваюць: Маці Пелонпяя, Кары Вяянянен, Саке Ярвенпяя, Джым Джармуш

Жанр: Дарожная панк-рок-баляда

Патрэніраваўшыся на рэпэтыцыі ў вёсцы, рок-гурт “Ленінградзкія каўбоі” едзе скараць Амэрыку. Пасьля правалаў музыкі паўстаюць супраць мэнэджэра й выганяюць яго…

“Ленінградзкія каўбоі”, якія абвясьцілі сябе “найгоршым рок-гуртом у сьвеце”, упершыню зьявіліся ў кароткамэтражцы “Рокі VI” і зрабілі галавакрутную, незалежную ад кіно кар’еру. Музыкі і надалей здымаліся ў Каўрысьмякі.

Дзяўчына з запалкавай фабрыкі (Tulitikkutehtaan tutto)

Фінляндыя – Швэцыя, 1990, каляровы, 70 хв.

Рэжысэр: Акі Каўрысьмякі

Ролі выконваюць: Каці Оўцінен, Эліна Сало, Эска Нікары

Жанр: “Чорная” мэлядрама

Адзнака: 7 (з 10)

Ірыс працуе на запалкавай фабрыцы і захапляецца сэнтымэнтальнымі раманамі. Дома маці й ойчым жывуць, уставіўшыся ў тэлевізар. На танцах Ірыс знаёміцца з Арнэ і праводзіць зь ім ноч. Але “дыскатэчны” палюбоўнік кідае Ірыс, калі даведваецца, што дзяўчына цяжарная. І тады гераіня бярэ ў рукі атруту для пацукоў…

Харэаграфія самотнасьці, фабрычных гукаў – і моўкнасьці. Маўчаць бацькі Ірыс, палюбоўнік размаўляе зь ёй надрукаванымі лістамі, а ў жэстах людзей – холад і адчужэньне. Зь ветліваю ўсьмешкаю разьюшанай спакушальніцы гераіня труціць усіх мужыкоў навокал, адпраўляючы ў лепшы сьвет і бацькоў.

Але фільм Каўрысьмякі далёкі ад “чорнай” камэдыі. Сацыяльна-крытычная рэалістычная (і мінімаліская!) драма натхнялася… казкамі Андэрсэна. Ва ўсялякім разе так сьцьвяржае сам рэжысэр.

“Я даверыўся сваёй памяці…” – кажа Каўрысьмякі.

Памяць сыграла з казкай злы жарт.

Чатыры прэміі Нацыянальнай фінскай кінаакадэміі “Юсі”: лепшы рэжысэр, лепшая актрыса, лепшыя другаплянныя актор і актрыса

Я наняў забойцу (I Hired a Contact Killer)

Фінляндыя – Вялікабрытанія – Нямеччына – Швэцыя, 1990, каляровы, 79 хв.

Рэжысэр: Акі Каўрысьмякі

Ролі выконваюць: Жан-П’ер Леа, Марджы Кларк, Кенэт Колі, Сэрж Рэджані

Жанр: Драма

Адзнака: 8 (з 10)

Самотны францускі клерк Анры, які працуе ў лёнданскім аддзеле рэгістрацый, трапляе пад скарачэньне. Анры спрабуе засіліцца – ды не атрымліваецца. Тады герой на апошнія грошы наймае забойцу… сябе самога. Назаўтра ў пабе Анры знаёміцца зь пекнай гандляркай кветак – і паміраць ужо й ня хочацца. Але пазбавіцца ад руплівага кілера, які, харкаючы крывёй, мусіць выканаць апошнюю працу, цяпер немагчыма…

Далікатная песьня самотных сэрцаў, замаскаваная пад трымценьнік. Бляндынка, пальчаткі кілера, нядобрае месца, грабеж… – але імпэт нізавых жанраў зьнішчаны аўтарскай воляй.

Адчужана-атмасфэрычны Лёндан – для бедных. З чырвоным туманам ліхтароў, гамбургерамі на могілках, падрапанымі мурамі й благімі крукамі для павешаньня.

Кашаль забойцы, трагікамэдыі няўдачнікаў, спакутаваныя вочы Жана-П’ера Леа (куміра Каўрысьмякі) – і шчасьце, якое амаль нічым не адрозьніваецца ад няшчасьця.

Прэмія Нацыянальнай фінскай кінаакадэміі “Юсі” лепшаму апэратару Ціму Салмінену

Жыцьцё багемы (Boheemielamaa / La Vie de Boheme)

Фінляндыя – Францыя – Італія – Швэцыя, 1992, чорна-белы, 100 хв.

Рэжысэр: Акі Каўрысьмякі

Ролі выконваюць: Маці Пелонпяя, Эвелін Дзідзі, Жан-П’ер Леа, Луі Маль

Жанр: Драма паводле аднайменнага раману Анры Мюржэ

Адзнака: 7 (з 10)

Кампанія багемных мастакоў жыве ад франка да франка – у вечным голадзе й спробах прадаць мастацтва, якое мала каму патрэбна…

Каўрысьмякі адправіўся ў прыгарад Парыжу, каб знайсьці сапраўднае парыскае бістро. Горад збудаваны ім паводле стужак Рэнэ Клера і Марсэля Карнэ. Але мара мастакоў ХХ стагодзьдзя – горад багемы – церпіць покрыш пад позіркам фінскага рэжысэра.

Прыз ФІПРЭСІ на МКФ у Бэрліне, прызы Эўрапейскай кінаакадэміі за лепшую мужчынскую ролю і лепшую другаплянную мужчынскую ролю, Нацыянальная фінская кінапрэмія “Юсі” лепшаму рэжысэру.

Сьцеражы сваю хусьцінку, Тацяна (Pida Huivista kiinni, Tatjana)

Фінляндыя – Нямеччына, 1994, чорна-белы, 65 хв.

Рэжысэр: Акі Каўрысьмякі

Ролі выконваюць: Каці Оўцінен, Маці Пелонпяя, Кірсі Цюкюляйнен

Жанр: Лірычны дарожны фільм

Два прыяцелі Рэйно і Валто адпраўляюцца на выходныя ў вандроўку па паўднёвай Фінляндыі. Па дарозе сябры сустракаюць эстонку Тацяну і Клаўдыю з Казахстану. Але праблема – ня толькі моўны бар’ер. У прысутнасьці новых сябровак маладыя людзі зусім разгубіліся.

Вандраваньне па ўяўнай Фінляндыіі 60-ых гадоў, дзе, паводле Каўрысьмякі шчэ “была культура і чалавечыя пачуцьці” – і якія разбурыў імклівы прагрэс.

Дзьве прэміі Нацыянальнай фінскай кінаакадэміі “Юсі”: “Лепшы фільм” і “Лепшы апэратар”

Удалечыню сплываюць аблокі (Kauas pilvet karkaavat)

Фінляндыя – Нямеччына, 1996, каляровы, 96 хв.

Рэжысэр: Акі Каўрысьмякі

Ролі выконваюць: Каці Оўцінен, Кары Вяянянен, Эліна Сало, Марку Пелонпяя

Жанр: Драма

Ілону звальняюць з працы. Губляе сваё месца й ейны муж, кіроўца трамвая. Але супругі маюць амбіцыёзныя пляны адкрыць рэстаран…

“Лягчэй за ўсё было бы распавесьці гісторыю беспрацоўнага чалавека, у якой працадаўца зацяты нягоднік, – кажа Каўрысьмякі. – Але вораг, насамрэч, нябачны.”

Прыз Экумэнічнага журы на кінафэсьце ў Канах, пяць прэмій Нацыянальнай кінаакадэміі “Юсі”, прыз глядацкіх сымпатый на МКФ у Сан-Паўла.

Чалавек без мінулага (Mies yailla menneisyytta)

Фінляндыя – Нямеччына – Францыя, 2002, каляровы, 97 хв.

Рэжысэр: Акі Каўрысьмякі

Ролі выконваюць: Марку Пелтола, Каці Оўцінен, Анікі Цяхці, Юхані Ніемела

Жанр: Драма

Адзнака: 8 (з 10)

Беспрацоўнага, які прыехаў у фінскую сталіцу на заробкі, рабуюць і жорстка зьбіваюць. У больніцы герой памрэ… каб адразу ўваскрэснуць. Герой не памятае нічога, нават свайго імені. Але цяпер ён можа знайсьці дзяўчыну сваёй мары – у форме афіцэра Арміі выратаваньня.

Гісторыю зь зьнявечаным – і ўваскрослым героем Каўрысьмякі скраў зь фільму-коміксу Сэма Рэймі “Чалавек цемры”. Але замест помсты (хаця й гэта будзе) – “Чалавек безь мінулага” пачынае ўладкоўваць сваё асабістае жыцьцё.

Клапатлівыя жанчыны, халодная бюракратыя, зацятая паліцыя – і палюбоўна-стрыманыя песьні пад адкрытым небам.

Далікатныя позіркі, амнэзія – і новаадкрытае мінулае з жонкай – што не перашкаджае сямейнаму шчасьцю з ласкавай дзяўчынай ва ўніформе.

“Гэта эпічная драма… Сон самотных сэрцаў, людзей з пустымі кішэнямі,” – прызнаецца Каўрысьмякі. Атмасфэра, чырвоны колер кашулі, ветлівае каханьне…

Парадокс: фільмы Каўрысьмякі ўпадабаюць багатыя снобы дый багемныя інтэлігенты – “людзі з пустымі кішэнямі” аддаюць перавагу жанравым галівудзкім стужкам.

Гран-Пры на МКФ у Канах, прыз за лепшую жаночую ролю, прыз Экумэнічнага журы і прыз “Сабачая пальмавая галіна”, прыз ФІПРЭСІ на МКФ у Сан-Себасьцьяне, Гран-Пры на МКФ у Генце, прыз імя Дугласа Сірка на МКФ у Гамбургу, прыз гледачоў на МКФ у Сеуле, сем намінацый на Прыз Эўрапейскай Кінаакадэміі “Фэлікс”, шэсьць прызоў Фінскай Кінаакадэміі “Юсі”, намінацыя на “Оскара” за лепшы замежны фільм.

Агні гарадзкой ускраіны (Laitakaupunch Valot)

Фінляндыя – Нямеччына – Францыя, 2006, каляровы, 80 хв.

Рэжысэр: Акі Каўрысьмякі

Ролі выконваюць: Яне Хюціяйнен, Марыя Ярвенхелмі, Ілка Койвула, Марыя Хейсканен

Жанр: Драма

Крымінальнікі рабуюць супэрмаркет, скарыстаўшыся жаданьнем самотнага героя-вартавога знайсьці каханьне. У якасьці галоўнай прынады – бессардэчная жанчына. Да таго ж злачынцы падкідаюць небараку ўлікі. Герой губляе веру, свабоду й веру ў прышлае…

Аўтарская перапрацоўка "фільмаў нуар".

Карціна – апошняя частка трылёгіі. “Удалечыню сплываюць аблокі” – фільм пра беспрацоўных, “Чалавек безь мінулага” – пра бяздомных, “Агні гарадзкой ускраіны”, якія намякаюць на карціну Чапліна, – пра самоту.

Але самота, так ці інакш, прысутнічае ў кожным фільме Каўрысьмякі.

Злыя зацемкі пра аўтарскае кіно

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?