“Ганібал: Узыходжаньне”, “Кроў і шакалад”, “Прывідны гоншчык” і “Мёртвыя дачкі” – на экранах кінакашмары.

Ганібал: Узыходжаньне

Кроў і шакалад

Прывідны гоншчык

Мёртвыя дачкі

Вялікалітоўскі канібал

posterГанібал: Узыходжаньне (Hannibal Rising)

ЗША – Вялікабрытанія – Францыя, 2007, каляровы, 117 хв.

Рэжысэр: Пітэр Ўэбэр

Ролі выконваюць: Гаспар Ульель, Лі Гун, Хелена Лія Тачоўска, Інгеборга Дапкунайтэ, Дамінік Ўэст, Ёрг Стадлер

Жанр: Маньячны трымценьнік паводле кнігі Тома Гарыса

Адзнака: 4 (з 10)

Падчас вайны марадзёры сажралі сястру героя. У інтэрнаце зь яго зьдзекваліся, прымушаючы сьпяваць пра Сталіна. Хлопец уцёк за мяжу, але потым вярнуўся, каб выгрызаць у ворагаў шчокі. Да таго ж мэдык-канібал адсякаў галовы самурайскім мячом…

Гэта не чарговы сцэнар “Навінак”, а гісторыя дзяцінства самага страшнага кінаманьяка.

Згодна з Томам Гарысам – які сам сам склаў сцэнар паводле ўласнае кнігі – Ганібал Лектар паходзіць зь Літвы. Ягоная сям’я мела радавы палац ля Коўна, а іншыя сваякі жылі ў Францыі. Вялікалітоўскую лінію ўвасабляе прыбалтыйская актрыса Інгеборга Дапкунайтэ (у фільме – матуля Лектара), а францускую… кітаянка Гун Лі (японская ўдава з Хірасімы!). На тле такога інтэрнацыяналу практыкаваньні маладога людажэра зь мячом ужо не зьдзіўляюць.

Рэжысэр Пітэр Ўэбэр, які дэбютаваў пекнай “Дзяўчынай з жамчужнай завушніцай”, зрабіў халодную, грувасткую і эклектычную стужку. У музэйным наборы мёртвых штампаў самалёты, танкі, савецкая форма, помста пакрыўджанага і няўцямна-неахайныя ўспаміны. Толькі асобныя кадры – з прымеранай маскай і патопленай у трупярні ахвярай – выклікаюць жах, але й яны губляюцца ў бязладна-урачыстай калекцыі.

Карціна ня здольная растлумачыць тайны Ганібала Лектара, які зрабіўся пасьля “Маўчаньня ягнятак” сучасным вобразам абсалютнага зла.

І зусім ужо немагчыма ўцяміць, чаму ахвяры вайны (шматлікіх беларусьфільмаўскіх стужак!) – так і не сталіся канібаламі.

28 лютага – 4 сакавіка сэансы ў кінатэатрах “Аўрора” і “Мір”.

Румынскія ваўкалакі

posterКроў і шакалад (Blood and Chocolate)

ЗША, 2007, каляровы, 97 хв.

Рэжысэрка: Каця фон Гарн’е

Ролі выконваюць: Агнес Брукнэр, Г’ю Дэнсі, Аліўсе Мартынэс, Каця Рыман, Браян Дзік, Крыс Гір, Том Гарпер, Джон Кер

Жанр: Ваўкалачная мэлядрама

Адзнака: 4,5 (з 10)

Сучасная дзяўчына-ваўкалак, якая ўцякла ў Румынію пасьля сьмерці бацькоў, закахалася ў вандроўнага мастака. Але ў зграі свае законы: гераіня мусіць выйсьці замуж за ваўкалака-правадыра.

Нізкабюджэтная мэлядрама, дзе перашкода для закаханых – клянавыя (ваўкалачныя!) забабоны. Адмысловыя эфэкты нішчымна-рамантычныя: пераўтварэньні людзей ў ваўкоў паказаныя залацістым сьвячэньнем. Цікавейшы антураж Бухарэсту са старымі вулачкамі й царквамі. Мэлядраматычная лінія лагодна-пяшчотная – аніякіх празьмерных эмоцый, што характэрна для “дзявочага кіно”.

У прадказальнай гісторыі нечакана гучыць спасылка да Германа Гесэ: “кроў і шакалад” – смак для вольных “стэпавых ваўкоў”.

Сэансы ў “Піянэры”, “Перамозе”, “Салюце” і “Аўтакінатэатры”.

Фаўст на матацыкле

posterПрывідны гоншчык (Ghost Rider)

ЗША, 2007, каляровы, 114 хв.

Рэжысэр: Марк Стывэн Джонсан

Ролі выконваюць: Нікалас Кейдж, Эва Мэндэс, Пітэр Фонда, Мэт Лонг, Ракель Алесі, Брэт Кален, Донал Лог, Дэніэл Фрэдэрыксэн

Жанр: Містычны комікс-баявік

Адзнака: 5,5 (з 10)

Каб выратаваць хворага бацьку юны матацыкліст заключае дамову з д’яблам (урачыста-імпэтны Пітэр Фонда). Хворы выздараўлівае, але адразу гіне на шоў. Праз колькі год д’ябал вернецца – і пераўтворыць героя ў прывіднага гоншчыка, які па начах пачне зьбіраць душы грэшнікаў. Але днём матацыкліст шчэ застаецца чалавекам – і дамова з Мэфістофелем будзе скасаваная…

Бадзёры комікс, дзе на байкерскай мове распавядаецца гісторыя Фаўста, які ганяе на чорным матацыкле й даўбасіць нячыстую сілу пякучымі ланцугамі. Брунатна-попельныя страшныя душы, кепскі сынок Мэфістофеля з пунсовымі вачыма, палёт на матацыкле над гелікоптэрамі – шыкоўныя адмысловыя эфэкты акурат пад комікс.

Але ўдарныя фэтышы фільму – агністы матацыкл, які езьдзіць па хмарачосах, і байкер – з вогненным чэрапам замест твару. Гэных вобразаў дастаткова, каб апраўдаць любыя коміксавыя недарэчнасьці.

А Нікаласу Кейджу цёмны прыкід і палымяны чэрап – вельмі пасуюць.

Сэансы ў “Доме кіно”, “Берасьці”, “Піянэры”, “Салюце”

Тайна кепскага хорару

posterМёртвыя дачкі (Мёртвые дочери)

Расея, 2006, каляровы, 127 хв.

Рэжысэр: Павал Румінаў

Ролі выконваюць: Кацярына Шчаглова, Арцём Сямакін, Міхаіл Дзяменцьеў, Мікіта Ямшанаў, Міхаіл Яфімаў, Раўшана Куркова, Іван Волкаў, Дар’я Чаруша

Жанр: Містычны фільм жахаў

Адзнака: 3 (з 10)

Да гераіні падсаджваецца ў машыну зьляканы мужчына. Ён распавядае пра трох мёртвых дачок. Аднойчы звар’яцелая маці ўтапіла сваіх дзетак – і цяпер яны прыходзяць да кожнага, хто пачуў гэту гісторыю. Калі чалавек на працягу трох дзён зробіць нешта благое, то мёртвыя дачкі яго заб’юць. Дзяўчына падзеліцца навіной зь сябрамі – і цяпер усім пагражае сьмерць, бо ў кожнага ёсьць дурныя ўчынкі…

“Мёртвыя дачкі” – кепскі, нудны й правальны фільм, сапраўднае катаваньне для гледача. Але цяжэй растлумачыць – чаму гэты фільм кепскі. “Аўтарскія” амбіцыі рэжысэра, глямурная кардонавасьць, модна-дрыготкая камэра, а ў кадры акторская пустата й сюжэтная няўцямнасьць.

Але найважнейшы чыньнік – парушэньне правілу “залатога сечыва”. (Цэлае падзяляецца на дзьве няроўныя часткі такім чынам, што большая частка суадносіцца да меншай, як цэлае – да гэтай большай часткі.) Менавіта ў прапорцыі (1,618…) зроблены Парфэнон, грэцкія статуі, сымфоніі Моцарта… і найлепшыя фільмы жахаў (“Зьзяньне”, “Кашмар на вуліцы Вязаў”, “Агіда”). Драматургічныя павароты, кульмінацыя – адбываюцца ў кропках залатога сечыва.

Але, акрамя “драматургічнага” залатога сечыва ў жахах ёсьць і “крывавае” залатое сечыва – самыя страшныя сцэнкі фільму таксама зьвязаныя паміж сабой прапорцыяй 1,618. У звычайных фільмах гэныя шкалы супадаюць, у майстэрскіх – разьнесеныя хвілінаў на 10. Але яны заўжды ёсьць – і стаўкі “драматургічнага накалу” і “біялягічных удараў страху” павялічваюцца ў адпаведнасьці з залатой прапорцыяй.

У “Мёртвых дачках” гэтыя шкалы адсутнічаюць. Дзе мусіў быць сюжэтны паварот – мантаж валасоў, вантробаў і няўцямных гукаў, дзе маецца быць страшны кадар – вялая, анічым не апраўданая нуда. Замест “павышэньня ставак” – практыкаваньні ў папарасьцягваньні карціны.

Але “Мёртвых дачок” вылячыць можна. Гэтым зоймуцца амэрыканцы, якія купілі ідэю фільму... калі верыць рэжысэру Паўлу Румінаву.

Сэансы ў “Цэнтральным” і “Дружбе”.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?